На сайце Komisji Faunistycznej апублікаваны чарговы гадавы агляд паведамленняў пра назіранні рэдкіх відаў птушак у Польшчы за мінулы, 2022 год. Усяго было пазітыўна разгледжана 256 назіранняў рэдкіх відаў, якія адносіліся да 76 відаў і падвідаў.
У Спіс дадаліся 6 новых відаў: арол-шуляк (Aquila fasciata) (зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы ў 2021 і 2022 гадах дзякуючы дадзеным спадарожнікавага сачэння птушак з Францыі), двухплямісты жаўрук (Melanocorypha bimaculata), іберыйская леска (Curruca iberiae), сібірская пліска (Motacilla tschutschensis), пустынны гіль (Bucanetes githagineus) i жоўцевая стрынатка (Emberiza bruniceps). Таксама адзначаны два новыя для краіны падвіды: ‘сібірская’ леска-завірушка (Curruca curruca blythi (была адлоўлена ў 2018 годзе) і ‘ісландзкі’ дрозд-белабровік (Turdus iliacus coburni).
іберыйская леска Curruca iberiae, Bukowo, Заходне-Паморскае ваяводзтва, 07-05-2022, Katarzyna Lesner з www.clanga.com
Такім чынам, на пачатак 2023 году ў польскім Спісе птушак стала 473 віды. Нагадаем, что ў 2010 годзе ў Спісе было 250 відаў птушак, а па дадзеных на 2021 год у Спіс дадаліся 5 новых відаў і іх стала 467.
Залёт міжземнаморскага сокала (Falco biarmicus) у 2015 годзе прызнаны натуральным і гэтая рэгістрацыя перанесена ў катэгорыю А. Рашэнне прынятае з-за таго, што ў птушкі не было сакальнічага кальца і пуцінак на нагах, на карысць гэтага сведчылі таксама стан апярэння і дата залёту ў Польшчу, якая адпавядае часу дысперсіі іншых відаў сакалоў, якія гняздуюць на поўдні Еўропы. На аснаванні новай інфармацыі, атрыманай ад чэскіх арнітолагаў, якія займаюцца маніторынгам папуляцыі сокала-балабана (F. сherrug) у мяжы з Польшчай, вырашана, што магчымы выпадак гнездавання віда ў 1998 годзе быў вельмі малаімаверным.
У выніку перагляду рэгістрацый чужародных відаў, са Спісу авіфауны Польшчы выключаныя 2 віды: амерыканская саўка (Oxyura jamaicensis) (перанесеная ў катэгорыю D) і папугай Крамера (Psittacula krameri) (перанесены ў катэгорыю Е).
-------------------------------------
Катэгорыі, да якіх адносяцца ўсе віды дзікіх птушак і якія выкарыстоўваюць камітэты па рэдкасцях Еўропы і Свету:
А - від, які быў зарэгістраваны ў яўна дзікім стане прынамсі аднойчы з 01.01.1950 г.
В - від, які быў зарэгістраваны ў яўна дзікім стане, прынамсі аднойчы толькі паміж 1800 і 1949 г.
С – інтрадукаваны або збеглы з няволі від, які стварыў незалежную гнездавую папуляцыю ў краіне; а таксама птушкі, якія з’явіліся з іншай краіны, дзе аднесены да катэгорыі С і яшчэ не гняздуюць у нашай краіне.
D – від, паходжанне якога ў краіне невядома і не можа з упэўненасцю быць аднесены да іншай катэгорыі.
E – від, збеглы з няволі.
Паводле www.komisjafaunistyczna.pl і Ornis Polonica падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На здымку – жоўцевая стрынатка Emberiza bruniceps, Hel, Паморскае ваяводзтва, 06-10-2022, Marcin Sołowiej з www.clanga.com
На гэтую тэму:
КОЛЬКАСЦЬ І ЯЕ ТРЭНДЫ ДЛЯ САМЫХ РЭДКІХ НА ГНЕЗДАВАННІ ВІДАЎ ПТУШАК ПОЛЬШЧЫ
Спіс арнітафауны Польшчы афіцыйна павялічыўся на 5 відаў
Першы для Польшчы свірстун Гадлеўскага адзначаны на выходных
Смогут ли попугаи освоить природу Беларуси?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ