Нашы зубры для “нянашых”, або пра дарослых цімураўцаў

У гэты дзень была запланаваная штотыднёвая – адна з прыкладна 50 за год – паездка у заказнік “Гродзенская Свіслач” і яго наваколле. Зразумела, што мы не збіраліся ехаць глядзець на зуброў, бо яны знаходзяцца хаця і параўнальна недалёка, можна сказаць “пад Гродна”, але ў зусім іншым кірунку. Але выпадак змяніў нашы планы…

Пачалося ўсё як звычайна – мы наведалі розныя вадасховішчы на шляху да балота Грайна і пойму Свіслачы ў Водлы, потым я з расчараваннем адзначыў і здымаў на самім балоце плямістых аленяў (для нашай краіны гэта чужародны від, гэтыя алені яўна ўцяклі з вальеры суседняга калгасу некалькі гадоў таму, пачалі размнажацца, а зараз і рассяляцца ў наваколлі) – пра гэта будзе асобная гісторыя. А потым вярнуўся на дарогу, якая ідзе праз балота і ў трубу разглядаў тамтэйшых птушак.

Раптам побач прыпынілася машына. “Пэўна нейкі знаёмы” – падумаў я і падыйшоў, каб глянуць хто гэта. На маё здзіўленне, праз адчыненае вакно на мяне глядзеў пажылы спадар, які спытаў: “Something special ?” Я задумаўся на некалькі секундаў і па-ангельску адказаў яму, што менавіта цяпер гляжу на белашчокіх крычак.

Так пачалося наша знаёмства са шведзкім бёрдуотчарам, які спецыяльна прыехаў у Беларусь паглядзець на нашы “спецыяльнасці” і для гэтага арэндаваў у Мінску “шкоду”. Як аказалася, ні з кім з нашых гідаў ён не дамаўляўся і з тых відаў, на каго прыезджаў паглядзець (белая сініца, барадатая кугакаўка ды іншыя) у Тураў і ў Белавежскую пушчу, зразумела, нікога не ўбачыў. Пасля кароткай нарады з сябрам, з якім мы ездзілі, я прапанаваў шведу далучыцца да нашага маршруту і як мін паглядзець гуменную стрынатку і жаўрука-смецюха (што і атрымалася без асобых праблемаў), а потым, пасля заканчэння даследавання заказніка, мы паехалі паспрабаваць убачыць нашых гарадзенскіх зуброў. Трэба ж было неяк кампенсаваць яму няўдачы папярэдніх дзён, тым больш, па яго словах, зуброў ён яшчэ не бачыў.

Гарадзенскія зубры (агульнай колькасцю паміж 200 і 250 асобін) звычайна выходзяць з лесу ў адкрытыую пойму невялікай рэчкі, дзе харчуюцца, або зранку, або ўвечары. Зразумела, што можна іх там сустрэць і ўдзень, але ўвечары шанцы значна большыя. Мы паціхоньку праехалі ўсю адкрытую пойму, прыглядаліся да ўскрайкаў леса, але зуброў не было.

птушка

Былі зграйкі ўжо пралётных кнігавак, вялікія галубы нешта збіралі на палетках, побач палявалі канюхі і балотныя луні, спявалі палявыя жаўрукі і іншыя вераб’іныя, нават чорны бусел пераляцеў недалёка ад нас і сеў у спрамленую рэчку, а зуброў не было. Мы вярнуліся назад той жа дарогай і пачалі сумна жартаваць пра тое, што пэўна “нашаму” шведу зусім не шанцуе і дапамагчы яму мы не зможам. Мы ўжо амаль выехалі з тых мясцін, дзе зубры маглі б быць чыста тэарэтычна, як збоку ад машыны, даволі далёка, у полі нашага зроку мільганулі некалькі цёмных аб’ектаў. Мы прыпыніліся і ў трубу я ўбачыў адразу за полем кукурузы 7 зуброў!

зубры

зубры

Паказаць іх шведу ўжо было нецяжка, а потым мы змаглі (не без прыгод на пясчанай дарозе) пад’ехаць бліжэй і добра разгледзець іх параўнальна блізка перш, чым зубры павольна адыйшлі ў суседні з полем лес.

 

https://youtu.be/xeQB-ZsVOSs

Справа была зроблена, дзень заканчваўся і мы задаволеныя вярталіся ў Гродна.

 

 

На гэтую тэму:

Гарадзенскія зубры + VIDEO

Каментары

Дзякуй! На адной з заалагічных канферэнцый казалі, што зубры з Гродзенскай субпапуляцыі - самыя здаровыя ў параўнанні з іншымі беларускімі.