Шпакі у групе могуць траціць на 25% менш энергіі, чым калі ляцяць самастойна

шпак

Вялікая і мульцідысцыплінарная група даследчыкаў з ЗША у шэрагу арыгінальных эксперыментаў паказала, што звычайныя шпакі (Sturnus vulgaris), калі ляцяць за іншымі чальцамі групы, трацяць на палёт на 25% менш энергіі, чым калі б ляцелі ў тых самых умовах асобна.

Папярэднія даследаванні і логіка сведчылі, што калі птушка ляціць на недалёкай адлегласці за іншай, то яна траціць на палёт менш энергіі з-за таго, што мае меншы супраціў ветра. Аднак даказаць гэта і вызначыць наколькі істотнай можа быць гэтая розніца ў страце энергіі, было праблематычна. Таму ў сваёй спробе амерыканскія навукоўцы прыдумалі і арганізавалі цэлы шэраг даволі складаных з тэхнічнага боку эксперыментаў, каб мець магчымасць дакладна вызначыць выкарыстанне птушкамі энергіі ў палёце.

Для гэтага быў атрыманы дазвол выкарыстаць аэрадынамічную трубу (wind tunnel) ва ўніверсітэце Браўна (Brown University), у якім тры шпакі маглі лятаць нармальным палётам. Каб мець магчымасць адсочваць розныя паказчыкі палёту птушак, на іх былі змешчаны мініятурныя прылады для памеру хуткасці (inertial measurement units (IMUs)) і адмысловыя LED-лампачкі, якія, аднак, не мянялі характарыстыкі палёту і не перашкаджалі шпакам паводзіць сябе натуральна.

Прылады IMUs вызначалі паскарэнне і хуткасць птушак пад часу палёту, а лампачкі рознага колеру дазвалялі даследчыкам бачыць, на якой пазіцыі ў групе знаходзіцца якая птушкаНе менш важнай часткай даследавання было дакладна вызначыць расход энергіі пад час палёту шпакоў на розных пазіцыях у групе і індывідуальна. Для гэтага птушкі атрымалі нерадыёактыўны ізатоп вуглерода С-13. Пры параўнанні доляў С-13 і С-12 перад і пасля палётаў, вызначалі страчаную энергію.

Для таго, каб атрымаць дастатковыя для параўнання дадзеныя, навукоўцам прыйшлося шмат разоў паўтараць палёты птушак, таму што часам шпакі не хацелі ляцець так, як было трэба даследчыкам.

Аднак у рэшце-рэшт атрымалася пацвердзіць істотную розніцу паміж птушкамі, якія ляцелі на розных пазіцыях у групе і тыя са шпакоў, якія ляцелі непасрэдна за іншымі, трацілі на палёт у сярэднім на 25% энергіі ў параўнанні з лідарамі. Была знойдзена і цікавая асаблівасць некаторых асобін, якія трацілі энергію больш эфектыўна, чым іншыя на любым становішчы ў групе - яны больш ахвотна прымалі на сябе ролю лідара.

Крыніца: Sonja I. Friman et al 2024 It pays to follow the leader: Metabolic cost of flight is lower for trailing birds in small groups, Proceedings of the National Academy of Sciences. DOI: 10.1073/pnas.2319971121

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара 

 

На гэтую тэму:

Неабходная сямёрка

Галубы трымаюцца разам, каб не даць сокалу злавіць ніводнага з іх

Галубы гатовы траціць больш энергіі, каб толькі ляцець разам

КОНДАРЫ НЕ ЛЮБЯЦЬ МАХАЦЬ КРЫЛАМІ

КАЛІ ВАЖНЫ І ПАМЕР, І СКЛАД ГРУПЫ