Арлан і качкі, бобр-ледакол + VIDEO

Хаця -5 на тэрмометры і сьнег навокал не абяцалі шмат птушак, аднак прыемныя ўспаміны з мінулай нядзелі пра ныркоў-свіркоў і плёсавак на Нёмане ля Сьвіслачы клікалі ў дарогу.

Аказалася, што усе залівы вадасховішча і нават частка Нёмана ля берагоў замёрзлі. Птушак там не было. Прыйшлося падыходзіць да вады, каб разглядзець густую чародку качак і лебедзяў, якія плавалі на рацэ.

Частка з іх аказалася шматлікімі шыпунамі, прычым некаторыя плавалі і харчаваліся сем'ямі:

З другога боку касы таксама былі лебедзі, але яны аказаліся клікунамі і па меры нашага прасоўваньня да іх па полі, адплывалі ўсё далей:

Бліжэй да цэнтру ракі трымалася густая чародка з качак. На жаль, самае вялікае павелічэньне трубы паказала, шт огэта амаль выключна крыжанкі і мін 2 чубатых нырка. Бліжэй да берагу і асобна ад крыжанак трымаліся гогалі. Нічога рэдкага і цікавага (акрамя клікуноў, канешне), дзеля чаго стоіла мёрзнуць на ветры, які ўзмацніўся зусім нечакана, мы не ўбачылі.

І тут нам з Сяргеем С. пашанцавала першы раз.

На фоне сасновага леса, які выступаў на павароце ракі ляцеў амаль прыціскаючыся да яго дарослы арлан-белахвост!

Яшчэ адна чародка качак, бліжэй да вадасховішча яўна яго не бачыла, і гэта быў шанец да арлана, які ад краю лесу трохі падняўся і хутка набліжаўся да іх.

Качкі, якія былі бліжэй да нас ужо зразумелі небяспеку і вырашылі ратавацца ў паветры. Аднак арлан быў далёка аад і не звяртаў на іх увагі.

Яго патэнцыйныя ахвяры напэўна заўважылі яго запозна для таго, каб ляцець і зьбіліся ў чародку яшчэ шчыльней. Арлан вырашыў атакаваць:

Як мінімум частка качак нырнула, не спакушаючы свой лёс, аднак і арлан не хацеў адлятаць пусты:

 

Ён атакаваў яшчэ 2-3 разы, а потым адляцеў і сеў на лёд. Спачатку нам наавт здавалася, што ён нешта есьць. Але трубы не далі падмануцца - арлан нікога не злапаў.

Пасядзеўшы хвіліну-другую, ён падняўся і паляцеў у бок Сьвіслачы.

І мы вырушылі на дамбы, каб мець магчымасьць бліжэй глянуць на качак, на якіх арлан паляваў.

Аднак і там былі амаль выключна крыжанкі, асобна трымаліся гогалі і некалькі вялікіх савукоў.

Падмёрзлыя, мы вырашылі пераехаць за Сьвіслач і зірнуць на Нёман з іншага месца. Гэта аказалася правільным рашэньнем, бо менавіта там нам пашанцавала ў другі раз. Але для некаторых з нас гэта магло скончыцца трагічна...

Не гледзячы на тое, што большая частка навакольля была розных адценьняў белага, шэрага і блакітнага, часам вызірала сонейка і было сапраўды хораша і прыгожа.

Мы падняліся на высокі пагорак, з якога было далёка відаць усё, што дзеялася на рацэ. Ўдалечыні на льду сядзелі яшчэ 5 клікуноў і плавалі гогалі.

Аднак хутка маю ўвагу прыцягнуў Сяргей, спачатку ён мне сказаў, што бачыў тут два бабра, а потым пачаў сьмяяцца і паказваў уніз, на ваду пад стромым пагоркам, на якім мы стаялі.

Мне спачатку таксама стала сьмешна, але хутка я зразумеў, што сытуацыя вельмі непрыемная...

Мы заўсёды ў нашы выправы бярэм нашага сабачку, які іх вельмі любіць. У мароз апранаем яму самаробны швэдар, бо яго кароткая поўсьць не прыстасаваная для марозаў. Аказалася, што Браўн нейкай незаўважнай сьцяжынкай спусціўся ўніз, выбег на лёд, які прасьціраўся на 5-6 м ад стромага абрыву і ці то хацеў панюхаць, ці то схапіць бабра, які плаваў у 2-3 м ад краю льда. Тут тонкі лёд не вытрымаў і Браўн зваліўся ў ваду! Бобр нават не зьвярнуў на яго ўвагу, а сабачка з намоклым шведрам стараўся выбрацца на лёд, абапіраючыся на яго пярэднімі лапамі і біў папераменна заднімі.

Пакуль мы здымалі бабра, секунды цікалі адна за адной, а ў Брауна так і не атрымлівалася вылезьці на лёд. Я стаў ліхаманкава думаць - што мы можам зрабіць, каб дапамагчы яму, аднак нічога не прыходзіла мне ў галаву акрамя таго, што я пачаў падбадрываць яго крыкамі і зваць да сябе. Спусціцца да яго ўніз не было ніякай магчымасьці. А нават калі б гэта нейкім чынам і атрымалася, лёд быў затонкі і зашырокі, каб можна было нешта падсунуць па яму да цюціка.

Аднак нарэшце Браўн здолеў  выбрацца на лёд і пад мае прызыўныя  крыкі хуценька панёсься, калоцячыся ад холаду, да нас уверх! Я схапіў яго і бягом панёс у машыну, дзе прыкладна праз паўгадзіны ён перастаў трэсьціся дзякуючы рушнікам і цёпламу паветру з печкі.

Аднак цяпер настаў час бабра кампенсаваць магчымасьць таго кепскага, што магло адбыцца. Я вярнуўся на пагорак, дзе Сяргей ужо здымаў відэа за відэа праз трубу.

Бобр то застываў амаль нерухома як бервяно, то ныряў, то плаваў недалёка ад берагу.

Было цікава назіраць, як хутка ўтвараўся лёд на яго мокрай сьпіне, як ён час ад часу страсаў лёд з галавы і час ад часу прысынаў, заплюшчваючы і так невялічкія вочкі.

Я таксама зрабіў некалькі фільмікаў, і найбольш цікавы, пад назвай бобр-ледакол прапаную Вашай увазе:

http://youtu.be/AbuWcwCyT2c  

Каментары

  Как говорится, у природы нет плохой погоды. Для наблюдений.

  А что заставило бобра так долго находиться на поверхности средь бела дня, зимой - непонятно.