
Выбар месца гнездавання ў птушак з’яўляецца кампрамісам паміж рызыкай драпежніцтва, даступнасцю харчовых рэсурсаў і мікракліматычнымі умовамі. Шчуркі-пчалаедкі (Merops apiaster), насякомаедныя птушкі, якія ловяць здабычу ў паветры, гняздуюць у норах, якія вырываюць у адпаведнай глебе каб зменшыць уздзеянне тэмпературы паверхні. Акрамя гэтага, структура глебы павінна быць адпаведнай, каб у ёй можна было вырыць норку і яна не абвалілася б.
Параўнанні выбару месцаў для гнездавання праводзілі ў нацпарку Doñana, які размешчаны на паўднёвым захадзе Гішпаніі. Шчуркі-пчалаедкі там звычайны гняздуючы від і раней для гэтага выбіралі экатон паміж паміж водна-балотнымі ўгоддзямі і шэрагам эолавых дзюнаў, часам на пясчаных астравах пасярод балота, або на дне сухіх сезонных вадаёмаў. Паміж 1970 і 1999 гг на ўзбочыне дарогі была знойдзена толькі адна калонія ў 1993 г. з прыкладна 40 норак, што склала каля 2% ад агульнай колькасці знойдзеных за 30 гадоў 1543 гнёздаў.
Толькі з 2000 г. шчуркі-пчалаедкі пачалі гнездаваць уздоўж гравійных, але не пясчаных дарог з сярэднім узроўнем аўтамабільнага руху ў нацпарку і навокал яго штогод. У 2011, 2016 і 2022 гг было праведзена тры поўных улікі гнёзд шчурак-пчалаедак у нацпарку і на тэрыторыі Special Protection Areas (SPA) побач. У 2011, 327 норак было зроблена на ўзбочыне дарог з усяго 533 знойдзеных (каля 61%), у 2016-м іх доля павялічылася да 94% (190 з 202 усяго), а ў 2022-м у падобных біятопах загнездавалі амаль усе шчуркі - 97% (546 з 561 норак). Акрамя гэтага, падобная карціна была знойдзена і для тэрыторыі навокал нацпарка і SPA: з усяго знойдзеных 357 гнездавых норак, 343 (пр. 96%) таксама знаходзіліся на ўзбочынах дарог.
Цікава, што большасць дарог у рэгіёне была пракладзена на прыканцы 1960-х -пачатку 1970-х гг і з таго часу ўзбочыны былі даступныя шчуркам для гнездавання, але не выкарыстоўваліся імі для гэтага. Так саўпала, што менавіта ў пачатку 2000-х значна павялічылася колькасць свойскага быдла і коней на выпасе ў экатоне, дзе раней і ў той час найбольш масава гнездавалі шчуркі. З-за адсутнасці заўважных перападаў вышыні з вертыкальнымі сценкамі, птушкі вырывалі норкі з паверхні вертыкальна ўніз і пад час выпасу быдла яно час ад часу знішчала норкі, затаптваючы іх або абвальваючы ўваход. Хутчэй за ўсё значнае негатыўнае ўздзеянне быдла і коней на раней малакратнутыя тэрыторыі з норкамі шчурак прымусіла птушак выбіраць для гнездавання нашмат больш бяспечныя ўзбочыны дарог.
Aкрамя гэтага, асноўныя прыродныя драпежнікі норак шчурак - барсук (Meles meles), лісіца (Vulpes vulpes) і вялікі шэры мангуст (Herpestes ichneumon) або пазбягаюць паляваць уздоўж дарог, або робяць гэта параўнальна рэдка і таксама маглі прычыніцца да зменаў у выбары месцаў гнездавання птушак. Такім чынам, непаспяховае гнездаванне з’яўляецца моцным ціскам пад час выбару месца размяшчэння гнездавой норкі ў будучыні і разам з папярэднім досведам і поспехам іншых асобін у іншым асяроддзі і ўяўляецца ключавым фактарам для змены месцаў гнездавання.
Крыніца: Román J. et al. 2025 Colonizers on the road: European bee-eaters shift nest-site selection to roadside habitats, Ecology 106: 6 June 2025 e70125 https://doi.org/10.1002/ecy.70125
Паводле https://esajournals.onlinelibrary.wiley.com (тэкст і здымак з двух здымкаў) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Гнездаванне шчуркі-пчалаедкі і змены ў папуляцыі віда ў Польшчы ў 2020-24 гг
Шчуркі-пчалаедкі мігрыруюць у вялікіх рознасямейных групах
Дзе зімуюць шчуркі-пчалаедкі з розных частак Еўропы?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ