Дзе канкрэтна ім зімаваць малыя лебедзі выбіраюць на аснове надвор’я пад час міграцыі

малы лебедзь

На аснове шматгадовых назіранняў за перамяшчэннямі малых лебедзяў (Cygnus columbianus) з месцаў гнездавання на месцы зімоўкі з дапамогай перадатчыкаў GPS-GSM, каманда нідэрландзкіх даследчыкаў паказала, што ў цёплую восень птушкі ляцяць не так далёка, як у халодную. І з пацяпленнем клімата адбываецца паступовае зсоўванне месцаў зімоўкі на паўночны ўсход.  

Малыя лебедзі гняздуюць на паўднёвых узбярэжжах Барэнцавага мора ў еўрапейскай частцы Расіі і ўсё радзей адзначаюцца на зімоўцы ў Нідэрландах. "За апошнія дзесяцігоддзі месцы іх зімоўкі перамясціліся на сотні кіламетраў на паўночны ўсход” – сказаў Hans Linssen, адзін з сааўтараў артыкула па выніках даследавання і аспірант Institute for Biodiversity and Ecosystem Dynamics (IBED) ва ўніверсітэце Амстэрдама (UvA) (Нідэрланды). "Асноўным месцам зімоўкі раней была паўднёвая Англія, зараз жа гэта паўночная Германія. Птушкі цяпер проста заканчваюць сваю міграцыю значна раней увосень”.

Дагэтуль мала што было вядома пра механізмы і прычыны падобнага зсоўвання зімовак віда. Напрыклад, тэарэтычна магчыма што гэта маладыя птушкі выбіраюць сабе новыя месцы зімоўкі, або індывідуальныя лебедзі штогод ўсё больш і больш ‘недалятаюць’ да папярэдніх сваіх зімовак.

Прафесар Bart Nolet з UvA, які пачаў адсочваць пералёты віда з дапамогай спадарожнікавых GPS перадатчыкаў 25 гадоў таму, сказаў: "На самым пачатку мы былі шчаслівы, калі змаглі стварыць дакладную мапу міграцыі віда, аднак каб зразумець змены, якія адбываюцца, было неабходна атрымаць дадзеныя ад тых самых птушак як мінімум два гады запар”.

Індывідуальная пластычнасць

Усяго ў Нідэрландах GPS-GSM перадатчыкамі на ашыйніках былі пазначаны пад час зімовак 2009/10–2010/11 і 2016/17–2020/21 гг. 105 малых лебедзяў (86 дарослых, 4 маладых першага календарнага году жыцця (прыкладна 1,5 гадовых) і 15 маладых першага календарнага году жыцця (прыкладна паўгадовых)). Аналіз атрыманых дадзеных паказаў, што лебедзі ляцяць далей на паўднёвы захад, калі пад час іх міграцыі наступалі больш халодныя дні. Пазней увосень птушкі становяцца менш адчувальнымі да зменаў тэмпературы і калі наступаюць марозы, лебедзі ўжо толькі перамяшчаюцца параўнальна недалёка ўнутры абранай для зімоўкі тэрыторыі.

"Калі цёпла, яны застаюцца ў тым самым месцы” - сказаў Linssen. "Мы цяпер бачым, што малыя лебедзі зімуюць у сярэднім на 120 км бліжэй да месцаў гнездавання калі зімовыя тэмпературы ў сярэднім на C большыя. Калі цяплей на С, сярэдняя адлегласць змяншаецца на 240 км і гэтак далей.”

Таксама было паказана, што індывідуальныя птушкі даволі пластычныя ў адноснах да месцаў заканчэння восеньскай міграцыі ў розныя гады. "У камбінацыі з павелічэннем колькасці мяккіх зімаў з-за пацяплення клімата, падобная індывідуальная пластычнасць тлумачыць значнае перамяшчэнне асноўных месцаў зімоўкі віда і тое, што малыя лебедзі ў сваёй большасці ўзімку амаль зніклі ў Нідэрландах.”

Перадатчыкі таксама дазволілі даследчыкам праверыць уздзеянне ветру на міграцыйныя паводзіны малых лебедзяў. "Птушкі пераадольвалі большыя адлегласці са спадарожнымі вятрамі, аднак гэтыя залежнасці знікалі ўвосень. Гэта паказвае, што вецер выкарыстоўваўся толькі як дапамога каб (было лягчэй) дасягнуць месца зімоўкі, але толькі тэмпература вызначала дзе канкрэтна птушкі прыпыняцца на зімоўку” – сказаў Linssen.

Застаецца пытанне наконт таго, наколькі месцы зімоўкі вызначае даступнасць адпаведнай ежы. “Падаецца, што малыя лебедзі ва ўсходніх Нідэрландах і паўночнай Германіі ўсё больш і больш ядуць рэшткі кукурузы на палях” – сказаў Linssen. "Разам з мяккімі зімамі гэта таксама робіць магчымым масавыя зімоўкі віда на паўночным усходзе (бліжэй да месцаў гнездавання)”. Менавіта гэты аспект будзе вывучацца даследчыкамі наступным.

Цікавыя высновы былі атрыманы і для месцаў гнездавання: "Хаця агулам гэтыя месцы нязначна перамясціліся на паўночны ўсход, але на індывідуальным узроўні зменаў паміж рознымі гадамі не было адзначана. Пасля таго, як пары абіралі канкрэтнае месца гнездавання, яны вярталіся туды і ў наступныя гады. Таму змены клімата хутчэй мяняюць летнюю дысперсію птушак розных пакаленняў” – тлумачыць Linssen.

Крыніца: Hans Linssen et al, Migratory swans individually adjust their autumn migration and winter range to a warming climate, Global Change Biology (2023). DOI: 10.1111/gcb.16953. onlinelibrary.wiley.com/doi/10.1111/gcb.16953

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Германія – новае важнае месца зімоўкі малых лебедзяў

Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?

Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі

Усё менш малых лебедзяў зімуюць у Вялікабрытаніі і Ірландыі

Незвычайны палёт: разам з малымі лебедзямі на зімоўку

Малых лебедзяў стала мала

Самы стары з жывых малы лебедзь прыляцеў зімаваць у Слімбрыдж