Калі вялікія белыя чаплі ((Egretta) Ardea alba) звычайна актыўна павялічваюць свае шанцы на поспех пад час паляванняў і для гэтага ходзяць і выглядваюць здабычу, пералятаюць і зноў выглядваюць, шэрыя чаплі (A. cinerea) хутчэй выбіраюць адпаведнае месца і чакаюць там на нешта значнае. Зразумела, што розныя тактыкі даюць і розныя вынікі: вялікія белыя чаплі ловяць часта, але дробную здабычу, а шэрыя рэдка, але вялікую. Ну і для назіранняў ды здымак першыя цікавейшыя, бо нешта робяць і рухаюцца, змяняючы позы і атачэнне, а не стаяць у роздуме як другія. Але з усяго бываюць выключэнні.
Гэтая шэрая чапля прызямлілася недалёка ад мяне перад востравам на Нёмане, даволі хутка выбрала сабе месца 'на чаканне' здабычы, але доўга чакаць ёй там не прыйшлося: прыкладна праз 3 хвіліны яна моцна і хутка зрабіла выпад перад сабой і тут пачалося самае цікавае:
Я спачатку не мог зразумець - няўжо чапля схапіла такую вялікую рыбіну, што не можа яе дастаць з вады? Аднак аказалася, што ёй трэба дастаць з вады не толькі рыбіну, якая і праўда была вялікай, але яшчэ і вырваць водную расліннасць, якая разам з рыбай апынулася ў дзюбе. Бо адно без другога дастаць было немагчыма.
Даволі хутка, бо прыкладна праз хвіліну, рыба з 'гарнірам' з раслін ужо была не толькі над вадой, але ўсё яшчэ ў дзюбе і цяпер праглынуць яе было параўнальна лёгкай справай, з чым чапля паспяхова і справілася.
Тым не менш, як аказалася, на гэтым абед птушкі не скончыўся)
Заканчэнне гісторыі ТУТ.
Гродна, 17-09-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ