Самы стары ў Свеце караткахвосты паморнік абнавіў два рэкорды

Фінскія арнітолагі паведамілі, что самы стары, вядомы нам, караткахвосты паморнік (Stercorarius parasiticus) ізноў быў адзначаны на сваёй гнездавой тэрыторыі ў Фінляндыі гэтым летам і разам з партнёрам паспяхова падняў на крыло яшчэ адно птушанё.

Гэта самка паморніка, якая мае каляровае пластыкавае кальцо з кодам 'CN0' і якой споўнілася гэтым летам 35 гадоў. Гэтае кальцо птушка атрымала толькі ў чэрвені 2010 году, а яе дакладны ўзрост вядомы дзякуючы металічнаму кальцу, якое яна атрымала птушанём на гняздзе 1 ліпеня 1987 году. Гэта новы рэкорд даўгажыхарста для гэтага віду птушак.

Арнітолаг Elina Mäntylä напісала ў сваім блогу: "14 чэрвеня 2022 г. Kimmo Nuotio і Matti Sillanpää з нашай ‘паморнікавай групы’ наведалі востраў, дзе ўбачылі самку CN0 і знайшлі яе гняздо з птушанём, якому тады было 5 дзён. Птушанё было закальцована, у тым ліку і пластыкавым жоўтым кальцом з чорным кодам C7C. У 2021 годзе самка CN0 не размнажалася. Наступны візіт Kimmo і Matti на востраў адбыўся 20 ліпеня. Яны былі шчаслівы, калі ўбачылі і самку CN0, і яе птушанё C7C у палёце. Мы жадаем абодвум бацькам і іх птушаню паспяховай міграцыі!”

Цікава, што такім чынам гэтая самка паморніка абнавіла яшчэ адзін рэкорд і стала самай працягла акальцаванай птушкай з Фінляндыі. Дагэтуль ёй быў асобнік аднаго з відаў кайр, які насіў сваё калько 34 гады, 11 месяцаў і 12 дзён.

У 2010-11 гг. гэтая самка насіла геалакатар, дзякуючы якому атрымалася даведацца, што негнездавы час яна праводзіць на захад ад Афрыкі ў Канарскіх астравоў. Хутчэй за ўсё, самка як мінімум апошняе дзесяцігоддзе вяртаецца гнездаваць на той самы востраў, на якім вывялася сама.

Караткахвосты паморнік мае цыркумпалярны гнездавы арэал, дзе гняздуе на астравах і ўзбярэжжах паўночных мораў. У залежнасці ад мясцовасці, харчуецца невялікага паеру здабычай, ад грызуноў да рыбы, прычым часта забірае яе (клептапаразітнічае) у іншых відаў птушак, адкуль і атрымаў адпаведную лацінскую назву. Паморнікі ствараюць манагамныя пары, звычайна на ўсё жыццё і адкладваюць у гняздо два яйкі. Гнездавая папуляцыя караткахвостых паморнікаў ў апошнія гады змяншае сваю колькасць і асабліва заўважна гэта адбываецца на Брытанскіх астравах.

Паміж 1965 і 1974 гг фінскія арнітолагі Pentti Forstén і Arvo Tuominen закальцавалі больш 1000 караткахвостых паморнікаў у заходняй частцы Фінляндыі. Адна з гэтых птушак, закальцаваная птушанём у 1971 годзе, была знойдзена мёртвай у 2002 г. у Швецыі. Такім чынам, гэтая птушка з таго часу доўга ўтрымлівала рэкорд доўгажыхарства з вынікам 31 год і 12 дзён.

Крыніца: Elina Mäntylä et al. Longevity record of arctic skua (Stercorarius parasiticus), Ecology and Evolution. First published: 06 October 2020 https://doi.org/10.1002/ece3.6875

 

Паводле www.birdguides.com et www.onlinelibrary.wiley.com (частка тэксту і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Самая старая дзікая птушка ў Свеце жывая і зноў прыляцела на месца гнездавання!

Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі

Самы стары нямецкі белы бусел наведаў Чэхію

Самы стары з жывых малы лебедзь прыляцеў зімаваць у Слімбрыдж

У Польшчы сфатаграфаваны самы стары поплаўны лунь

Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў

Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак

Сакрэты доўгага жыцця птушак

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства