Агляд лічбаў і відавога складу птушак, якія загінулі з-за рыбалоўных прыладаў у польскай частцы Балтыкі ў 1970-2018 гг

Прылоў (bycatch), або выпадковая гібель дзікіх жывёл у выніку заблытвання ў прыладах для рыбалоўства відаў, якія не было мэты злавіць, застаецца адным з асноўных антрапагенных фактараў смяротнасці сярод марскіх птушак. Паўднёвая частка Балтыкі, Атлантыка вакол Ісландыі і паўночна-заходняя частка Ціхага акіяну – тры рэгіёны з самымі маштабнымі ўзроўнямі прыловаў марскіх птушак у Свеце.

Больш за дзесяцігоддзе таму былі зроблены ацэнкі, што з-за прыловаў на ўсім Балтыйскім моры гіне штогод каля 76 тысяч птушак розных відаў. А паўднёвая частка Балтыкі, якая адносіцца пераважна да юрысдыкцыі Польшчы і Германіі, з’яўляецца найбольш небяспечнай часткай мора і тут гіне прыкладна 45 тысяч (марскіх) птушак штогод.  

У выпадку гэтых ацэнак для польскай зоны Балтыкі выкарыстоўваліся тры агляды, апублікаваныя ў 1972-90 гады, аднак яны выкарыстоўвалі дадзеныя з агранічанай часткі затокі Gdańskiej і часткі затокі Pomorskiej. Такім чынам, для аглядаў былі выкарыстаныя насамрэч заніжаныя дадзеныя пра маштаб прыловаў у польскай выключнай эканамічнай зоне. Для таго, каб зрабіць больш дакладныя ацэнкі за перыяд апошніх 50 гадоў, быў падрыхтаваны крытычны агляд усіх навуковых публікацый, якія тычыліся прыловаў у польскіх водах. Усяго атрымалася знайсці 48 публікацый і справаздач з 1982 да 2021 г, у якіх апісаны птушкі з прыловаў на Балтыцы з 1972 да 2016 г. На іх аснове вылучана 6 асобных акваторый, важных з пункту гледжання гібелі маркіх птушак з-за рыбалоўства: воз. Dąbie, Zalew Szczeciński, Zalew Wiślany, Zatoka Pomorska, Zatoka Gdańska і наваколле г. Kołobrzeg. Была знойдзена моцная пазітыўная карэляцыя паміж аб’ёмамі уловаў рыбакоў і маштабам прыловаў птушак, якія гінулі з-за іх.

Дадаткова атрымался прадставіць гісторыю аб’ёмаў уловаў рыбы для польскага рыбацкага флоту за апошнія 75 гадоў (1945-2020 гг). Вылаў большасці прамысловых відаў рыбы паступова павялічваўся і дасягнуў максімума на прыканцы 1970-х і пачатку 1980-х гадоў. Пасля гэтага адбылося значнае падзенне аб’ёмаў прамысловага рыбалоўства, часткова звязанае з палітычнымі пераменамі ў краіне і ўступленнем Польшчы ў 2004 г. у Еўразвяз. Адпаведна са знойдзенай карэляцыяй, маштабы прыловаў птушак з-за рыбалоўства былі самымі значнымі ў польскай зоне Балтыкі ў 1970-я гг: тады кожны траўлер “лавіў” штогод у сярэднім 31,3 птушкі, а на кожныя 4 тоны вылаўленай рыбы ў сеткі і іншыя рыбацкія прылады трапляла 1 птушка (0,26 птушкі на тону ўлову рыбы). У 1980-90-я гг адбылося нязначнае змяншэнне загінулых з-за прыловаў птушак і ў сярэднім адзін траўлер адпавядаў за гібель 30,6 птушак штогод, а ўзровень прылоўленых птушак на тону рыбы нават трошкі павялічыўся да 0,27. У 2010-я гг гэтыя паказчыкі адпаведна змяніліся да ўзроўню 25,7 загінулых птушак на траўлер і 0,17 птушкі на тону вылаўленай рыбы.

Усяго ў якасці ахвяраў рыбакоў адзначаны 28 відаў птушак, з якіх 13 відаў маюць статус тых, якім пагражае знікненне або блізкі да яго паводле SPEC-2015. Згодна са зробленымі аўтарам агляду ацэнкамі, у польскай частцы Балтыкі штогод гінула ў сярэднім у 1970-я гг 47000 марскіх птушак, у 1980-90-я гг - 39800 і з 2000 да 2020га 21300 асобін.

Самымі масавымі ахвярамі для 2010-х гг аказаліся нырок-маранка (Clangula hyemalis) (9000 асобін штогод), нырок-плёсаўка (Aythya marila) (3500 асобін) і нырок-свірок (Melanitta fusca) (2000 асобін у год). Для таго, каб атрымаць адпаведныя ацэнкі ўздзеяння на папуляцыі гэтых відаў, аўтар агляду выкарыстаў два падыходы, якія моцна адрозніваюцца колькасна. Першы на аснове Potential Biological Removal (PBR) і другі на аснове метада, рэкамендаванага асацыяцыяй BirdLife International (BLT). Такім чынам, умоўна бясшкодныя ўзроўні прыловаў былі перакрочаныя для нырка-маранкі ў 1,75 разы  (PBR) i 10,6 разоў (BLT); для нырка-плёсаўкі ў 5,4 разы (PBR) i 34,0 разы (BLT); для нырка-свірка на 0,35 раза (PBR) i 4,95 разы (BLT). Усе вышэй пералічаныя віды качак маюць статус уразлівых на знікненне (VU у SPEC-2015).

На жаль, запабегчы прылову птушак у рыбацкія сеці і іншыя прылады вельмі складана і самым эфектыўным метадам дагэтуль застаецца часовае закрыццё акваторый для прамысловага рыбалоўства.

 

Крыніца: Marchowski D. 2021. Bycatch of seabirds in the Polish part of the southern Baltic Sea in 1970–2018: a review. Acta Ornithol. 56: 139–158. DOI 10.3161/00016454AO2021.56.2.001

Паводле Ptaki Polski - Birding Poland падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самцоў нырка-маранкі  - Hanna Pomorska

 

 

На гэтую тэму:

Марскія віды птушак у вялікіх клопатах

Нырок-плёсаўка паступова знікае ў Еўропе з-за прамысловага рыбалоўства

Буравеснікі змянілі склад харчавання з-за прамысловага рыбалоўства

Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё