З канца мінулага году і да канца зімы можна не выходзячы з цёплай хаты або офіса назіраць за птушкамі, якія засталіся на зіму ў Белавескай пушчы. Гэтая ўнікальная для Беларусі магчымасць ажыццявілася дзякуючы нашаму сайту “Птушкі штодня” (які ладзіць рэгулярныя он-лайн трансляцыі з гнёздаў сокала-пустальгі з 2010 году), Сяргею Сідаруку і Насце Хмель- гаспадарам экааграсядзібы “Залессе” ў аднайменнай вёсачцы, і Аляксандру Мінічу, сябру АПБ з Брэста. Зразумела, што без тэхнічнай падтрымкі уладальніка сервера stream360.pl з Польшчы і нашага пастаяннага партнёра, таксама нічога не атрымалася б.
Цікава, што хаця дапамога птушкам узімку ў нашай краіне мае параўнальна доўгія традыцыі – не менш 80 гадоў, назіраць за сталоўкай з дапамогай інтэрнету і гаджэтаў можна ў Беларусі ўпершыню.
Канец снежня, калі і распачалася он-лайн трансляцыя са сталоўкі, быў надзвычай цёплым для нашай краіны, таму і птушак, якія прыляталі харчавацца на сталоўку з лесу, было не так многа. Але цяпер, калі штодня і штоночы трымаецца мароз, гасцей на сталоўцы дадалося. Акрамя двух відаў сініц: вялікай і сіняй, рэгулярна наведваюцца сюды палявыя вераб’і, сойка, кавалік, сярэдні дзяцел. Апошні від нячаста атрымліваецца ўбачыць у нашых лясах і старых парках, а тым больш – на сталоўцы:
Вельмі магчыма, што акрамя ўжо пералічаных, менавіта Вам атрымаецца ўбачыць і іншыя. Каб зрабіць назіранні больш цікавымі, сайт “Птушкі штодня” абвяшчае конкурс на самых уважлівых назіральнікаў і размяшчэнне пад вакном трансляцыі скрыншотаў (здымкаў экрану) усіх відаў птушак, якіх Вы зможаце адзначыць за час трансляцыі на сталоўцы або побач з ёй дзякуючы камеры.
Кожны зарэгістраваны карыстальнік (зарэгістравацца на сайце трэба, каб выкладваць зробленыя з птушкамі скрыншоты), які да канца зімы выкладзе ў каментарах не менш 5 відаў птушак на здымках-скрыншотах са сталоўкі ў Залессі, атрымае ад арганізатараў трансляцыі невялікі сувенір. Ну і задавальненне ад назіранняў за птушкамі, канешне!
Адзначаных на сталоўцы птушак трэба вызначыць да віду і адпаведна падпісаць над скрыншотамі. А калі іх назбіраецца пяць, даслаць Дзьмітрыю Вінчэўскаму, рэдактару сайту, свае кантакты з паштовым адрасам на е-мэйл harrier@tut.by
Мяккай зімы нашым птушкам і ўдачы ўсім назіральнікам!
На гэтую тэму:
Як у школе арганізаваць дапамогу птушкам ўзімку?
Карміць ці не карміць птушак узімку?
Ахове птушак у Гродна – 80 гадоў
ПАЦВЕРДЖАНА, ШТО ГІЛІ ЗАСТАЮЦЦА Ў ТЫХ САМЫХ ПАРАХ НА ГАДЫ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
viewer (госць) - 06.03.2018 - 19:28
Интересно, каковы итоги…
Интересно, каковы итоги конкурса?
Harrier - 06.03.2018 - 20:07
In reply to Интересно, каковы итоги… by viewer (госць)
Падобна на тое, што ніхто не…
Падобна на тое, што ніхто не захацеў нашых прызоў ці не прачыталі гэтую абвестку = усе глядзелі і так :)
Peregrinus - 06.03.2018 - 21:52
In reply to Падобна на тое, што ніхто не… by Harrier
Ня праўда! Я ведаў - і…
Ня праўда! Я ведаў - і акрамя Дзьмітрыя найбольш актыўнічаў..