Звесткі пра першыя атрыманыя доказы наконт існавання яшчэ неапісаннага віду соўкі, эндэмічнай для вострава Прынсіпе, былі апублікаваныя ў 2009 годзе. Тады пад час даследавання арнітафауны вострава арнітолагі запісалі голас праўдападобна савы з роду Otus, які гучаў непадобна да галасоў вядомых прадстаўнікоў роду. Толькі праз 7 гадоў, у 2016-м, нідэрландзкі навуковец Philippe Verbelen змог не толькі ўбачыць двух совак, але і сфатаграфаваць!
Аднак сур’ёзныя падазрэнні наконт існавання на востраве эндэмічнага віду соў з’явіліся ў навукоўцаў яшчэ ў 1998 годзе, а калі прыняць пад увагу знойдзеныя апублікаваныя сведчанні мясцовых жыхароў, то і амаль стагоддзе таму – яшчэ ў 1928 годзе.
Востраў Príncipe – меншы і адзін з двух галоўных астравоў архіпелага і аднайменнай дзяржавы Сан Томе і Прынсіпе (São Tomé and Príncipe), якая знаходзіцца ў Гвінейскім заліве Атлантычнага акіяну ля заходняга ўзбярэжжа Афрыкі, мае вулканічнае паходжанне і плошчу ў 139 кв км.
Каб атрымаць рэшту доказаў і фармальна апісаць від, у наступныя пасля сфатаграфавання гады некалькі асобін совак былі закалекцыянаваныя і дзякуючы параўнанню морфаметрычных паказчыкаў і генатыпаў з іншымі афрыканскімі соўкамі, быў апісаны як новы для навукі від Otus bikegila sp. nov.
Філагенетычны аналіз паказаў, што гэты від з’явіўся дзякуючы першай каланізацыі астравоў Гвінейскага заліву праз агульнага продка і з’яўляецца ‘сястрынскім’ для сенегальскай соўкі з кантынента O. senegalensis, а таксама эндэмікаў з вострава Sao Tome O. hartlaubi і Pemba O. pembaensis. Найлепшай дыягнастычнай рысай новаапісанага віду ‘у полі’ з’яўляецца голас, які, на дзіва, найбольш нагадвае голас далёкакрэўнай соўкі O. іreneae з узбярэжжаў Кеніі і Танзаніі.
Соўка засяляе стараўзроставы нізінны лес на востраве Príncipe, які захаваўся тлькі на поўдні вострава і цалкам уваходзіць у Príncipe Obô Natural Park. Цікава, што новаапісаны від соўкі павялічвае колькасць відаў птушак- мясцовых эндэмікаў да 8 і падкрэслівае незвычайна высокі ўзровень эндэмізма для вострава такога невялікага памеру.
Крыніца: Martim Melo et al. 2022 A new species of scops-owl (Aves, Strigiformes, Strigidae, Otus) from Príncipe Island (Gulf of Guinea, Africa) and novel insights into the systematic affinities within Otus, ZooKeys, DOI: 10.3897/zookeys.1126.87635
Паводле https://zookeys.pensoft.net (тэкст і здымак пары) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Яшчэ неапісаны від соваў нарэшце сфатаграфаваны ля ўзбярэжжаў Афрыкі
Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей
У Еўропе ёсць яшчэ адзін від соваў?
Два новыя віды соваў апісаны ў Бразіліі
Новы від соваў з Інданезіi атрымаў афіцыйную назву
Апісаны новы від птушак – аманская сава
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ