Узроставая структура папуляцыі і асноўныя прычыны смяротнасці пугача ў Каталоніі

пугач

Пугач (Bubo bubo) – самая вялікая сава ў Еўропе, якая, на жаль, дэманструе высокую (і ў значнай сваёй долі) непрыродную смяротнасць па ўсяму свайму арэалу. Негледзячы на павелічэнне папуляцыі ў апошнія дзесяцігоддзі, ужо вядомыя асноўныя смяротныя пагрозы (напрыклад, паражэнне электычным токам) застаюцца актуальнымі і выяўляюць новыя выклікі ў ахове і забеспячэнні доўгатэрміновай жыццяздольнасці папуляцый пугача.

Гішпанскія і грэцкі арнітолагі вывучалі папуляцыйную структуру пугача ў Каталоніі (Паўночна-Усходняя Гішпанія) у 2006-22 гг, выкарыстоўваючы 2 асноўныя метады: (1) праводзілася вызначэнне полу і ўзросту 61 адлоўленай ў гнездавы перыяд птушкі; (2) пол і ўзрост вызначаліся ў 81 пугача, знойдзенага мёртвымі. У гнездавой папуляцыі маладыя асобіны (узростам 1 год) назіраліся ў 15% выпадкаў, найбольш часта (у 35% выпадкаў) былі прадстаўлены 3-х гадовыя птушкі, тады як дарослыя (узростам > 5 гадоў) адзначаны радзей за іншых – толькі ў 9% выпадкаў.

Гібель пугачоў на лініях электаперадач – галоўная прычына смяротнасці віда ва ўсіх узрастах (31%), наступнай па важнасці прычынай былі сутыкненні з транспартам (16%). Амаль палова загінулых птушак, знойдзеных навукоўцамі, былі пугачы 1-га каляндарнага году жыцця (48%), тады як на дарослых соваў (старэйшых за 5 гадоў) прыходзілася менш за 5% падобных сумных знаходак.

Хаця ў навукоўцаў былі спадзяванні, што пугачы з узроставай групы з нізкай смяротнасцю будуць найчасцей сустракацца сярод птушак, якія размнажаюцца, гэта аказалася не так. І асобіны сталага ўзросту былі яўна недапрадстаўлены на гнездаванні сярод іншых (< 10%). Такім чынам атрымалася, што гнездавая папуляцыя складаецца найбольш з маладаых пугачоў (якім менш 5 гадоў) хутчэй за ўсё таму, што вельмі мала птушак дажывае да сталага ўзросту.

Крыніца: Torre I. et al. 2025 Population structure and mortality of the Eurasian Eagle-Owl (Bubo bubo) in NE Spain. J Ornithol https://doi.org/10.1007/s10336-025-02292-2

Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Паўла Лычкоўскага

 

На гэтую тэму:

Вераб’іны сычык пачаў каланізацыю Гішпаніі?

Вызначаны Топ-10 найбольш і найменш вывучаных відаў соваў і драпежных птушак

Самцы вераб’іных сычыкаў робяць меншыя запасы ежы на зіму, чым самкі і маладыя птушкі

Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей

‘Савіны рай’ знойдзены ў Венгрыі з рэкорднай шчыльнасцю сыча-сіпеля