У 2018 годзе афіцыйна прызналі зніклымі яшчэ 3 віды птушак

Адным з самых сумных вынікаў гэтага году ёсць, без сумневаў, канчатковая страта надзеі на існаванне трох наступных відаў птушак: чорнатварага медасоса Po`ouli (Melamprosops phaesoma) з Гаваяў і двух эндэмікаў Бразіліі, скрытнага мурашкаеда CrypticTreehunter (Cichlocolaptes mazarbarnetti) і алагоаскага мурашкаеда Alagoas Foliage-gleaner (Philydor novaesi).

Інтэнсіфікацыя дзейнасці чалавека прыводзіць да рэзкага павелічэння тэмпаў знікнення біялагічных відаў – паводле апошніх ацэнак, нават ад 100 да 1000 разоў – у залежнасці ад таксона.  

Выкарыстоўваючы новы падыход да ацэнкі колькасці рэдкіх і знікаючых відаў, каманда навукоўцаў з глабальнай асацыяцыі BirdLife International, прапанавала з гэтага году змяніць статус трох відаў птушак з “магчыма зніклых” на “афіцыйна зніклых”. Гэта  прадстаўнік гавайскіх медасосаў - чорнатвары медасос, - апошняя пацверджаная рэгістрацыя якога адбылася ў 2004 годзе. Скрытны мурашкаед фармальна як асобны від быў апісаны ў 2014 годзе і вылучаны з алагоаскага мурашкаеда, які цяпер таксама прызнаны зніклым. Першы быў адзначаны апошні раз у 2007 годзе, другі – у 2001-м.

Яшчэ адзін эндэмік Бразіліі – блакітны ара (Спікса) (Cyanopsitta spixii) — упершыню сустрэты еўрапейцамі яшчэ ў 1638 годзе, у 1819, калі быў здабыты і фармальна апісаны для навукі, гэты вялікі і яркі папугай ужо быў рэдкім. З-за адлову для продажы ў якасці хатніх гадаванцаў, паляванняў і знішчэння старых дрэваў Caraiba, з якімі папугаі моцна звязаны, від непазбежна набліжаўся да знікнення і апошняя птушка ў прыродзе была адзначана ў  2016-м. З 1990 году пачаліся актыўныя дзеянні па развядзенні віду ў няволі для наступнай рэінтрадукцыі ў прыроду. Ключавая падзея, якая моцна павялічыла надзею на магчымасць вяртання віду, які цяпер прызнаны “зніклым у прыродзе”, адбылася ў 2000-03 гады. Менавіта тады шэйх Катара Saud bin Muhammed bin Ali Al-Thani выкупіў усіх макао Спікса з двух самых вялікіх пітомнікаў-калекцый і перадаў іх на развядзенне у створаную на яго грошы Al Wabra Wildlife Preservation. І хаця ўсе вядомыя цяпер папугаі паходзяць ад усяго 7 асобін, ужо прыкладна 130 птушак жывуць у пітомніку на сённяшні дзень. У планах навукоўцаў павялічыць колькасць блакітных ара ў няволі да 150 у 2020 годзе. Гэта дазволіла ўраду Бразіліі запланаваць першыя выпускі віду ў прыроду да 2021 году.

Крыніца:

Butchart, Stuart H.M.; Lowe, Stephen; Martin, Rob W.; Symes, Andy; Westrip, James R.S.; Wheatley, Hannah (2018)"Which bird species have gone extinct? A novel quantitative classification approach"Biological Conservation227: 9–18. doi:10.1016/j.biocon.2018.08.014

Паводле www.mashable.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чорнатварага медасоса з http://hbs.bishopmuseum.org

 

 

На гэтую тэму:

Дзесяць астраўных відаў птушак, якіх мы страцілі назаўсёды

На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Блакітны ара ўпершыню ў нашым стагоддзі адзначаны ў прыродзе!

Вяртанне грывастага ібіса ў Еўропу праз 400 гадоў адсутнасці - контраверсійны праект працягваецца

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення 

Самая рэдкая птушка Свету адзначана ў Бразіліі

10 гісторый поспеху пра 10 відаў птушак, якіх атрымалася выратаваць ад знікнення