Вельмі нечаканыя вынікі атрымала міжнародная каманда даследчыкаў – яны ўпершыню змаглі памераць т.зв. эфект паверхні для лятаючых жывёл. Аказалася, што ён эканоміць нашмат больш энергіі, чым меркавалі да гэтага. І таму дапамагае паглядзець на тэорыі, як птушкі маглі пачаць выкарыстоўваць крылы для палёту, ў “новым святле”.
"Атрыманыя намі лічбы дазваляюць казаць, што “эфект паверхні” (ground effect) дапамагае жывёлам эканоміць у два разы больш энергіі пад час палёту, чым атрымлівалася паводле матэматычных мадэляў” – сказаў Крыстафер Ёхансан (Christoffer Johansson), біёлаг з універсітэту Лунда (Lund University).
“Эфект паверхні” – гэта эфект аэрадынамічнага “люстэрка”, калі любая (амаль) роўная і дастаткова цвёрдая паверхня (напрыклад, глеба або вада), павялічваюць ціск паветра пад крылом, і дзякуючы гэтаму, энергетычны кошт палёта значна змяншаецца. Як і трэба было чакаць, ён знікае чым далей ад паверхні адбываецца палёт.
Пад час праверкі палёта кажаноў у аэрадынамічнай трубе і атрымалася дакладна памераць эфект паверхні. Акрамя гэтага, навукоўцы паказалі, што жывёлы ў палёце над роўнай паверхняй эканомяць нашмат больш энергіі, калі ляцяць дзякуючы ўзмахам крылаў, а не лунаючым палётам.
Хаця доследы праводзіліся на кажанах, высновы могуць быць выкарыстаныя таксама і для насякомых, і для птушак. Існуюць дзве асноўныя тэорыі наконт узнікнення палёту птушак. Першая кажа пра тое, што палёт узнік як неабходнасць для перамяшчэння паміж дрэвамі. Другая зыходзіць з таго, што палёт узнік на зямлі (ground up theory). Пад час бегу і падскокаў, прота-крылы дапамагалі бегчы хутчэй і падскокваць вышэй, і такім чынам развіўся палёт. Падобная тэорыя існуе пра ўзнікненне палёту ў насякомых – адпаведна з ёй, прота-крылы дапамагалі насякомым рухацца спачатку над іншай паверхняй - над вадой.
"Гэта пакуль наша спекуляцыя, але калі тыя жывёлы, якія машуць крыламі, эканомяць больш энергіі, чым меркавалася раней, калі ляцяць невысока над зямлёй, то ground up theory становіцца нашмат больш рэалістычнай” – сказаў Ёхансан.
Крыніца:
L. Christoffer Johansson et al, Flight in Ground Effect Dramatically Reduces Aerodynamic Costs in Bats, Current Biology (2018). DOI: 10.1016/j.cub.2018.09.011
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак шчуркі-пчалаедкі ў палёце Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Крылы дыназаўраў узніклі для шлюбных паказаў
Апісана самая вялікая птушка, якая калі-небудзь лятала
Апісана самая старажытная вадаплаўная птушка, якая лятала
Апісаны новы від і сямейства выкапневых мезазойных птушак
Махавыя пёры дапамагаюць эканоміць энергію і птушкам з актыўным палётам
Грыфы і кондары могуць змяняць стыль лунання ў кепскае надвор’е
АБРЫСЫ КРЫЛА ПТУШАК МОГУЦЬ МЯНЯЦЦА
Канструктары дронаў растлумачылі афарбоўку крыла альбатросаў?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ