Даведацца пра міжнародную каштоўнасць балота Грайна стала лягчэй

    У мінулы чацвер сябры грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) разам з прадстаўнікамі СПК “Макараўцы” ўсталявалі паміж вёскамі Грайна і Ярмолічы па краях нізіннага балота на ўзбочыне шашы Гродна – Вялікая Бераставіца адмысловыя інфармацыйныя шчыты. Цяпер мясцовыя жыхары і госці Гарадзеншчыны могуць без цяжкасцей даведацца пра каштоўнасць тутэйшых прыродных тэрыторый.

    Дзякуючы супольнаму праекту АПБ і Швэдзкага орніталагічнага таварыства SOF па стварэнню сеці захавальнікаў ТВП (Tэрыторый, важных для птушак), на чатырох ТВП у Беларусі будуць між іншым пазначаны іх самыя каштоўныя ўчасткі.
Адной з такіх ТВП, якая мае міжнароднае значэнне для захаванне глабальна пагражаемага віду птушак – вяртлявай чаротаўкі, ёсць заказнік “Свіслач”, якія знаходзіцца на мяжы Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў. Дзякуючы ініцыятыве АПБ і мясцовым уладам, орніталагічны заказнік існуе на плошчы ў 2317 га з 2003г. Але дагэтуль яго межы былі ніяк не пазначаны на мясцовасці. Таму інфармацыйныя шчыты не толькі дапамогуць мясцовым жыхарам даведацца пра міжнародную значнасць мясцін, каля якіх яны жывуць, але і прыцягнуць увагу турыстаў.
    Сець ТВП (=IBA па-англійску) складаецца з больш чым з 40 тысяч мясцін па ўсяму Свету, важных для захавання птушак і біяразнастайнасці ўвогуле і выдзяляецца адпаведна з крытэрамі, выпрацаванымі міжнароднай прыродаахоўнай асацыяцыяй BirdLife International. У Беларусі нацыянальным партнёрам асацыяцыі BirdLife International ёсць АПБ, сябры якой змаглі знайсці і апісаць амаль 50 ТВП на тэрыторыі нашай краіны. Большасць такіх тэрыторый мае розны прыродаахоўны статус. Аднак існуе шэраг ТВП або іх частак, якія пакуль што ніяк не ахоўваюцца.
     На жаль, у межы заказніка “Свіслач” не ўвайшла і таму не мае ніякага статусу аховы частка тэрыторыі нізіннага балота ў Гродзенскім раёне, на якой сябрамі АПБ пад час штогадовых улікаў таксама адзначаюцца вяртлявыя чаротаўкі. А сёлета батанічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Алега Созінава (сябра АПБ і дацэнта кафедры батанікі Гродзенскага дзяржуніверсітэту) былі знойдзены месцы вегетацыі вельмі рэдкай для Беларусі і Еўропы расліны - дудніка балотнага, якія занесены ў Чырвоныя кнігі нашай краіны, а таксама Польшчы і Латвіі.
Таму інфармаванне мясцовага насельніцтва пра неабходнасць адпаведнага стаўлення да іх родных мясцін – гэта толькі першы крок, за якім неабходна зрабіць наступныя: знайсці, навучыць і стварыць з неабыякавых мясцовых жыхароў сець захавальнікаў ТВП, ўключыць неахоўваемую частку нізіннага балота ў межы заказніка, прывесці гідралагічны рэжым балота ў такі стан, які дазволіць захаваць яго і балотных насельнікаў для нашых нашчадкаў. А каб зрабіць гэта найбольш адпаведным чынам, трэба працягнуць комплекснае навуковае даследаванне балота і яго жыхароў.

    Дзякуем за стварэнне і ўсталёўку інфармацыйных шчытоў Рыгора і Дзяніса Табуновых, Жоржа Гулеўскага і прадстаўнікоў СПК “Макараўцы” і імя Варанецкага, на землях якіх і знаходзіцца пазначанае нізіннае балота.

    Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ.
Здымак аўтара.

    PS Дарэчы, пад час ўсталёўкі інфармацыйных шчытоў атрымалася адзначыць новы для ТВП від птушак – арлана-белахвоста. Самую вялікую нашу драпежную птушку ў непалаваспелым апярэнні стараліся прагнаць найдалей ад свайго гнязда балотныя луні.
 

Comments