Дакладнае апісанне відавой і генетычнай разнастайнасці – крытычна неабходнае для эфектыўнай аховы біяразнастайнасці. Аднак дагэтуль гэта яшчэ далёкі ад завяршэння працэс нават у такіх добра вывучаных групах жывёл, як птушкі.
У Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы (ад Мексікі па паўночную частку Аргентыны) распаўсюджаны прадстаўнікі вераб’іных з сямейства Тытыравыя (Tityridae). Паміж навукоўцамі дагэтуль няма згоды пра колькасць відаў ў сямействе і розныя крыніцы кажуць пра лічбы ад 33 да 46.
Выразна адрознівае Тытыравых ад іншых неатрапічных сямействаў вераб’іных птушак, што ў яго аб’ядноўваюць вельмі розных марфалагічна птушак, бо адны віды падобныя да валасяніц, другіе да тыраннаў ці кацінгаў. Аднак згодна з апошнімі генетычнымі даследаваннямі, гэта параўнальна блізкія сабе групы, якія часам падзяляюць на 2 падсямействы.
Адным з найбольш шматлікіх радоў Тытыравых з’яўляюцца шыфорнісы Schiffornis – невялікія, малавыразныя птушкі, афарбаваныя ў карычнева-шэра-зеленаватыя колеры, якія жывуць ў падлеску вільготных трапічных лясоў і свістападобна спяваюць. Дагэтуль ў родзе вылучалі 7 відаў і яшчэ 2 прапаноўвалі некаторыя аўтары.
Аднак каманда бразільскіх арнітолагаў пасля шматгадовага дэталёвага вывучэння геаграфічных адрозненняў ў песнях, марфалогіі, мітахандрыяльнай ДНК і маркераў у ядзерным геноме прапанавала вылучыць ажно 13 відаў шыфорнісаў. Такім чынам, даследчыкі пацвердзілі ранейшую прапанову, датычную двух новых відаў і вылучылі яшчэ 4 віды – агулам 6.
Акрамя падрабязнага дыягнастычнага апісання ўсіх прапанаваных імі відаў, навукоўцы апісалі геаграфічнае размяшчэнне і таксанамічную гісторыю кожнага таксона. Да відавога ўзроўня прапанаваны 4 падвіды і аднаўленне 1 раней скасаванага віду - Schiffornis intercedens. Аднак быў апісаны і зусім новы від, раней невядомы ў якасці асобнага таксона, які распаўсюджаны ў паўднёва-заходней частцы Амазоніі – S. сracrafti.
На жаль, існуе праблема з марфалагічным адрозненнем новапрапанаваных відаў – яны надзейна адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі генетычна і па голасу.
Крыніца: Lima, R.D.; Bocalini, F. i Silveira, L.F. 2023. Integrative revision of species limits in the genus Schiffornis (Aves: Tityridae) reveals cryptic diversity in the Neotropics. Zoological Journal of the Linnean Society: zlad108. https://academic.oup.com/.../zoolinnean/zlad108/7285246...
Паводле Ornitofrenia падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Прадстаўнік Schiffornis turdina complex з https://en.wikipedia.org
На гэтую тэму:
ХАНУМАНАЎ ЗУЁК СА ШРЫ ЛАНКІ І ІНДЫІ АДНАВІЎ ВІДАВЫ СТАТУС ПРАЗ 86 ГАДОЎ
Прапанаваны два новыя віды сіняхвостак
Прапанаваны два новыя віды малінавак, эндэмічных для Еўропы
У валасяніц прапанавана вылучыць два новыя віды
Спатрэбіўся 21 год, каб канчаткова апісаць новы від птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ