Апісаны новы від зязюлі з Барнэа

Трапічныя лясы вострава Барнэа (Інданезія), якія катастрафічнымі тэмпамі знішчаюцца пад плантацыі маслянічных пальмаў, гэта дом для многіх эндэмічных відаў, у тым ліку птушак. Зараз да іх дадаўся яшчэ адзін  - барнейская зязюля (Hierococcyx tiganada).

Новаапісаны від стаў ужо 9-м у родзе Hierococcyx, які аб’ядноўвае зязюляў рознай велічыні (даўжыня цела 26-40 cм, маса 62-163 г), aле ўсе яны параўнальна блізкія крэўныя звычайнай зязюлі (Cuculus canorus). Дагэтуль на Барнэа былі адзначаны ажно 6 відаў з гэтага роду, прычым тры з іх размнажаюцца там гнездавым паразітызмам і яшчэ тры рэгулярна зімуюць.

У выніку комплекснага параўнання асаблівасцяў апярэння, біяакустычных і марфалагічных дадзеных атрымалася, што барнейская папуляцыя аднаго з трох гняздуючых там відаў з’яўляецца новым для навукі відам. Гэта малайская зязюля (H. bocki), якая распаўсюджана на Малайскім паўвостраве, на Суматры, і як думалі дагэтуль, на Барнэа. Тым не менш пасля аналізу музейных скурак і 107 запісаў голасу аказалася, што папуляцыя з Барнеа - гэта іншы, новы від.

Хаця на першы погляд барнейская зязюля вельмі падобная на малайскую, яны адрозніваюцца афарбоўкай апярэння верху цела, у першай меншая даўжыня крылаў, цэўкі і дзюбы ў параўнанні з другім відам. Аднак найбольш выразнай рысай, якая адрознівае абодва віды, з’яўляецца голас: у барнейскай зязюлі ён трохсылабовы, а ў малайскай - двух.

Паводле даследнікаў, барнейская зязюля распаўсюджана ў горных дажджавых лясах вышэй 1000 м над узроўнем мора і зусім не рэдкая. Яна добра вядомая ў трох мясцовасцях у штаце Sabah i як мінімум у адной у штаце Sarawak. Тым не менш, від можа займаць і іншыя горныя лясы на адпаведнай вышыні, а пакуль не адзначаны ў іншых месцах таму, што там рэдка з’яўляюцца кваліфікаваныя назіральнікі. Горныя лясы яшчэ не знішчаюцца на востраве такімі тэмпамі, як раўнінныя, таму новаапісаны від наўрацці мае нейкую сучасную пагрозу свайму існаванню.

Крыніца: Rheindt, Frank & Teo, Gabriel & Eaton, James & Ng, Elize 2025 A new and cryptic species of hawk-cuckoo (genus Hierococcyx) from Borneo. Forktail. 34-43.

Паводле Ornitofrenia PL падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На верхнім малюнку з артыкула новы від і яго магчымы арэал у параўнанні з двума іншымі відамі роду, якія не размнажаюцца на Барнэа.

 

На гэтую тэму:

Апісаны 5 новых відаў і 5 падвідаў птушак з трох астравоў Інданезіі

Новы від бюльбюляў апісаны з Барнэа

Два новыя віды птушак апісаны ў Інданезіі

У Інданезіі знойдзены тры новыя віды нектарніц

Другі новы для навукі від птушак апісаны за год на невялікім востраве

Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!