Самкі маўрытанскіх буравеснікаў (Puffinus mauritanicus) летам мігрыруюць у Францыю без самцоў. Да такой нечаканай высновы прыйшлі нядаўна навукоўцы.
Міграцыйныя групы могуць быць выключна аднаполымі, пры гэтым самкі праводзяць больш часу на міграцыі.
Адзіны еўрапейскі крытычна пагражаемы від марскіх птушак – маўрытанскі, або балеарскі буравеснік, часта сустракаецца ў водах вакол Вялікабрытаніі, аднак яго гняздуючая папуляцыя аценьваецца толькі ў 3200 пар.
Даследчыкам упершыню атрымалася прасачыць за ўсімі перамяшчэннямі буравеснікаў на працягу ўсяго году. Зрабіла гэта міжнародная каманда з Оксфардзкага ўніверсітэту, Нацыянальнага акеанаграфічнага цэнтру, Брытанскай геалагічнай выведкі (British Geological Survey) і лакальных экспертаў з Майоркі (Mallorca), Гішпанія.
Большасць году птушкі праводзяць паблізу сваіх гнездавых тэрыторый у пячорах на ўзбярэжжы Балеарскіх астравоў. На прыканцы чэрвеня птушкі здзяйсняюць трохмесячную міграцыю па-за міжземнаморскі рэгіён, каб харчавацца ў атлантычных узбярэжжаў Іберыі і Францыі.
Даследчыкі павесілі на 26 буравеснікаў з гнездавой калоніі ў Майорцы ў 2010 годзе мініатурныя геалакатары, што дазволіла прасачыць іх міграцыйныя шляхі ў параўнальна два невялікія месцы. Адно знаходзіцца ў заходняга ўзбярэжжа Партугаліі, а другое – ля паўднёва-заходняй Брэтані. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў апошнім нумары часопіса PLoS ONE.
Атрымалася, што толькі самкі ляцяць на брэтонскія ўзбярэжжы, пры чым іх міграцыя туды і назад працягвалася даўжэй – у сярэднім 91 дзён у самак у параўнанні з 83 днямі ў самцоў.
Нават тыя самкі, якія не паляцелі да паўднёва-заходняй Францыі, правялі ў стане міграцыі больш часу, чым самцы. Што сведчыць пра агульную заканамернасць, якая можа быць не звязана толькі з тым, што летнія месцы харчавання самак знаходзіцца далей.
Атрыманыя вынікі будуць выкарыстаныя, каб захаваць балеарскіх буравеснікаў.
Паводле www.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ