Ізраіль: папугаі і майны замест ‘сваіх’ птушак?

Новае даследаванне паказала, што ў той час, як многія абарыгенныя для Ізраіля віды птушак маюць праблемы і змяншаюць сваю колькасць, некаторыя чужародныя віды хутка яе павялічваюць і распаўсюджваюцца.

У публікацыі, зробленай супрацоўнікамі Israel Institute of Technology (Technion) гаворыцца пра тое, што 75% найбольш звычайных абарыгенных для Ізраіля відаў птушак зменшылі сваю колькасць на працягу апошніх 15 гадоў. Калі колькасць дамовых вераб’ёў зменшылася за гэты час на 28%, то акуляравых бюльбюляў (Pycnonotus xanthopygos) стала менш на 45%.

Тады як папуляцыі відаў-інтрадуцэнтаў значна павялічыліся за тыя ж гады: індыйскіх майнаў (Acridotheres tristis) стала больш у 2,5 разы, а папугаяў-манахаў (Myiopsitta monachus)  і  папугаяў Крамера (Psittacula krameri) больш, чым у 8 разоў

"Нас вельмі непакоіць, што нашы віды змяншаюць сваю колькасць” – сказаў праф. Assaf Shwartz з Technion. “Я баюся, што праз нейкі час мае ўнукі не змогуць убачыць раней звычайных у нас вераб’ёў ці бюльбюляў”.

Змены ў землекарыстанні, асабліва хуткая ўрбанізацыя, прывялі да змяншэння колькасці некаторых абарыгенных відаў птушак, адначасова дапамагаючы інвазійным чужародным відам павялічыць сваю колькасць і месцы распаўсюджання. Было паказана, што дагэтуль значнае змяншэнне колькасці “сваіх” відаў адбываецца на тэрыторыях, змененых дзейнасцю чалавека. Аднак негатыўныя змены пачынаюць назірацца і ў прыродных біятопах.

Акрамя гэтага, майны і папугаі – больш агрэсіўныя і параўнальна лёгка перамагаюць у канкурэнцыі за ежу і бяспечныя месцы гнездавання з абарыгеннымі відамі птушак.

Даследчыкі папярэджваюць, што негатыўныя змены і значнае спрашчэнне складу авікомплексаў вядзе да іх няўстойлівасці і заклікаюць да правядзення мерапрыемстваў па змяншэнню колькасці і распаўсюджання чужародных відаў птушак.

Крыніца:

Colléony, A & Shwartz, A. 2019. When the winners are the losers: Invasive alien bird species outcompete the native winners in the biotic homogenization processBiological Conservation, DOI: https://doi.org/10.1016/j.biocon.2019.108314

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак папугая-манаха Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

У МАДРЫДЗЕ БУДУЦЬ КАНТРАЛЯВАЦЬ КОЛЬКАСЦЬ ПАПУГАЯ-ІНТРАДУЦЭНТА

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак

Як папугаі-інтрадуцэнты вынішчаюць рэдкіх мясцовых кажаноў

Папугаі ў нямецкіх гарадзкіх “джунглях

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

ПАСПЯХОВЫЯ ІНВАЗІІ ЧУЖАРОДНЫХ ВІДАЎ ПТУШАК АДБЫВАЮЦЦА Ў ПЭЎНЫХ МЕСЦАХ