Хаця раней ужо атрымалася паказаць, што кантраст паміж цёмным і светлым апярэннем (хутчэй за ўсё) дапамагае змяншаць энергетычныя патрэбы на доўгія пералёты такіх акіянічных вандроўнікаў, як альбатросы, толькі зараз каманда даследчыкаў з Бельгіі даказала эфектыўнасць падобнага кантраста і для іншых птушак.
Размяшчэнне чорных ці цёмных махавых далей ад цела, а светла афарбаваных ці белых махавых другой ступені і крыючых іх пёраў бліжэй да яго дазваляе птушкам атрымліваць пад’ёмную сілу паветра. Доказы гэтага знайшлі навукоўцы з універсітэту Гента (University of Ghent), якія правяралі крылы розных відаў птушак эксперыментальна.
Для гэтага пудзілы птушак з раскрытымі крыламі змяшчаліся ў аэрадынамічную трубу, дзе награваліся інфрачырвонымі промнямі. Найбольш даследчыкаў цікавілі менавіта віды з кантрастна афарбаванымі махавымі: чайкі, олушы і скапа. Пасля нагрэву крылаў, які павінен быў імітаваць дзеянне сонца, пудзілы правяраліся ў розных умовах штучнага ветру на пад’ёмную сілу паветра. Атрымалася, што віды з кантрастна афарбаванымі махавымі, якія замест актыўнага палёту любяць выкарыстоўвываць лунанне, сапраўды як мінімум некаторы час маглі лунаць без затрат энергіі з-за розніцы ў тэмпературы крайніх махавых і іншай часткі крыла.
Зразумела, што цёмна афарбаваныя пёры награваліся хутчэй і больш, чым светла афарбаваныя. Такім чынам, розніца ў тэмпературы розна афарбаваных частак крыла дасягала 90 С і гэта стварала паток паветра, які пастаянна праходзіў ад цела да махавых першай ступені пад крылом, што, магчыма, і само па сабе, без узыходзячых цёплых патокаў паветра – т.зв. тэрмікаў, дазваляла птушцы параўнальна доўга лунаць.
Аднак атрыманыя на пудзілах у аэрадынамічнай трубе дадзеныя павінны быць яшчэ спраўджаныя ў прыродных умовах на жывых птушках каб пацвердзіць найбольшую эфектыўнасць для лунання менавіта кантрастнай афарбоўкі махавых.
Крыніца:
Svana Rogalla et al. (2019) Hot wings: thermal impacts of wing coloration on surface temperature during bird flight, Journal of The Royal Society Interface. DOI: 10.1098/rsif.2019.0032
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак скапы Уладзіміра Бондара.
На гэтую тэму:
Канструктары дронаў растлумачылі афарбоўку крыла альбатросаў?
Махавыя пёры дапамагаюць эканоміць энергію і птушкам з актыўным палётам
Як калібры без цяжкасцяў лятаюць назад
Паўлінам іх доўгія пёры не перашкаджаюць
Грыфы і кондары могуць змяняць стыль лунання ў кепскае надвор’е
АБРЫСЫ КРЫЛА ПТУШАК МОГУЦЬ МЯНЯЦЦА
Дыназаўры мусілі моцна зменшыцца, каб стаць птушкамі
Крылы дыназаўраў узніклі для шлюбных паказаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ