З больш, чым паўгадовым спазненнем Еўрапейская камісія 13 ліпеня абвесціла, што прыняла распараджэнне, якое пасля апублікавання ўводзіць у жыццё сур’ёзныя абмежаванні на ўвоз, ўтрыманне і перамяшчэнні для шэрагу самых небяспечных відаў інвазійных для Еўропы інтрадуцэнтаў (чужародных відаў) раслін і жывёл.
На нашым кантыненце цяпер вядома ажно 12 тысяч відаў-інтрадуцэнтаў і сярод гэтай колькасці 1500 відаў ужо зарэкамендавалі сябе як сур’ёзныя шкоднікі.
Нарэшце ўзгоднены т.зв. Чорны Спіс можа быць выкарыстаны для прыярытэзацыі відаў па неабходнасці дзеянняў - як гэтага патрабуе міжнародная палітыка па біялагічных інвазіях. Аднак Спіс можна выкарыстаць не толькі для прыняцця важных і своечасовых рашэнняў, але і для выкарыстання як фармальнага індыкатара прагрэсу ў дасягненні пастаўленых мэтаў Канвенцыі па біялагічнай разнастайнасці (Convention on Biological Diversity). Адна з іх кажа пра тое, што “Да 2020 году інвазійныя чужародныя віды павінны быць вызначаныя і прыярытэзаваныя, прыярытэтныя віды мусяць кантралявацца або быць вынішчаныя, прынятыя меры па недапушчэнню іх інтрадукцыі і стварэнню ўстойлівых папуляцый”.
З-за таго, што рэсурсы на ахову прыроды і барацьбу з інвазійнымі інтрадуцэнтамі абмежаваныя, надзвычай важна было вызначыць якія віды ўжо цяпер або ў бліжэйшай будучыні з’яўляюцца найбольш шкоднымі і аказваюць непапраўнае ўздзеянне на тыя мясцовыя віды і экасістэмы, сярод якіх яны апынуліся па віне чалавека.
Паводле ранейшых рашэнняў Еўрапейскага парламенту і Рады ЭЗ яшчэ з канца 2014 году, Еўракамісія павінна была прыняць Спіс самых неябспечных відаў-інтрадуцэнтаў яшчэ на пачатку гэтага году. Аднак здарылася гэта толькі ў сярэдзіне мінулага тыдня. Прычым да самаго распараджэння далучаны доўгачаканы Спіс відаў (гл. ніжэй). Распараджэнне пачынае дзейнічаць пасля яго апублікавання – г.зн. ужо ў бліжэйшы час.
Відаў з гэтага Спісу датычаць наступныя абмежаванні і забароны:
Забароненыя завоз у краіны ЭЗ, вываз з ЭЗ, перамяшчэнне ў межах ЭЗ (за выключэннем транспарціроўкі для знішчэння) і ўсіх іншых шляхоў транспарціроўкі на тэрыторыі Эўразвязу (ў тым ліку перамяшчэнне транзітам пад мытным наглядам);
Забароненыя ўтрыманне, гадаванне, размнажэнне, вырошчванне і развядзенне, ў тым ліку і на ізаляваных аб’ектах;
Забароненыя выпуск у зварот, выкарыстанне ці абмен;
Забаронены выпуск у навакольнае асяроддзе.
Для пералічаных вышэй забарон ёсць наступныя выключэнні:
Уладальнікі жывёл, пералічаных у Спісе, якіх трымаюць для некамерцыйных мэтаў, маюць права іх пакінуць у сябе да іх натуральнай смерці ў выпадку, калі яны ўжо ўтрымліваліся перад уступленнем забароны ў сілу, жывёлы ўтрымліваюцца ізалявана і прыняты адпаведныя меры, якія не дазваляюць ім размнажацца і ўцячы. Тыя ўладальнікі, якія не могуць ці не выконваюць пералічаных абмежаванняў, будуць абавязаныя перадаць сваіх пітомцаў у адпаведныя цэнтры.
Уладальнікі “груп” такіх відаў, якія выкарыстоўваюцца для камерцыйных мэтаў і былі набытыя перад пачаткам дзеяння абмежаванняў, маюць права яшчэ два гады трымаць гэтыя віды, перамяшчаць жывымі альбо здольныя для размнажэння іх часткі ў мэтах продажу або перадачы цэнтрам, якія атрымаюць адпаведны дазвол. А на працягу году – таксама для продажу некамерцыйным карыстальнікам пры ўмове, што тыя будуць утрымлівацца ізалявана і не будзе магчымасці размнажацца і ўцячы.
Краіны – чальцы ЭЗ павінны стварыць сістэму, якая зробіць магчымай атрыманне дазволаў для цэнтраў, якія вядуць ці будуць весці навуковыя даследаванні ex situ гэтых відаў, альбо для выкарыстання для істотных медычных мэтаў пры ўмове, што будуць выканнаныя абмежаванні па іх ізаляцыі і папярэджанню ўцечкі.
Таксама краіны-чальцы ЭЗ пасля індывідуальнага дазволу ад Еўракамісіі могуць выдаваць дазволы на правядзенне іншых дзеянняў, чым пералічаныя вышэй (напрыклад, на ператрымку нежаданых жывёл забароненых відаў у спецыяльных цэнтрах).
Гандлёвае выкарыстанне ўжо інтрадукаваных у краіне відаў будзе магчымым толькі часова толькі калі мэтай з’яўляецца іх знішчэнне, кантроль альбо ізаляцыя папуляцыі, на аснове дэталёвага тлумачэння і пад умовай, што будуць прыняты адпаведныя меры каб пазбегнуць далейшага іх распаўсюджання.
Хаця распараджэнне Еўракамісіі наўпрост дзейнічае ва ўсіх краінах ЭЗ, для яго паспяховай рэалізацыі краіны павінны увесці шмат уласных прававых рэгуляцый і арганізацыйных рашэнняў, а таксама прадпрыняць адпаведныя дзеянні. На працягу наступных 18 месяцаў неабходна стварыць сістэму нагляду, ў якой будуць назапашвацца дадзеныя аб распаўсюджанні і сустрэчах забароненых відаў, выяўленне шляхоў іх непераднамеранага распаўсюджання або распаўсюду і вызначэнне прыярытэтных для супрацьдзеяння відаў. Для такіх відаў на працягу трох наступных гадоў трэба будзе прыняць і распачаць рэалізоўваць планы дзеянняў.
Акрамя гэтага, кожная краіна абавязана правесці адпаведныя адукацыйныя і інфармацыйныя кампаніі пра расліны і жывёл з Чорнага спісу, каб папярэдзіць іх далейшае распаўсюджанне.
“Чорны” Спіс інвазійных інтрадуцэнтаў, забароненых у Эўразвязе:
Расліны
Серабрысты бакхарыс Baccharis halimifolia
Каліфарнійская кабомба Cabomba caroliniana
Водны гіяцынт Eichhornia crassipes
Персідзкі баршчэўнік Heracleum persicum
Баршчэўнік Сасноўскага Heracleum sosnowskyi
Hydrocotyle ranunculoides
Вялікі лагарасіфон Lagarosiphon major
Вялікакветкавая людвігія Ludwigia grandiflora
Ручаёвая людвігія Ludwigia peploides
Амерыканскі тулейнік Lysichiton americanus
Myriophyllum aquaticum
Parthenium hysterophorus
Прадзіраўлены драсён Persicaria perfoliata (Polygonum perfoliatum)
Pueraria montana var. lobata (Pueraria lobata)
Безхрыбетныя жывёлы
Кітайскі краб Eriocheir sinensis
Луізіанскі рак Procambarus clarkii
Мармуровы рак Procambarus fallax f. virginalis
Сігнальны рак Pacifastacus leniusculus
Паласаты рак Orconectes limosus
Усходні амерыканскі рак Orconectes virilis
Жаўтаногі чорнаплечы шэршань Vespa velutina nigrithorax
Рыбы
Ратан-галавешка Perccottus glenii
Амурскі чабачок Pseudorasbora parva
Амфібіі
Жаба-бык Lithobates catesbeianus (Rana catesbeiana)
Рэптыліі
Чырвонавухая чарапаха Trachemys scripta
Птушкі
Усходняя варона Corvus splendens
Амерыканская саўка Oxyura jamaicensis
Свяшчэнны ібіс Threskiornis aethiopicus
Звяры
Вавёрка Палласа Callosciurus erythraeus
Шэрая вавёрка Sciurus carolinensis
Чорная вавёрка Sciurus niger
Сібірскі бурундук Tamias sibiricus
Амерыканская нутрыя Myocastor coypus
Кітайскі мунтджак Muntiacus reevesi
Малы мангуст Herpestes javanicus
Рыжая насуха Nasua nasua
Янот-паласкун Procyon lotor
Паводле www.ginacegatunki.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак знаку з самым распаўсюджаным відам-інтрадуцэнтам птушак – бажанам – яго ж.
На гэтую тэму:
ЕЎРАЗВЯЗ РАСПАЧНЕ БАРАЦЬБУ З ІНВАЗІЙНЫМІ ІНТРАДУЦЭНТАМІ
МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ
“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай
Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак
Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты
Прынц Чарльз ачоліў рух супраць самага вядомага віда-інтрадуцэнта ў Вялікабрытаніі
Аўстралійцы нарэшце ачысцяць краіну ад інтрадукаваных звяроў?
Смогут ли попугаи освоить природу Беларуси?
Уладальнік брытанскага заапарка аштрафаваны за выпуск інвазійнага віду ў прыроду
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Oleg Sozinov (госць) - 28.08.2016 - 10:58
Polygonum = Persicaria …
Polygonum = Persicaria (горец) - по белорусски драсён, а не рдэст
Harrier - 28.08.2016 - 20:33
In reply to Polygonum = Persicaria … by Oleg Sozinov (госць)
Дзякуй - паправіў.
Дзякуй - паправіў.
аев (госць) - 29.08.2016 - 14:30
ёсць блытаніна -інтрадуцэнты…
ёсць блытаніна -інтрадуцэнты, інвазійныя віды. Бажант лічыцца інтрадуцэнтам, але не інвазійным відам. А па нашаму закону: Инвазивные чужеродные дикие животные – дикие животные, находящиеся вне пределов их естественного ареала, образующие жизнеспособные популяции в состоянии естественной свободы, распространение и численность которых создают угрозу биологическому разнообразию.
Harrier - 29.08.2016 - 19:42
In reply to ёсць блытаніна -інтрадуцэнты… by аев (госць)
Перачытаў і блытаніны не…
Перачытаў і блытаніны не заўважыў. Ёсць інтрадуцэнты (чужародныя), сярод іх ёсць інвазійныя (якія хутка павялічваюць ці павялічылі сваю колькасць на новай тэрыторыі-акваторыі) і неінвазійныя.
Ёсць абарыгенныя віды. Сярод апошніх таксама ёсць інвазійныя і не.
Бажан - інтрадуцэнт, да інвазійных не адносіцца і нідзе ў тэксце да гэтай групы не аднесены, у Спіс забароненых у ЕЗ не трапіў.