Многія віды жывёл выкарыстоўваюць сацыяльную інфармацыю – або ад іншых асобін свайго віду, або ад іншых відаў. Напрыклад, дзе лепш шукаць ежу, дзе будаваць гняздо, ці якіх драпежнікаў баяцца. Аднак упершыню навукоўцам атрымалася паказаць, што магчымасць выкарыстання гэтай інфармацыі залежыць ад індывідуальных пазнавальных здольнасцяў. А канкрэтна аказалася, што самкі валасяніц-белашыек (Ficedula albicollis), якія вучацца новаму хутчэй за іншых, будуць з большай імавернасцю капіраваць выбар месца гнездавання вялікіх і сініх сініц.
Каманда арнітолагаў вывучала выбар месцаў гнездавання валасяніц-белашыек на востраве Готланд (Швецыя). Гэта – самая паўночная папуляцыя віда і яна ізаляваная ад галоўнай папуляцыі ў Паўднёва-Усходняй Еўропе. Штогод прыкладна ў сярэдзіне жніўня мясцовыя валасяніцы ляцяць адсюль на зімоўку ў Афрыку на поўдзень кантыненту. Вяртаюцца ж на Готланд у пачатку красавіка – у гэты час там на дубах распускаюцца лісцікі і вусені некаторых матылёў пачынаюць імі харчавацца і расці, каб праз нейкі час стаць асноўнай здабычай і дарослых, і птушанят валасяніц.
Вялікія і сінія сініцы застаюцца на востраве круглы год і пачынаюць гнездаваць раней за валасяніц на некалькі тыдняў. Папярэднія назіранні паказалі, што валасяніцы стараюцца гнездаваць у тых самых месцах, што і сініцы. У асноўным таму, што асноўная здабыча відаў значна перакрываецца і выбар сініц адлюстроўвае яе даступнасць таксама і для валасяніц.
Эксперыменты і іх вынікі
Каб атрымаць дадзеныя пра выбар і здольнасці валасяніц да навучання, даследчыкі правялі шэраг складана прадуманых і арганізаваных эксперыментаў. Чатыры вясны (у 2012-15 гг) навукоўцы развешвалі “з запасам” дуплянкі, ад 29 да 106 у розных месцах лясоў на востраве, якія маглі займаць для гнездавання і сініцы, і валасяніцы. Падобных месцаў у розныя гады была розная колькасць – ад 12 да 17. Рандомна на кожнай цёмнага колеру дуплянцы былі намалёваныя белай фарбай або трохвугольнік, або круг. З-за таго, што дуплянкі з рознымі сымбалямі не былі звязаныя з якасцю гнездавога біятопа, сініцы выбіралі і тыя, і другія.
Аднак пасля таго, як сініцы рабілі свой выбар, даследчыкі мянялі сымбалі на такіх занятых дуплянках на аднолькавыя. Як і чакалася, валасяніцы пасля прылёту стараліся заняць вольныя дуплянкі ў тых самых месцах, у якіх ужо загнездавалі сініцы. Пасля гэтага занятыя імі дуплянкі даследчыкамі пазбаўляліся любых сымбаляў каб упэўніцца, што валасяніцы пры выбары месца гнездавання карысталіся з выбару сініц, а не іншых валасяніц.
Калі птушаняты валасяніц ў дуплянках дасягалі 6-ці дзённага ўзросту, навукоўцы рабілі перашкоды для бацькоў. Ляток у кожнай такой дуплянцы запіраў механізм і пры ім былі тры прысады. Заслонка ў дуплянку адкрывалася толькі калі адзін з бацькоў сядаў на адной канкрэтнай з трох прысадаў. Кожная з дарослых птушак атрымлівала на свой рахунак балы за хуткасць рашэння праблемы і знаходкі “правільнай прысады”.
Найбольш цікавай атрымалася сувязь паміж хуткасцю навучання (атрыманымі баламі) і імавернасцю выбару таго ж месца гнездавання, што і сініцы. Чым павольней вучылася самка з пары валасяніц, тым меншай была імавернасць таго, што такая пара займе дуплянку з сымбалем ідэнтычным сымбалю на дуплянках сініц на тым самым вучастку леса. Гэтая ўзаемасувязь была большай для маладых самак валасяніц у параўнанні з больш старымі і не была заўважаная для самцоў.
Такім чынам даследчыкі зрабілі выснову, што самкі валасяніц, якія здольныя хутчэй вучыцца, могуць з большай імавернасцю пераймаць і выкарыстоўвываць сацыяльную інфармацыю ад іншых відаў птушак. Аднак ці значыць гэта, што менш здольныя да навучання асобіны глупейшыя? Зусім не абавязкова- пішуць аўтары.
"Вельмі магчыма, што валасяніцы, якія не выбіраюць тыя ж участкі леса, што і сініцы, проста робяць свой выбар месца гнездавання на аснове іншых крытэраў, якіх мы не ведаем або не змаглі ўлічыць” – сказаў Dr. Laure Cauchard, дактарант University of Aberdeen (Шатландыя) і адзін з сааўтараў публікацыі па выніках даследавання.
Крыніца: Jennifer Morinay et al, The Role of Cognition in Social Information Use for Breeding Site Selection: Experimental Evidence in a Wild Passerine Population, Frontiers in Ecology and Evolution(2020). DOI: 10.3389/fevo.2020.559690
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца валасяніцы-белашыйкі – Мікалая Вераб’я
На гэтую тэму:
Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх
Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?
Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы
Рэкордны ўзрост пярэстай валасяніцы
У Еўропе жыве яшчэ адзін від валасяніц?
Ці гнездаванне насякомаедных птушак усё яшчэ сінхранізаванае з пікам біямасы вусеняў?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ