Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

Штогод мільёны стракозаў ляцяць тысячы кіламетраў над акіянам з Паўднёвай Індыі ў Афрыку. Гэта сцвярджае Чарльз Андэрсан (Charles Anderson) – біёлаг і незалежны даследчык з Мальдыўскіх астравоў, які адкрыў самы доўгі міграцыйны шлях, вядомы для насякомых. Калі гэта сапраўды так, гэта будзе першы вядомы навуцы рэгулярны пралёт насякомых над адкрытым акіянам.
Адкрыццё прымушае памеркнуць знакамітыя міграцыі матылёў манархаў, якія лятаюць з Паўднёвай Канады на зімоўку ў Мексіку і назад, пераадольваючы штогод адлегласць каля 7 тысяч кіламетраў.

Штогод мільёны стракозаў прылятаюць на Мальдыўскія астравы – з’ява, добра вядомая мясцовым жыхарам.
"Але з кім бы я не размаўляў, ніхто не ведаў адкуль яны да нас прылятаюць.” – сказаў Андэрсан.
Іх з’яўленне было тым больш загадкавым, бо 1200 астравоў, якія і складаюць архіпелаг Мальдываў, знаходзяцца на адлегласці ад 500 да 1000 км ад Паўднёвай Індыі, ўсе з’яўляюцца па паходжанню каралавымі і на іх амаль няма прэснай вады, якая неабходная стракозам у пачатку іх жыццёвага цыклу.
Андэрсан адзначыў гэтую маштабную і ўнікальную з’яву адразу па прыбыцці на Мальдывы ў 1983 г.. З 1996 да гэтага года ён старанна занатоўваў назіранні свае, мясцовых жыхароў з іншых астравоў архіпелагу, Індыі і нават праплываючых побач караблёў.
Калі ён параўнаў гэтыя назіранні з датамі прылётаў стракозаў у Паўднёвую Індыю, атрымаліся цікавыя залежнасці дат паміж сабой – г.зн., што стракозы ляцелі з поўначы на поўдзень і, такім чынам, з пачатку масава з’яўляліся ў Паўднёвай Індыі, потым на галоўным востраве Мальдываў Мале, а затым на больш паўднёвых атолах. Штогод стракозы прылятаюць на Мале паміж 4 і 23 кастрычніка, дасягаючы піка сваёй колькасці ў лістападзе і снежні, пасля чаго даволі хутка знікаюць. Насякомыя прылятаюць вялізарнымі “хвалямі”, кожная з якіх не затрымліваецца даўжэй, чым на некалькі дзён. Больш за 98% усіх адзначаных на Мальдывах стракозаў гэта Globe skimmers (Pantala flavescens), аднак у невялікай колькасці таксама сустракаюцца і палева-пятністыя імператары (Anax guttatus), залётныя імператары (Vagrant emperors) (A. ephippiger), Twisters (Tholymis tillarga) і Blue perchers (Diplacodes trivialis).
Яшчэ больш цікава, што стракозы зноў з’яўляюца на астравах у красавіку-чэрвені.

Стала зразумела, што стракозы мігрыруюць з Паўднёвай Індыі на Мальдывы – так пракаментаваў свае назіранні Андэрсан. Гэта ўжо здзіўляе само па сабе, бо параўнальна невялікія істоты, якімі ёсць стракозы, пралятаюць ад 600 да 800 км над адкрытым акіянам. Аднак як дакладна яны гэта робяць застаецца загадкай, бо як мінімум у кастрычніку, пад час іх першых масавых з’яўленняў на Мальдывах, яны былі б вымушаны ляцець пераважна супраць вятроў.
 
Тым не менш, у кастрычніку пачынаецца смяшчэнне т.зв. сістэмы надвор’я Міжтрапічнай канвергентнай зоны (ITCZ) з Мальдываў на поўдзень, працягваецца гэта рэгулярная прыродная з’ява да студзеня. Вышэй ITCZ вятры дзьмуць у бок Індыі, а пад ёй – з Індыі. Гэта значыць, што стракозы могуць выкарыстаць гэтыя спадарожныя вятры для сваёй міграцыі, але на вышыні не меншай за 1000 м.
Аднак гэта яшчэ не канец іх здзіўляючага шляху.
З-за таго, што на архіпелагу няма падыходзячай для стракозаў прэснай вады, Мальдывы для іх толькі пункт прыпынку на далейшай вандроўцы ва Ўсходнюю Афрыку.
Для таго, каб даказаць сваю здагадку, Андэрсан сабраў доказы з паўночных часткі Сейшэльскіх астравоў, дзе стракозы пачынаюць з’яўляцца ў вялікай колькасці ўжо ў лістападзе – і гэта на адлегласці ў 2700 км ад Індыі! А ўжо ў снежні яны далятаюць на востраў Альдабра (таксама ў Сейшэльскім архіпелагу), які знаходзіцца на 1100 км яшчэ далей.
Цікава, што гэты кірунак і час міграцыі адпавядае перамяшчэнню ITCZ далей на поўдзень, аж да Ўсходняй Афрыцы з утварэннем спадарожных вятроў.
Таксама вядома, што стракозы віду Globe skimmer у вялікай колькасці прылятаюць ва Ўсходнюю і Паўднёвую Афрыку. Так, ва Ўгандзе яны адзначаюцца два разы на год: у сакавіку або красавіку і зноў у верасні, тады як далей на поўдзень, у Танзаніі і Мозамбіку, іх адзначаюць у снежні і студзені.
Гэтыя стракозы і раней былі вядомыя сваёй здольнасцю да далёкіх пералётаў. Іх сустракалі нават на вышыні ў 6300м – вышэй стракозы іншых відаў не адзначаліся. Калі спадарожны вецер будзе дапамагаць ім з хуткасцю 10км/гадзіну, стракозы даляцяць з Індыі да вострава Мале прыкладна за суткі.

Сабраныя ў адно дадзеныя кажуць пра тое, што стракозы маюць перавагу ад перамяшчэння сістэмы надвор’я (ITCZ) і адпавядаючых ёй мусонных дажджоў, каб здзейсніць сапраўды неверагодную міграцыю з Паўднёвай Індыі ва Ўсходнюю Афрыку і назад. Пры гэтым адлегласць, якую пераадольваюць насякомыя, дасягае 14-18 тысяч кіламетраў! 

"Пералічаныя віды стракозаў размнажаюцца і патрабуюць для стадыі лічынкі часовых вадаёмаў з дажджавой вадой. Таму яны перамяшчаюцца за дажджамі і па чарзе выкарыстоўваць мусоны ў Індыі, потым кароткі сезон дажджоў ва Ўсходняй Афрыцы, летні сезон дажджоў у Паўднёвай Афрыцы, доўгі сезон дажджоў ва Ўсходняй Афрыцы і на пры канцы зноў вяртаюцца ў сезон мусонаў у Індыю.” – так тлумачыць сэнс працяглага падарожжа Андэрсан. “Не менш здзіўляючым за гэтыя міграцыі ёсць тое, што да гэтага часу яны заставаліся незаўважанымі. Але гэта толькі яскрава ілюструе тое, як яшчэ мала мы ведаем пра навакольны свет дзікай прыроды” – дадае даследчык.

Як і для матылёў манархаў, якія трымалі рэкорд пераадольваемай насякомымі адлегласці да адкрыцця Андэрсана, стракозы здзяйсняюць поўны цыкл міграцыі на працягу чатырох пакаленняў.
Даследчык думае, што стракозы выжываюць пад час пералётаў над адкрытым акіянам дзякуючы лунаючаму палёту разам са спадарожным ветрам. Пад час міграцыі яны могуць харчавацца дробнай жамярой.

Не менш цікава, што шляхі міграцыі стракозаў і вялікай колькасці птушак, якія могуць імі харчавацца, супадаюць. Гэта зязюлі, лялякі, шчуркі і невялікія сокалы. Разам з насякомымі птушкі ляцяць тымі ж шляхамі і нават прыкладна на той жа вышыні з Паўднёвай Індыі на зімоўку ў Афрыку. Гэта можа сведчыць пра тое, што птушкі харчуюцца стракозамі пад час пералётаў.

Да гэтага ўжо былі рэгістрацыі групаў стракоз, якія ляцелі ў адкрыты акіян, так і над ім. Аднак лічылася, што гэта насякомыя, якія памыліліся кірункам з-за сваіх абмежаваных навігацыйных здольнасцяў. “Цяпер мы ведаем, што гэта больш сведчыць пра абмежаванасць нашага ўяўлення” – падкрэсліў Андэрсан.
 
Дэталі адкрыцця былі апублікаваныя ў часопісе Journal of Tropical Ecology.

Здымак Pantala flavescens з http://gallicissa.blogspot.com

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by

Comments

АV (госць) - 28.07.2009 - 23:32

незразумела, дзе выводзяцца гэтыя прамежкавыя пакаленні: "Як і для матылёў манархаў, якія трымалі рэкорд пераадольваемай насякомымі адлегласці да адкрыцця Андэрсана, стракозы здзяйсняюць поўны цыкл міграцыі на працягу чатырох пакаленняў." Інфа - вельмі цікавая.