‘Бэбі-бум’ у арлоў-шулякоў у год пандэміі COVID’а паказаў значнасць антрапагеннага фактара

арол-шуляк

Дзякуючы больш, чым 30 гадам маніторынгу гнездавання арла-шуляка (Aquila fasciata), арнітолагі з універсітэту Granada (UGR, Гішпанія), змаглі прадэманстраваць наколькі адсутнасць розных актыўнасцяў чалавека ў каранцін пад час пандэміі каронавіруса паўздзейнічала на паказчыкі размнажэння гэтага рэдкага віду драпежных птушак.

 Каб вызначыць рэальны ўплыў антрапагеннага фактара на гнездаванне віду, навукоўцы выкарысталі ‘прыродны эксперымент’, які адбыўся ў 2020-м годзе пад час суворага карантыну і абмежаванняў на перамяшчэнні людзей у краіне. У параўнанні з атрыманымі раней і пазней гэтага сезону гнездавання дадзенымі, якіх агулам атрымалася сабраць для больш, чым 1200 выпадкаў размнажэння, аказалася, што 2020-ы год быў самым паспяховым за 31 год маніторынгу: сярэдняя лічба птушанят на пару атрымалася ў гэты ‘кавідны’ год найбольшай.

José María Gil-Sánchez і Marcos Moleón, навукоўцы з факультэту заалогіі UGR і адны з сааўтараў артыкулу па выніках даследавання, сказалі: "Так атрымалася, што каранцін супаў з крытычным перыядам у размнажэнні арлоў: канцом інкубацыі і часам выкармлівання птушанят у гняздзе. Адсутнасць турбавання птушак людзьмі недалёка ад гнёздаў прывяла да выключных для нашага часу вынікаў і адначасова паказала як гэта магло быць раней, калі антрапагенны прэс не дасягнуў сучаснага ўзроўню”.

Даследаванне таксама паказала, што чалавечы фактар насамрэч нашмат большая небяспека для гнездавання віду, чым розныя прыродныя фактары. І найбольшыя пагрозы для арлоў - гэта паляванне на курапатак і дарожны і па-за дарожны рух людзей у гарах. “Пад час паляванняў на курапатак павялічваецца рызыка адстрэлаў дарослых арлоў, а птушанят ад атручвання свінцом з параненай паляўнічымі здабычы. Частае турбаванне гняздуючых птушак адбываецца турыстамі пад час пешых ўзыходжанняў у горы ці выкарыстання там горных ровараў”.

Вызначэнне рэальнага ўздзеяння людзей на дзікую прыроду - надзвычай цяжкая задача, таму што звычайна для параўнання няма ‘пункту адліку’ без антрапагеннай дзейнасці каб праверыць толькі змены абіятычных і біятычных фактараў асяроддзя: умоваў надвор’я, даступнасці здабычы ці канкурэнцыі за яе з іншымі відамі. Аднак у гэтым даследаванні атрымалася гэта зрабіць дзякуючы таму, што параўналі дадзеныя па размнажэнні арлоў за тры перыяды: прэкавідны (1994-2019), кавідны (2020) і паслякавідны (2021-24).

Крыніца: Jose María Gil-Sánchez et al. 2026 The COVID-19 lockdown unmasked the overwhelming impact of human activity on the breeding success of an endangered raptor, Biological Conservation (2026). DOI:10.1016/j.biocon.2025.111603

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Арол-шуляк: адкладзеная сенсацыя пра залёт новага для Беларусі віда птушак