Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Французская папуляцыя садовай стрынаткі (Emberiza hortulana) зменшылася на 50-75% за апошнія 30 год. І гэта негледзячы на тое, што паляванне на гэтых стрынатак забаронена з 1979 году, а з 1999 – гэта ахоўваемы від. Аднак, па ацэнках прыродаахоўных арганізацый, штогод на паўднёвым захадзе Францыі нелегальна адлаўліваюць і забіваюць каля 30 тысяч садовых стрынатак пад час іх восеньскай міграцыі ў жніўні і верасні.

Дэпартамент Les Landes асабліва небяспечны для садовых стрынатак, якія не толькі гняздуюць у Францыі, але таксама мігрыруюць праз яе са Скандынавіі, Польшчы і іншых краін Усходняй Еўропы. Менавіта тут усё яшчэ выкарыстоўваюць стрынатак у традыцыйнай кухні, з’есці блюда з якой не могуць адмовіцца нават самыя вядомыя палітыкі – напрыклад, былы прэзідэнт Франсуа Міттэран.

З-за таго, што здабыча стрынатак нелегальная, іх прадаюць у мясцовыя рэстараны нават па 150€ за птушку. Потым іх спецыяльна адкармліваюць, каб птушкі назапасілі шмат тлушчу, а пасля забойства вымачваюць у арманьяку.

Mногія мясцовыя людзі лічаць спажыванне такіх стрынатак старажытнай культурнай і кулінарнай традыцыяй, таму мясцовыя ўлады заплюшчваюць вочы на нелегальнае паляванне і выкарыстанне птушак. Сытуацыю значна пагоршылі некалькі знакамітых шэф-кухараў рэстаранаў са Спісу Michelin, якія ў 2014 годзе выступілі па нацыянальнаму тэлебачанню ў падтрымку захавання “традыцыі” і легалізацыю хаця б аднаго уікэнду для лоўлі стрынатак.

Таварыства аховы птушак LPO (BirdLife у Францыі) лічыць сытуацыю непрымальнай. Адзначыўшы малую актыўнасць уладаў супраць браканьераў, таварыства 10 год таму вырашыла падтрымліваць выкананне закону самастойна і правяраць месцы, дзе нелегальны адлоў садовых стрынатак найбольш імаверны каб знішчаць лавушкі і інфармаваць грамадзтва пра маштабы парушэнняў.  

Цяпер прадстаўнікі LPO працуюць разам з арганізацыяй CABS (Committee Against Bird Slaughter – Камітэт супраць знішчэння птушак) каб пакласці канец масавым адловам стрынатак. Месцы адлову вызначаюцца з паветра, пасля чаго туды выязжаюць валанцёры і выпускаюць злапаных птушак, адначасова паведамляючы пра выяўленыя парушэнні ў паліцыю і ў нацыянальнае агенцтва па паляванню і ахове прыроды (national agency for hunting and wildlife (ONCFS)), каб тыя дадаткова заняліся выяўленымі выпадкамі.

Пасля некалькіх даволі фармальных разбіральніцтваў па скарзе LPO у Еўракамісію наконт адсутнасці эфектыўнага супрацьдзеяння браканьерам з боку ўраду краіны, праз 3 гады нарэшце Камімія паведаміла пра тое, што на працягу  двух месяцаў урад Францыі павінен паведаміць пра свае дзеянні па спыненні нелегальнай здабычы стрынатак, інакш Еўракамісія пакліча Францыю ў Еўрапейскі суд справядлівасці (European Court of Justice).

 

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца садовай стрынаткі Юрыя Квача

 

На гэтую тэму:

Кітайцы з'елі амаль усіх стрынатак-дуброўнікаў

Менш нагоды да вычварэнстваў у рэстаранах

Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак

Вясновае паляванне на птушак застанецца на Мальце легальным?

Забойства птушак на Кіпры перарасло ў сапраўдны крызіс

Браканьеры на птушак затрыманыя на Сардыніі

Пад Трыбунал: на Мальце ізноў незаконна адлаўліваюць уюрковых птушак

Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!