У Інданезіі знойдзены тры новыя віды нектарніц

Адным з вынікаў супольнай навуковай працы каманды з Trinity College Dublin (Ірландыя) і Universitas Halu Oleo (Сулавесі, Інданезія) стала знаходка новых відаў птушак, артыкул пра якую з’явіўся ў часопісе Zoological Journal of the Linnean Society. Цікава, што менавіта ў гэтым выданні ўпершыню і адначасова ў 1858 г. былі апублікаваныя асноўныя палажэнні эвалюцыйнай тэорыі Чарльза Дарвіна і Альфрэда Расэла Уолэйса.

Нектарніцы Nectariniidae – своеасаблівае сямейства птушак, якія жывуць у тропіках ад Афрыкі на захадзе да Аўстраліі на ўсходзе, знешне падобныя да амерыканскіх калібры і займаюць падобную да апошніх экалагічную нішу. Многія самцы нектарніц маюць яркае апярэнне з металічным адлівам, якое яскрава свеціцца на сонцы, адкуль паходзіць ангельская назва – sunbirds.

За сотні гадоў знаёмства з гэтымі птушкамі навукоўцы апісалі мноства відаў нектарніц, з якіх трошкі больш за 140 прызнаюцца відамі ў наш час. Аднак дзякуючы выкарыстанню сучасных метадаў, уключна з аналізам геномаў, параўнаннем запісаў голасу і статыстычным метадам параўнання разнастайных прамераў, заолагі змаглі паказаць, што сямейства нектарніц яшчэ больш разнастайнае, чым думалі дагэтуль.

птушка

Самец чорнай нектарніцы

Такім чынам, даследчыкі з Ірландыі і Інданезіі працягнулі крочыць у тым жа кірунку, што і Альфрэд Расэл Уолэйс, таму што ён заснаваў сваю эвалюцыйную тэорыю дзякуючы назіранням і вывучэнню жывёльнага свету на розных астравах, дзе знаходзіца сучасная Інданезія.

Адзін з новаапісаных відаў – нектарніца з Уакатобі - Wakatobi sunbird (Cinnyris infrenatus), з’яўляецца эндэмікам невялікага архіпелагу Wakatobi ў цэнтральнай частцы Інданезіі. Іншыя новыя для навукі віды былі знойдзены ‘унутры’ ужо вядомых і шырокараспаўсюджаных аліўкаваспінай нектарніцы (C. jugularis) і чорнай нектарніцы (Leptocoma aspasia). Аказалася, што гэтыя віды насамрэч складаюцца з ужо апісаных і яшчэ невыяўленых асобных відаў.

Гэтыя адкрыцці маюць важныя высновы для нашага разумення эвалюцыі ў гэтым багатым на біяразнастайнасць рэгіёне.

Fionn Ó Marcaigh, першы сааўтар публікацыі па выніках даследавання і аспірант Trinity's School of Natural Sciences (Дублін, Ірландыя), сказаў: "Адна з галоўных і арыгінальных высноў Уолеса атрымала назву ‘правіла ‘Лініі Уолэйса’ ('Wallace's Line') — мяжа паміж глыбокімі і плыткімі морамі, якую многія віды жывёл не могуць перасячы каб распаўсюдзіцца далей і якая ўтварае прыродную мяжу паміж відамі з яе абедзвух бакоў. Шырокараспаўсюджаная аліўкаваспіная нектарніца лічылася адным з выключэнняў з гэтага правіла, таму што сустракаецца ад Кітая да Аўстраліі, а ‘лінія Уолэйса’ праходзіць як раз пасярэдзіне яе арэалу”.

птушка

Самец аліўкаваспінай нектарніцы

"Аднак наша даследаванне паказала, што папуляцыі (гэтай нектарніцы) па розныя бакі ‘лініі Уолэйса’ належаць да двух розных відаў – дакладна з правілам, якое ён першым сфармуляваў. Чорная нектарніца і раней была пацверджаннем правіла ‘лініі Уолэйса’, аднак мы знайшлі, што птушкі з Сулавесі і навакольных астравоў гэта асобны і іншы від, чым нектарніцы з Новай Гвінеі.”

Акрамя значных генетычных адрозненняў, знойдзеных паміж ДНК мітахондрый (mitochondrial ND2/ND3) і якія для чорных нектарніц с Сулавесі і Новай Гвінеі дасягаюць 9,1%, былі знойдзены таксама адрозненні ў афарбоўцы апярэння і даўжыні крылаў, ды іншыя марфалагічныя і асаблівасці вакалізацыі паміж ужо вядомымі і новаапісанымі відамі.

Крыніца: Fionn Ó Marcaigh et al, Small islands and large biogeographic barriers have driven contrasting speciation patterns in Indo-Pacific sunbirds (Aves: Nectariniidae), Zoological Journal of the Linnean Society (2022). DOI: 10.1093/zoolinnean/zlac081

Паводле www.phys.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскi

На верхнім здымку самец нектарніцы з Уокатобі (Cinnyris infrenatus)


 

На гэтую тэму:

Апісаны 5 новых відаў і 5 падвідаў птушак з трох астравоў Інданезіі

Новы від бюльбюляў апісаны з Барнэа

Новы від птушак апісаны ў Новай Гвінеі

Два новыя віды птушак апісаны ў Інданезіі

Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!

Другі новы для навукі від птушак апісаны за год на невялікім востраве