
Індывідуальны характар (або асабовасць) жывёлаў вызначаецца адрозненнямі ў паводзінах, якія застаюцца пастаяннымі на працягу часу і ў розных сітуацыях. Гэта значыць, што хаця паводзіны асобінаў могуць мяняцца, пэўныя жывёлы заўсёды будуць, напрыклад, больш напорыстымі ці больш стрыманымі ў сваіх рэакцыях.
Характар жывёлы можа значна ўплываць на поспех размнажэння і выжывання. Напрыклад, адважныя паводзіны могуць быць перавагай у пэўных сітуацыях — такіх як, напрыклад, харчаванне ў рознавідавой групе і канкурэнцыя за абмежаваную ежу. Але ў іншых могуць шкодзіць — напрыклад, калі жывёла замест таго, каб адступіць, паводзіць сябе рызыкоўна перад драпежнікам і гэта можа прывесці да яе ранення ці гібелі. Паколькі праяўленне пэўных паводзін асобнымі жывёламі не ёсць цалкам гнуткім, яно рэгулюецца натуральным адборам. Такім чынам, характар (асабовасць) асобіны з’яўляецца вельмі актуальным аспектам эвалюцыі, яе “дабрабыту” і прыстасавальнасці.
Калі птушкі ўнутры адной папуляцыі не рэагуюць аднолькава на адну і тую ж сітуацыю, яны могуць мець розную выжывальнасць у сітуацыях небяспекі.
Каманда аўстрыйскіх навукоўцаў вывучала рэакцыю крумкачоў (Corvus corax) у Cumberland Wildpark, Alm Valley, ў паўночных Альпах (Аўстрыя) на рызыкоўную сітуацыю для выяўлення патэнцыйных рысаў характару. Яны эксперыментальна пратэсціравалі паўтаральнасць паводзінаў па восі адважнасць–стрыманасць на 12 індывідуальна пазначаных птушках, якія належаць да вялікай прыроднай папуляцыі. Для гэтага прайгравалі розныя сігналы прыроднай (крыкі драпежных птушак) і створанай чалавекам (гукі стрэлаў) небяспекі падчас харчавання ад 30 да 70 птушак рознага ўзросту і лічылі рэакцыі страху для кожнага крумкача. Вынікі паказалі розніцу ў паводзінах, якая залежала ад узросту асобінаў, але не паказалі іх устойлівасць у часе.
Маладыя крумкачы хутчэй працягвалі зноў шукаць ежу, пасля таго як пачулі гукі-стымулы. Таксама ўсе крумкачы рэагавалі больш актыўна на ўяўнага драпежніка (крыкі драпежнай птушкі), чым на гукі стрэлаў. Адсутнасць паўтаральнасці паводзін часткова супадае з папярэднімі даследаваннямі віду ва ўмовах няволі і пацверджвае публікацыі пра выразную гнуткасць іх паводзін.
Крыніца: J A E Weißenborn, P Sumasgutner, V Šlipogor, Th Bugnyar 2025 Startling ravens Corvus corax at foraging: differences in anti-predator behaviour can be explained by age rather than personality, Avian Biology, 2025: 4 e03437 https://doi.org/10.1002/jav.03437
Паводле https://nsojournals.onlinelibrary.wiley.com падрыхтавала Марыя Кліменцьева
Здымак Паўла Лычкоўскага
На гэтую тэму:
Працяглае дзяцінства крумкачовых птушак – неабходная ўмова іх будучых поспехаў?
Крумкачы сталі першымі сінантропнымі птушкамі яшчэ 30 тысяч гадоў таму?
Негняздуючыя крумкачы жывуць дынамічным сацыяльным жыццём
Крумкачы паспяхова прайшлі тэст на планаванне будучыні
Крумкачы паспяхова выкарыстоўваюць змененае чалавекам асяроддзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ