Прапанавана тлумачэнне кантрастна афарбаваных унутраных паверхняў крылаў птушак

Міжнародная група даследчыкаў, якія працуюць у розных навуковых ўстановах Кітаю, ЗША і Германіі, апублікавала вынікі свайго шырокага параўнання афарбоўкі крылаў 1780 відаў птушак, якія прадстаўляюць 75% сучасных атрадаў. Аказалася, што ў каланіяльных відаў птушак унутраная паверхня крылаў афарбаваная ярка і кантрастна і гэта дапамагае ім пазбягаць сутыкненняў адна з другой.

Як птушкі, якія гняздуюць каланіяльна, пазбягаюць сутыненняў, дагэтуль глыбока не вывучалася. Даследчыкі тэарэтычна прапанавалі існаванне нейкага параўнальна простага і эфектыўнага механізма для гэтага. Справа ў тым, што любыя зламаныя пад час сутыкнення ў палёце косткі ці іншыя сур’ёзныя пашкоджанні нясуць птушкам небяспеку з-за немагчымасці ўвогуле ці эфектыўна харчавацца, пазбягаць драпежнікаў, гнездаваць і гадаваць патомства. І пад час вывучэння знешняй будовы каланіяльных відаў навукоўцы звярнулі ўвагу на тое, што іх крылы звычайна кантратна афарбаваныя, асабліва ж іх унутраныя часткі.

Каб праверыць сваю гіпотэзу, даследчыкі параўналі афарбоўку ўнутраных паверхняў крылаў амаль 2 тысяч відаў птушак з усяго свету. Пасля адбору тых з іх, якія жывуць у калоніях, аказалася, што унутраны бок іх махавых і крыючых пёраў крыла ярка і кантрастна афарбаваны. Акрамя гэтага аказалася, што і ў вялікіх памерамі відаў, якія нават могуць быць некаланіяльнымі, таксама знойдзена падобная тэндэнцыя. Навукоўцы сцвярджаюць, што падобная афарбоўка дапамагае птушкам лепш бачыць месцазнаходжанне іншых, больш дакладна ацэньваць магчымасць сутыкнення і пазбягаць яго. Зразумела, што гэта выключна важна асабліва для каланіяльных відаў, якія часта апынаюцца вельмі блізка адна да адной у розных сытуацыях у тым ліку і ў паветры. Што тычыцца вялікіх памерамі птушак, якія не вядуць каланіяльны лад жыцця, з-за іх памераў і асаблівасцяў палёту (часта гэта птушкі, якія стараюцца карыстацца лунаючым палётам), ім патрэбна параўнальна шмат часу, каб скарэктаваць яго і пазбегнуць сутыкнення з суседнім прадстаўніком свайго віду - напрыклад, пад час перамяшчэння ў тым самым узыходзячым паветраным слупе (тэрміку).


Крыніца: Kaidan Zheng et al, Contrasting coloured ventral wings are a visual collision avoidance signal in birds, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2022). DOI: 10.1098/rspb.2022.0678

 

Прыклады кантрастна афарбаваных і некантрастных унутраных паверхняў крылаў розных відаў птушак з калекцыі Slater Museum, University of Puget (https://digitalcollections.pugetsound.edu/digital/collection/slaterwing). Лічбы каля кожнай выявы крыла азначаюць ступень кантрастнасці, якую вылічылі для іх даследчыкі.

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Новае даследаванне дапамагае зразумець, як птушкі маглі пачаць лятаць

Махавыя пёры дапамагаюць эканоміць энергію і птушкам з актыўным палётам

Кантрастна афарбаваныя махавыя дапамагаюць птушкам у палёце

Канструктары дронаў растлумачылі афарбоўку крыла альбатросаў?

Кондары не любяць махаць крыламі

Як птушкі вырашаюць: дзе ім хавацца?