Нетрывіяльная ідэя па вывучэнні асаблівасцяў палявання сокала-падарожніка

сокал-падарожнік у палёце

Навукоўцы ўпершыню выкарыстаюць тэрмальную (інфрачырвоную) камеру, каб лепш зразумець асаблівасці палявання сокала-падарожніка (Falco peregrinus) у Вялікабрытаніі.

Каманда даследчыкаў з Nottingham Trent University хоча выкарыстаць такую не зусім звычайную прыладу, каб даведацца ці сокалы пастаянна прыносяць на гняздо свежую, толькі што забітую здабычу (тэмпература якой будзе большай) ці час ад часу таксама здабычу са схованак, дзе яна была назапашана “пра запас” (і тэмпература якой будзе заўважна меншай). Гэта таксама дасць магчымасць зразумець, ці сапраўды сокалы палююць уначы (выпадкі прыносу здабычу ў цёмны час сутак адзначаліся на розных гнёздах сакалоў-падарожнікаў), ці прыносяць здабытую ўдзень здабычу.

У даследаванні будзе ўдзельнічаць пара сакалоў, якая гняздуе на т.зв. будынку Ньютана (Newton building) універсітэту Nottingham Trent як мінімум апошнія дзесяць гадоў. За гэты час дзесяткі птушанят былі выгадаваныя і паспяхова выляцелі з гэтага гнязда.

Хутчэй за ўсё такі метад вывучэння асаблівасцяў харчавання драпежных птушак (і не толькі іх) будзе выкарыстаны ўпершыню. Дадаткова ён дасць магчымасць параўнаць асаблівасці палявання і харчавання сокалаў-падарожнікаў, якія гняздуюць ў антрапагенных і прыродных умовах.  

З ранейшых даследаванняў вядома, што  сокалы з “прыродных” папуляцый назапашваюць здабычу ў схованках (і не толькі падарожнікі). Асабліва часта гэта адбываецца ўзімку, калі магчымасцяў для пастаяннага паспяховага палявання могуць быць абмежаваныя. Аднак нашмат менш вядома пра гнездавы перыяд птушак з урбанізаваных месцапражыванняў.

У Беларусі апошні выпадак гнездавання сокала-падарожніка быў адзначаны ў далёкім 1973 годзе. З таго часу від не гняздуе ў нас ні ў гарадах, ні ў прыродзе.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.naturescapes.net

 

На гэтую тэму:

Начных драпежнікаў стала больш (+ VIDEO)

У Польшчы праз 32 гады вандроўны сокал зноў загнездаваў у лесе

Сокал-падарожнік зноў загняздуе ў Беларусі

Рэінтрадукцыя сокала-падарожніка ў Польшчы – чарговы паспяховы сезон + VIDEO

Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!