Генетычныя доказы сведчаць: моа адназначна вынішчылі людзі

 Моа былі разнастайнай групай вялікіх нелятаючых птушак, якія на Новай Зеландыі паспяхова замяшчалі раслінаедных звяроў. Найбольшыя прадстаўнікі гэтай групы дасягалі нават 3,5 метра ў вышыню! Хаця большасць навукоўцаў пагаджаліся, што ўсе 9 відаў моа зніклі праз непрацяглы час пасля прыбыцця на астравы Новай Зеландыі людзей у ХІІІ стагоддзі, аднак дэбаты наконт прычынаў знікнення птушак працягваюцца. 

Некаторыя тэорыі сцвярджаюць, што моа ўжо змяншалі сваю колькасць з-за зменаў у наваколлі або вулканічнай актыўнасці на астравах перад тым, як продкі маоры прыплылі ў Новую Зеландыю. Аднак даследаванне, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences (PNAS), не знайшло пацверджанняў гэтаму.  

Каб прааналізаваць стан папуляцый моа перад пачаткам і падчас іх вынішчэння, даследчыкі выкарысталі 2 розных віда ДНК ад 281 розных птушак 4 відаў: найбольшага прадстаўніка атраду – гіганцкага моа з Паўднёвага вострава South Island Giant moa (Dinornis robustus); таўстаногага моа Heavy-footed moa (Pachyornis elephantopus); усходняга моа Eastern moa (Emeus crassus); прыбярэжнага моа Coastal moa (Euryapteryx curtus). Замест таго, каб знайсці павольны заняпад гэтых птушак, была знойдзена генетычная разнастайнасць. 

"Тысячагоддзі перад знікненнем відаў характарызаваліся значнай ступенню іх генетычнай стабільнасці” – сказаў Мортэн Элентофт (Morten Allentoft), адзін з аўтараў даследавання з універсітэту Капенгагена (Данія).  

Фактычна Элентофт і яго каманда знайшлі, што знікненне моа адбылося так хутка, што нават не заставіла заўважных слядоў у геноме птушак – гэта значыць, што генетычных падставаў знікнення моа папросту не існавала. На працягу стагоддзя або двух пасля прыбыцця продкаў маоры на астравы Новай Зеландыі ўсе 9 відаў моа былі вынішчаны. Аўтары артыкулу называюць гэта “найбольш хуткім удакументаваным знішчэннем мегафауны чалавекам, вядомым на сёння”. 

Каб зрабіць свае высновы, навукоўцы даследавалі паслядоўнасць ДНК мітахондрый і мікрасатэлітарную ядравую ДНК птушак. Атрыманыя дадзеныя пацверджваюцца і археалагічнымі знаходкамі: на стаянках продкаў маоры знаходзяць кучы костак моа і шкарлупінне іх яек. Як і большасць астраўных жывёл, якія дагэтуль не ведалі людзей, моа іх не баяліся, што, канешне, значна аблягчала магчымасць наблізіцца да іх каб забіць.

Калі масава паляваць на птушак на ўсіх стадыях іх жыцця, то яны, канешне, не маюць шанцаў выжыць. Аднак хуткае вынішчэнне моа пацягнула за сабой знікненне і адзінага іх прыроднага ворага – арла Гааста Haast's eagle (Harpagornis moorei). Гэта быў адзін з найцяжэйшых пярнатых драпежнікаў на Зямлі, хаця размах яго крылаў не быў большы за многіх іншых арлоў вялікіх памераў. Пасля знікнення асноўнай здабычы – моа – драпежнік таксама быў вымушаны знікнуць праз непрацяглы час. 

Паводле www.news.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Малюнак з www.susan-thrasher.blogspot.com

 

На гэтую тэму:

 Вызначаныя ўсё віды моа

 МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

    Навукоўцы знайшлі метад атрымаць ДНК са шкарлупіння яек вымерлых відаў птушак

 Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК

 Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

 Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

  ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ