Для змяншэння колькасці свойскіх катоў доля стэрылізаваных сярод іх павінна быць больш за 70%

Колькасць свойскіх катоў (Felis (silvestris) catus), якія свабодна ‘гуляюць’ (бадзяжных або хатніх, якіх выпускаюць з хаты або кватэры гаспадары), увесь час павялічваецца і гэта ператварылася ў глабальную экалагічную праблему. Таму цалкам абаснавана свойскі кот лічыцца адным з найбольш небяспечных чужародных інвазійных відаў, прычым у адрозненне ад дзікіх чужародных відаў, у яго няма свайго абарыгеннага прыроднага асяроддзя.

Свойскі кот - неспецыялізаваны драпежнік, мае параўнальна невялікія памеры, рана становіцца полаваспелым і хутка размнажаецца, а з-за вялікай папулярнасці як кампаньёна чалавека распаўсюджаны па ўсім Свеце галоўным чынам як хатні гадаванец.

Каты часта ўтвараюць непажаданыя (nondomiciliary) папуляцыі, якія, аднак, застаюцца ў большай ці меншай залежнасці ад падтрымкі чалавекам. Гэта бадзяжныя каты разам з тымі асобінамі, якія маюць намінальных гаспадароў, але могуць вольна перамяшчацца ў наваколлі жытла апошніх (free-roaming cats). Такія жывёлы з’яўляюцца крыніцай разнастайных экалагічных праблем, найбольш негатыўны эфект якіх вядомы на астравах. Паводле апошніх ацэнак, такія каты адказныя за знікненне як мінімум 14% відаў птушак, рэптылій і звяроў на Зямлі ў гістарычны час ад агульнай колькасці вымерлых, а таксама з’яўляюцца адной з асноўных пагроз для амаль 8% відаў, якія маюць статус ‘крытычна пагражаемых’ (critically endangered) прадстаўнікоў вышэй пералічаных таксонаў. Больш за тое, свойскія каты аказваюць значнае негатыўнае ўздзеянне і на кантынентах з-за непасрэднага палявання на дзікіх жывёл, звязанага з гэтым ‘эфекта страху’ (fear-related effects), перадачы захворванняў іншым відам і ўздзеяння на іх дэмаграфічную структуру з-за, напрыклад, эфекта мазаічнасці добрых і кепскіх месцапражыванняў (source-sink dynamics).

Акрамя гэтага, свойскія каты здольныя распаўсюджваць і перадаваць інфекцыйныя заанозныя хваробы і ствараць анцісанітарныя ўмовы людзям там, дзе жывуць. Падобныя праблемы павялічваюцца ў паселішчах чалавека ва ўмовах вялікіх шчыльнасцяў віда.

Каб значна зменшыць праблемы, звязаныя са свойскімі катамі, даўно існуе неабходнасць штучна кіраваць іх папуляцыямі. Менеджмент папуляцый жывёл выкарыстоўвае 2 асноўныя стратэгіі: абмежаванне рэсурсаў, якія неабходныя віду і дзеянні, накіраваныя непасрэдна на прадстаўнікоў віду. Другая стратэгія таксама можа быць камбінацыяй двух іншых: знішчэння асобін ці абмежавання іх размнажэння. Тады як знішчэнне асобін накіравана на павелічэнне смяротнасці віда вышэй той, якая адбывацца ў прыродзе, абмежаванне размнажэння накіравана на памяншэнне гэтага паказчыка ніжэй, чым гэта адбываецца ў прыродных умовах.

Знішчэнне катоў было эфектыўным у знікненні папуляцый віда на некаторых астравах. Тым не менш, існуюць прыклады неэфектыўных спробаў знічшчэння і свойскіх катоў, і іншых інвазійных чужародных відаў падобных памераў і ладу жыцця (мышэй, пацукоў, трусоў, лісаў). Навукова пацверджаныя выпадкі кантроля размнажэння хрыбетных жывёл у прыродных умовах для змяншэння іх папуляцый застаюцца вельмі абмежаванымі.

Найбольш папулярны метад, які выкарыстоўваецца для гэтага ў адносінах да свойскіх катоў, называецца ‘злавіць-стэрылізаваць-вярнуць (у тое самае месца)’ (trapneuterreturn method (TNR). Тым не менш, адсутнічаюць доўгатэрміновыя дадзеныя, якія б пацверджвалі яго эфектыўнасць. Таму вельмі цікавыя вынікі атрымала каманда даследчыкаў з Koret School of Veterinary Medicine ва Hebrew University of Jerusalem (HU) (Ізраіль), якую ачольвалі рrof. Eyal Klement і Dr. Idit Gunther. На працягу 12 гадоў яны аналізавалі розныя пратаколы прымянення TNR.

Адмыслова для свойскіх катоў, якія могуць вольна перамяшчацца (free-roaming cats), існуюць тэарэтычныя мадэлі, якія паказваюць значна большую эфектыўнасць аўтаназіі асобін у параўнанні з прымяненнем метада TNR, які вельмі шырока прымяняецца з мэтай абмежавання іх колькасці. Не гледзячы на падобныя разлікі, метад TNR становіцца ўсё больш папулярным у параўнанні з аўтаназіяй катоў з-за маральных ўяўленняў людзей і адпаведнага настрою грамадзкай думкі. "Хаця гэты метад шмат гадоў выкарысоўваецца ў розных частках Свету, былі атрыманы контраверсійныя сведчанні яго эфектыўнасці ў змяншэнні папуляцый бадзяжных катоў або паляпшэнні ўмоваў іх жыцця і здароўя” – сказаў рrof. Klement.

Даследаванне праводзілася ў тым самым горадзе Rishon LeZion (Ізраіль) на тэрыторыі прыкладна ў 20 кв км, дзе кожны раз на працягу 4-х гадоў выкарыстоўвалі – або не – розныя метады кантроля колькасці свойскіх катоў. Пад час першага 4-х годдзя навукоўцы толькі праводзілі пастаянныя ўлікі колькасці віда і ‘здымалі’ іншыя дэмаграфічныя паказчыкі без умяшальніцтва ў папуляцыю і спробаў кантраляваць яе. Пад час другога 4-х годдзя інтэнсіўная стэрылізацыя котак праводзілася толькі ў палове раёнаў гораду, у другой жа палове ніякіх дзеянняў абмежаваць ці зменшыць яе колькасць не прадпрымалася і яны служылі ў якасці зонаў кантролю эксперымента. І, нарэшце, у апошняе 4-х годдзе даследчыкі інтэнсіўна і пастаянна выкарыстоўвалі метад TNR на тэрыторыі ўсяго гораду.

Стэрылізацыя катоў, якую праводзілі толькі на палове тэрыторый, не зменшыла памер папуляцыі свойскіх катоў. Даследчыкі лічаць гэта эфектам пастаянных перасяленняў жывёл з зонаў без прымянення стэрылізацыі ў зоны з яе прымяненнем. Пад час правядзення трэцяй часткі эксперыменту штогод адбывалася змяншэнне колькасці папуляцыі катоў у сярэднім на 7%, аднак заўважна павялічылася колькасць кацянятаў у вывадках яшчэ не стэрылізаваных асобін. Хутчэй за ўсё гэтак адбывалася з-за павелічэння долі іх выжывання з-за змяншэння канкурэнцыі са стэрылізаванымі дарослымі асобінамі – апошнія значна менш агрэсіўныя. "Некранутыя каты больш тэрытарыяльныя, чым стэрылізаваныя асобіны. Таму калі кацяняты пачынаюць самастойнае жыццё, ім лягчэй выжыць побач са стэрылізаванымі катамі” – сказаў рrof. Klement. Акрамя гэтага, змяншэнне колькасці папуляцыі пачало заўважна абмяжоўвацца таксама павелічэннем сярэдняй працягласці жыцця катоў.

Вынікі даследавання кажуць пра тое, што метад TNR дзейнічае толькі тады, калі ён прымяняецца ў тых самых месцах пастаянна, маштабна і вельмі інтэнсіўна, інакш гэта не мае сэнсу. Атрымалася, што мінімальна магчымая для змяншэння колькасці папуляцый свойскіх катоў доля стэрылізаваных асобін павінна пастаянна быць большай за 70% ад агульнай іх колькасці. Каб падтрымліваць атрыманы дзякуючы гэтаму пазітыўны эфект, даследчыкі рэкамендуюць таксама адначасова кантраляваць даступныя для катоў харчовыя рэсурсы. "Гэта можна дасягнуць, калі размясціць у розных месцах падкормачныя пляцоўкі і забараніць выкладваць іншае харчаванне для катоў” – сказаў рrof. Klement. Акрамя таго, што навакольныя каты будуць харчавацца адпаведным чынам, гэта таксама значна аблягчае іх адлоў, які патрэбны для стэрылізацыі. Іншыя важныя, але дадатковыя дзеянні, якія рэкамендуюць навукоўцы – аўтаназія хворых асобін і разбор стэрылізаваных жывёл людзьмі для наступнага ўтрымання ў якасці хатніх гадаванцаў.

Крыніца: Idit Gunther et al, Reduction of free-roaming cat population requires high-intensity neutering in spatial contiguity to mitigate compensatory effects, Proceedings of the National Academy of Sciences (2022). DOI: 10.1073/pnas.2119000119

Паводле www.pnas.org і www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак www.hepper.com

 

 

На гэтую тэму:

Бадзяжныя каты – адна з найбольшых пагроз сусветнай біяразнастайнасці

Даказана: свойскія каты палююць на дзікіх жывёл не з-за голаду

Маштабнае даследаванне нагадвае: трымайце коцікаў у хаце калі любіце дзікіх птушак

Навукоўцы: у Еўразвязе незаконна выпускаць катоў “пагуляць”

Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак

Свойскі кот y Польшчы атрымаў статус “інвазійнага чужароднага віду”