На аснове ўлікаў, праведзеных аўтарамі, а таксама асабістых паведамленняў розных даследчыкаў і літаратурных дадзеных, упершыню пасля 2009 году атрымалася ацаніць асаблівасці размяшчэння і колькасці гняздуючых вялікіх белагаловых чаек чатырох відаў з роду Larus у Беларусі: чайкі-рагатухі (L. cachinnans), чайкі-клыгуна (L. argentatus), чайкі-чарнакрылкі (L. fuscus) і жаўтаногай чайкі (L. michahellis).
З 2009 году агульная колькасць гняздуючых чаек з гэтай групы павялічылася прыкладна ў 3,5 разы і ў 2018-22 гг ацэньваецца ў 8 - 9,5 тысяч пар. Прычым 70–80% з гэтых птушак гнездавалі ў 8 вялікіх калоніях, кожная з якіх налічвала больш за 100 пар. Найвялікшая гнездавая калонія знаходзіцца ў пасёлку Гатава пад Мінскам і яна павялічылася да 5 тысяч пар.
Каля 75% вялікіх белагаловых чаек Беларусі гнездавалі на дахах розных будынкаў на тэрыторыі 9 гарадоў і пасёлкаў, і толькі пазасталыя 25% у розных прыродных біятопах. Паводле зробленых ацэнак, за перыяд даследаванняў мінімальная колькасць чайкі-рагатухі ў краіне складае 4.800 пар, чайкі-клыгуна 800 пар, некалькі чаек-чарнакрылак і жаўтаногіх чаек гняздуе у калоніі ў Гатава галоўным чынам ў парах з іншымі відамі. Рэшта чаек хутчэй за ўсё гэта гібрыды і іх патомкі, якіх немагчыма адназначна вызначыць ці аднесці да пэўнага віда.
Размяшчэнне і велічыня гнездавых калоній вялікіх белагаловых відаў чаек з роду Larus у Беларусі ў 2018-22 гг (Samusenko, Pyshko 2023)
Два найбольш шматлікія віды вялікіх белагаловых відаў чаек пачалі каланізаваць Беларусь ў 1980-я гады: чайка-клыгун напэўна з поўначы, чайка-рагатуха хутчэй за ўсё з поўдня. Падобныя працэсы адзначаны і ў іншых краінах Еўропы, таксама і ў суседніх з Беларуссю. На сённяшні дзень чайка-рагатуха дамінуе сярод вышэй пералічаных відаў амаль ва ўсіх вядомых месцах гнездавання, акрамя некалькіх калоній на верхавых балотах на поўначы краіны, дзе чайка-клыгун усё яшчэ найбольш шматлікі від.
Павелічэнне колькасці чайкі-клыгуна было найбольш інтэнсіўным да пачатку 2000-х гадоў, а ў апошнія дзесяцігоддзі гэты працэс значна запаволіўся, тады як узрост колькасці чайкі-рагатухі значна паскорыўся менавіта з пачатку гэтага стагоддзя. Да гэтых зменаў вельмі прычыніўся параўнальна нядаўні фенамен гнездавання чаек-рагатух на дахах. А такая вялікая колькасць птушак на гнездаванні ў Мінску і яго наваколлі напэўна звязана з лёгкай даступнасцю ежы на самых вялікіх звалках смецця вакол сталіцы і магчымасцю бяспечнага гнездавання на дахах прадпрыемстваў і жылых дамоў.
Цікава, што доля чаек, якія для гнездавання выбіралі менавіта дахі, вельмі рэзка змянялася. Калі ў 2002 годзе іх было толькі некалькі пар (<1% ад агульнай тады колькасці), то ў 2009 годзе ўжо каля 1000 пар (адпаведна 35–45% ад агульнай колькасці тады). Прычым каланізацыя дахаў будынкаў адбывалася не толькі ў Мінску і яго наваколлі, але таксама ў іншых гарадках і гарадах Беларусі, дзе вялікія белагаловыя чайкі з’явіліся. Адзначаны і адваротны працэс. Так, калі з канца 1990-х да сярэдзіны 2010-х гадоў чайкі вышэйпералічаных відаў гнездавалі ў сталіцы і навокал яе выключна на дахах, то за апошнія 5-7 гадоў утварыліся 2 калоніі на астравах на вадаёмах унутры межаў Мінска і адна калонія на Смалявіцкім вадасховішчы ў 25-30 км ад сталіцы.
Падобнае другаснае ‘вяртанне’ на гнездаванне ў прыродныя біятопы – астравы на вадаёмах – адбылося толькі калі была дасягнута вельмі высокая шчыльнасць размяшчэння гнёздаў у калоніях на дахах і з’яўляецца вельмі цікавым прыкладам выбара птушкамі месцаў гнездавання ў розных умовах ці пасля іх змены.
Усе прыморскія еўрапейскія краіны паміж Нарвегіяй і Партугаліяй (уключна з імі) маюць гнездавыя калоніі вялікіх белагаловых чаек рознага памеру (Rock 2005). Аднак вельмі вялікія (> 3 000 пар) калоніі ў гарадах існуюць параўнальна рэдка і звычайна размяшчаюцца не далей, чым некалькі дзесяткаў км ад марскога ўзбярэжжа. Яны вядомыя, напрыклад, у некалькіх гарадах Вялікабрытаніі і Ірландыі (Rock & Vaughan 2013), а таксама адна калонія падобнага памеру ёсць у горадзе Moerdijk у Нідэрландах (Muusse et al. 2011). Таму гнездавая калонія чаек на дахах прадпрыемстваў у Гатава пад Мінскам у пр. 5000 пар, якая знаходзіцца далёка ад мора, зусім нетыповая для іншых еўрапейскіх краін.
Крыніца: I Samusenko, A Pyshko 2023 Distribution, number and species composition of large gulls Larus sp. breeding in Belarus in 2018–2022, Ornis Polonica 2023, 64 1-16
Паводле Ornis Polonica падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Да 40-годззя гнездавання чайкі-рагатухі ў Польшчы: ад з’яўлення да найбольш паспяховай экспансіі
Марская чайка значна змяншыла сваю колькасць амаль па ўсяму арэалу
Чайкі-чорнакрылкі ў Фінляндыі: ці стратэгія харчавання ўздзейнічае на колькасць птушак?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ