Беражаны 06-01-2010: ад парсючка да зелянушкі

    Пачалася наша сустрэча з птушкамі на сажалках Азота ля в.Беражаны даволі нечакана яшчэ за некалькі сот метраў да павароту на іх. Не гледзячы на мароз (-8), вецер і сьнег, вырашылі наведаць незамярзаючыя сажалкі вялікай сям’ёй, я, АV і два нашых ‘адналетніх’ сына 10 гадоў. Кіроўцам стала Тацьцяна Вінчэўская, за што ёй вялікі і шчыры дзякуй.

    Дык вось, пад’язжаем да сажалак, а насустрач нам з узбочыны ўзьлятаюць 2 крумкачы, далей амаль у лесе на нейкай падалі сядзіць канюх-мышалоў, а сваёй чаргі на галінцы недалёка чакае сарока. Канкурэнтаў у выглядзе людзей з машыны яны не сталі чакаць і адляцелі, кінуўшы амаль палову невялікага парсючка. Вось так, некаму гора, а некаму – шыкоўны сьняданак, абед і вячэра…
На сажалках нас чакалі не толькі качкі, якія пераляталі з адной на другую, ці кружлялі ў небе, чакаючы на наш адыход, але і лебедзі-шыпуны: на адной з іх было 25 дарослых і толькі 3 маладыя птушкі, а другую прыватызавала сям’я з 2 дарослых і таксама трох маладых. Адна за адной з трысьнягу паказаліся 3 лыскі, заўважылі мы і адну малую коўру, а таксама 23 шэрых чаплі. Звычайна яны адляталі загадзя, м за 50-60. Адна ж схавалася на беразе і чакала м да 15. Асабліва холадна было глядзець на адну з іх, якая застыла ў вадзе амаль па бруха – бр-р-р…
З дамбы я не адразу заўважыў каля замёрзлай найвялікшай сажалкі лісу. Яна таксама не адразу разабралася, што гэта за дзіўныя істоты рухаюцца м у 100 ад яе. А калі зразумела, хутка перабегла яшчэ адну дамбу і больш мы яе не бачылі.
На апошняй, самай туманнай сажалцы, дзе сабралася большасьць спалоханых намі качак, падлічыць іх было не проста. Таму ніжэй падаю мінімальную колькасьць адзначаных птушак:
Крумкач – 4
Сарока -1
Канюх-мышалоў -1
Шэрая чапля -23
Шыпун – 35 адульт + 6 юв
Крыжанкі – не менш 350
Вялікія савукі – 31
Малая коўра -1
Лыска -3
Вял. Сініцы – 5
Вусатая сініца -1
Зелянушка -1 – гэта была апошняя птушка, якую мы ўбачылі да ад’езду.

Фотаздымкі

Каментары