Ці ёсць сэнс для прыроды ратаваць арланаў-белахвостаў?

арлан-белахвост

У Свеце існуе мноства рэабілітацыйных цэнтраў, якія, між іншым, прымаюць драпежных птушак і займаюцца іх лекаваннем і аднаўленнем. Аднак рэабілітацыя птушак з разнастайнымі праблемамі - гэта праца- і грошаёмкі працэс. Таму хаця спробы ратавання параненых ці пашкоджаных іншым чынам дзікіх птушак і іншых жывёл звычайна не абмяркоўваюцца з маральнага пункту гледжання, эфектыўнасць падобных дзеянняў для прыроды застаецца збольшага невядомай. І лёс большасці дзікіх жывёл пасля рэабілітацыі і выпуска іх у прыроду больш не адсочваецца.

Для таго, каб ацаніць вынікі рэабілітацыі, патрэбны доўгатэрміновы маніторынг падобных птушак. І міжнародная каманда арнітолагаў у нядаўна апублікаваным артыкуле прадставіла свае дадзеныя пра лёс 22 арланаў-белахвостаў (Haliaeetus albicilla), выпушчаных назад у прыроду з рабілітацыйных цэнтраў у Аўстрыі, Чэхіі, Славакіі і Германіі, уключна з маладымі, неполаваспелымі і дарослымі асобінамі. Для гэтага ў 2005-23 гг выкарыстоўвалі GPS-перадатчыкі і атрымалася адсачыць перамяшчэнні і лёс птушак на працягу ад 2 да 2639 дзён (у сярэднім 340 дзён).

Самым працяглым атрымалася адсочванне аднаго з арланаў, якое працягвалася больш 7 гадоў. Часцей за ўсё птушкі гінулі на працягу наступных пасля выпуску ў прыроду 6 сутак. Дарослыя ж выжылі і працягвалі жыць не менш году пасля гэтага ў 74,6% выпадкаў. Антрапагенныя фактары ў доўгатэрміновых выпадках сталі прычынай 70% гібелі арланаў пасля іх вяртання назад у прыроду. Прычына гаспіталізацыі, працягласць знаходжання ў рэабілітацыйным цэнтры, магчымасць палёту ў вальеры не аказалі статыстычна значнага ўплыву на працягласць жыцця арланаў пасля іх выпуску.

Пяць птушак пасля вяртання ў прыроду пасля рэабілітацыі паспяхова гнездавалі і выгадавалі 10 птушанят. Выпушчаныя арланы максімальна адляцелі на адлегласць ажно 1378 км ад месца выпуску і рассяліліся ў цэнтральнай, усходняй і паўночнай частках Еўропы. Такім чынам, рэабілітацыя і выпуск назад у прыроду пашкоджаных арланаў-белахвостаў мела вялікі сэнс, а паспяховае размнажэнне 5 падобных птушак прадэманстравала іх эфектыўную рэінтэграцыю ў прыродную папуляцыю арланаў-белахвостаў.

Крыніца:

Lenka Rozsypalová, Ivan Literák, Rainer Raab, Lubomír Peške, Oliver Krone, Jan Škrábal, Benno Gries and Bernd-U. Meyburg 2024 Survival of White-Tailed Eagles Tracked after Rehabilitation and Release, J of Raptor Research 59(1): 1-16,  https://doi.org/10.3356/jrr2417

Паводле https://bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Ёсць сэнс ратаваць дзікіх птушак?

Ствараецца першы ў Свеце банк крыві для дзікіх птушак

Ці лічыць посьпехам першае за апошнія 150 гадоў гнездаванне арлана-белахвоста ў Ірландыі?

Мільёны ад назіранняў арланаў: як птушкі прыцягваюць турыстаў і грошы на шатландзкі востраў

Як запрацаваць на рэінтрадукцыі птушак – прыклад Шатландыі