Ад часу, калі вымерлі дыназаўры, прайшло каля 66 мільёнаў гадоў, а самыя старыя парэшткі, якія адносяць да старажытных птушак, маюць нават 160-150 мільёнаў гадоў. Таму зразумела, што самы працяглы час сваёй эвалюцыі птушкі былі вымушаныя “дзяліць” Зямлю з дыназаўрамі. Калі улічваць сённяшнюю разнастайнасць птушак, а таксама тую, якой яна была за мінулыя 60 мільёнаў гадоў, цяжка сабе нават уявіць якія птушкі маглі жыць яшчэ раней - побач з дыназаўрамі. Новаапісаны цяпер від старажытных птушак, які атрымаў навуковую назву Jinguofortis perplexus, дапамагае зразумець якімі тыя птушкі былі.
Гэты мезазойны від насяляў тэрыторыю Кітая прыкладна 127 мільёнаў гадоў таму. Птушка ўжо мела многія “сучасныя” рысы: была апераная і замест падзеленага на асобныя пазванкі хваста тагачасных і сучасных яшчарак, мела пігасціль – вялікая частка хваставых пазванкоў зраслася ў асобную костку – як і ў сучасных птушак. Аднак як мінімум некаторыя рысы заставаліся “старажытнымі”, напрыклад на ніжняй сківіцы знойдзеныя 6 зубоў, а лапатка і каракоід зрасталіся ў адзіную костку scapulocoracoid. Гэтая апошняя ёсць вельмі цікавай рысай, таму што вельмі рэдка сустракаецца нават у прымітыўных мезазойных птушак. Аднак вельмі праўдападобна, што яна сустракалася ў продкаў птушак – надрэўных архазаўраў і дыназаўраў.
Яўным прыстасаваннем да палёту ў Jinguofortis perplexus аўтары публікацыі лічаць рэдукцыю пальцаў, да фаланг якіх не прымацаваныя пёры – такі палец толькі з двух фаланг застаўся адзін.
На аснове вылічанай прыкладнай масы цела (каля 250 г) і велічыні размаху крылаў (каля 70 см), палеантолагі паспрабавалі вызначыць здольнасць старажытнай птушкі да палёту. Шырокія крылы хутчэй за ўсё дазвалялі параўнальна хуткі і манеўраны палёт у тагачасным лясным асяроддзі. Аданк знойдзеныя гастраліты сведчаць хутчэй пра раслінаедны ці змяшаны тып харчавання птушкі.
Унікальная камбінацыя архаічных і сучасных рысаў шкілету новаапісанага віду дазволіла навукоўцам прапанаваць стварыць новае сямейства Jinguofortidae, а таксама ўключыць у яго склад іншы від - Chongmingia zhengi, апісаны ў 2016 годзе. Гэты апошні мае шмат агульнага з новапісаным відам. Зразумела, што гэтае адкрыццё значна павялічвае нашы веды пра разнастайнасць і эвалюцыю ранніх птушак.
Крыніца:
Min Wang, Thomas A. Stidham, and Zhonghe Zhou (2018) A new clade of basal Early Cretaceous pygostylian birds and developmental plasticity of the avian shoulder girdle PNAS published ahead of print September 24, 2018 https://doi.org/10.1073/pnas.1812176115
Паводле Piotr Gryz падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Рэканструкцыя знешняга выгляду сучасным мастаком з www.novataxa.blogspot.com
На гэтую тэму:
Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу
Старажытныя птушкі выжылі толькі дзякуючы насенню раслін?
Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак
Знойдзена першая птушка, якая апыляла кветкі
Апісана самая вялікая птушка, якая калі-небудзь лятала
Апісана самая старажытная вадаплаўная птушка, якая лятала
Чаму ў сучасных птушак няма зубоў – новая гіпотэза
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ