Не так даўно генетычнымі даследаваннямі атрымалася даказаць існаванне трох тыпаў самцоў у баталёнаў (Calidris pugnax) у залежнасці ад комплекса генаў (супергена). Раней гэтых самцоў адрознівалі толькі фенатыпічна і па розных паводзінах пад час такавання і спарвання з самкамі. Аднак як гэтыя адрозненні самцоў дакладна ўздзейнічаюць на самак, атрымалася паказаць толькі цяпер.
Самцы баталёнаў добра вядомыя сваёй разнастайнай афарбоўкай у шлюбным пяры, якая не паўтараецца. Аднак пры ўсёй іх разнастайнасці усіх самцоў можна аб’яднаць у тры групы. Яны адрозніваюцца не толькі знешне, але і паводзінамі. Большасць самцоў адносяцца да групы ‘незалежных’ (іndependents) і параўнальна цёмна афарбаваныя. Такія самцы самастойна і зацята бароняць невялікія тэрыторыі-арэны і гэтым прыцягваюць да сябе ўвагу самак. Троху меншыя памерамі ‘сатэліты’ (satellites) маюць светлую афарбоўку пер’я, звычайна такуюць ў групе і ў альянсах з незалежнымі самцамі. Самыя рэдкія дробныя памерамі самцы тыпу ‘федэр’ (Faeder), яны знешне падобныя да самак, таму хутка перамяшчаюцца паміж рознымі арэнамі іншых самцоў з першых двух груп і застаюцца незаўважанымі імі.
Цікава, што як самец выглядае і якую тактыку прыцягвання да сябе ўвагі самак выбярэ, фактычна вызначаецца яго генатыпам. Прыкладна 4 мільёны гадоў таму адбылася інверсія фрагмента адной з храмасом: ён аддзяліўся ад яе, а потым далучыўся ў супрацлеглым кірунку і такім чынам утварыўся т.зв. суперген. У гэтым фрагменце храмасомы аказалася каля 100 генаў і менавіта дзякуючы ім стала магчымым узнікненне самцоў-федэраў. Рэкамбінацыя інвертаванай і ранейшай ДНК дазволіла на ўзнікненне самцоў-сатэлітаў. Як гэта не дзіўна, гэты суперген не знаходзіцца на палавой храмасоме.
Міжнародная каманда пад кіраўніцтвам Clemens Küpper з Max Planck Institute for Biological Intelligence (Германія) і David Lank з Simon Fraser University (Канада), ва ўмовах авіярыя змагла параўнаць поспех размнажэння для самак з самцамі розных морфаў. Аказалася, што ў самак з самцамі-федэрамі быў значна меншы поспех размнажэння, яны адкладвалі менш яек і тыя былі меншага за звычайныя яйкі памеру. З такіх яек вылупляліся меншыя птушаняты, і таму іх выжывальнасць таксама была меншай.
Тым не менш, федэры не знікаюць і каб зразумець – чаму?, навукоўцы праверылі розныя магчымыя сцэнары. Аказалася, што каб гэты генатып захаваўся ў папуляцыі, яго носьбіты павінны мець параўнальна большы за самцоў іншых тыпаў поспех размнажэння.
"Суперген федэраў стварае праблемы з перадачай сваіх генаў патомкам у самак, але не для самцоў” – сказала Lina Giraldo-Deck, галоўная аўтарка публікацыі па выніках даследавання. "Мы думаем, што чым больш рэдкія самцы-федэры, тым лепш працуе іх стратэгія капуляцыі з самкамі”.
Тым не менш, федэры палагаюцца на незалежных самцах – генатыпы федэраў і самцоў-сатэлітаў не існавалі б без незалежных самцоў. Бо ў любым выпадку кожны самец мае ў генатыпе хаця б адну копію супергена незалежных самцоў. Акрамя гэтага, федэры карыстаюцца самкамі, якіх прыцягнулі пад час такавання незалежныя самцы.
"Сёння незалежныя самцы выглядаюць безабароннымі супраць тактыкі федэраў” – сказаў Clemens Küpper. "Вялікая канкурэнцыя паміж незалежнымі самцамі прыводзіць да ўзнікнення ўсё большых памерамі і больш агрэсіўных самцоў у баталёнаў. Аднак яны канцэнтруюцца на бойках пераважна з самцамі свайго тыпу, якія выглядаюць падобна. А гэта стварае своеасаблівую нішу для замаскаваных пад самак федэраў і яны выкарыстоўваюць яе вельмі эфектыўна”. Гэта паказвае, што няма такога, што найбольш прыстасаваны выйграе ў любых сытуацыях. "Разнастайнасць прэваліруе нават ва ўмовах моцнага адбору і прыводзіць да ўзнікнення новых формаў” – сказаў Küpper.
Крыніца: Lina M. Giraldo-Deck et al, Intralocus conflicts associated with a supergene, Nature Communications (2022). DOI: 10.1038/s41467-022-29033-w
Паводле падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Алы Эрдман
На гэтую тэму:
Даказана: ў баталёнаў морфа самца вызначаецца генетычна
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў
Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці
Баталёны ўсё часцей выбіраюць Беларусь
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ