Новы, эндэмічны від ягадаеда, які ўпершыню быў адзначаны ў заходняй частцы Новай Гвінеі яшчэ ў 2014 годзе, дачакаўся дэталёвага апісання і параўнання з іншымі відамі сямейства і быў фармальна прызнаны як раней невядомы для навукі від толькі цяпер.
У воблачным лесе гор Kumawa ў заходняй чвстцы Новай Гвінеі, якая належыць Інданезіі, арнітолагі ўпершыню ўбачылі птушак невядомага ім ягадаеда, якіх яны не змаглі аднесці да раней вядомых прадстаўнікоў роду Melanocharis 7 гадоў таму. Другая сустрэча з гэтымі птушкамі адбылася там жа, праз 3 гады пасля першай і быў сабраны адпаведны матэрыял для апісання і генетычнага параўнання з ужо вядомымі відамі. Новы від атрымаў назву ‘сацінавы ягадаед’ Satin Berrypecker (Melanocharis citreola).
Хаця арнітолагі спачатку лічылі, што сацінавы ягадаед найбольш блізкі да даўгахвостага M. Longicauda, бо гэтыя два віды выглядаюць знешне найбольш падобна, аднак пасля параўнання геномаў аказалася, што новаапісаны від насамрэч бліжэй да стракатага ягадаеда M. striativentris. І разышліся гэтыя віды прыкладна 2 мільёны гадоў таму.
Філагенетычны аналіз усіх вядомых на сёння прадстаўнікоў сямейства Melanocharitidae, уключна з усімі радамі (Toxorhamphus, Oedistoma, Rhamphocharis і Melanocharis), паказаў, што гэтае сямейства цалкам эндэмічнае для вострава Новая Гвінея і большасць яго прадстаўнікоў сфармавалася пад час падняцца вострава з акіяна ў сярэднім і познім міяцэне (ад 14 да 6 мільёнаў гадоў таму), галоўным чынам дзякуючы зменам у форме дзюбы і сігнальнай афарбоўкі.
"Адкрыццё і апісанне новых відаў птушак па ўсяму Свету застаецца адным з самых цікавых выклікаў для арніталогіі” – сказаў галоўны сааўтар артыкула па выніках апсіання Dr Borja Milá. "Нешмат рэгіёнаў засталося з падобныя да горных раёнаў Новай Гвінеі патэнцыялам да апісання новых відаў і флоры, і фауны, якія тут даследаваныя параўнальна слаба”.
Яшчэ адна выснова, атрыманая даследчыкамі пасля параўнання геномаў розных відаў ягадаедаў у тым, што хутчэй за ўсё чорны ягадаед M. nigra насамрэч прадстаўляе комплекс відаў, але каб канчаткова ўпэўніцца ў гэтым, будуць патрабныя дадатковыя даследаванні.
Крыніца: Milá B, Bruxaux J, Friis G, Sam K, Ashari H & Thébaud C. 2021. A new, undescribed species of Melanocharis berrypecker from western New Guinea and the evolutionary history of the family Melanocharitidae. Ibis. DOI: https://doi.org/10.1111/ibi.12981
Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Апісаны 5 новых відаў і 5 падвідаў птушак з трох астравоў Інданезіі
Новы від бюльбюляў апісаны з Барнэа
Два новыя віды птушак апісаны ў Інданезіі
Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!
Другі новы для навукі від птушак апісаны за год на невялікім востраве
Новы, эндэмічны від птушак апісаны ў Новай Зеландыі
Новы для навукі від калібры адразу трапіў у катэгорыю крытычна пагражаемых
У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга
У інданезійскай частцы Новай Гвінеі апісаны новы від райскай птушкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ