Міжнародная каманда даследчыкаў пасля працяглых назіранняў і параўнанняў знайшла, што эмбрыёны аблігатных гнездавых паразітаў рухаюцца пад час свайго росту і развіцця значна больш, чым эмбрыёны іншых відаў птушак. Хутчэй за ўсё ў выніку такія птушаняты вылупляюцца больш моцнымі і здольнымі актыўна шукаць і выкідваць з гнязда патэнцыйных канкурэнтаў – яйкі ці птушанят прыёмных бацькоў.
Аблігатныя гнездавыя паразіты – параўнальна невялікая група прадстаўнікоў розных таксонаў, якія заўсёды падкідваюць свае яйкі ў гнёзды іншых відаў птушак для наступнай інкубацыі і выгадоўвання імі птушанят. Звычайна – але не заўсёды – эмбрыёнам гнездавых паразітаў да вылуплення патрэбна менш часу інкубацыі, чым яйкам віда-гаспадара гнязда. І для таго, каб загадзя знішчыць магчымую канкурэнцыю за ежу і ўвагу ад прыёмных бацькоў, птушаняты гнездавых паразітаў стараюцца адразу выкінуць за гняздо яйкі, а часам і іншых птушанят якія ў гэтым гняздзе знаходзяцца. Аднак для гэтага патрэбны не толькі іншы механізм актывацыі рухаў, які ў птушанят зязюлі, напрыклад, уключаецца са зніжэннем тэмпературы на гняздзе, а не наадварот як у большасці гнездавых птушанят – з яе падвышэннем. Змяншэнне тэмпературы на гняздзе значыць, што дарослая птушка не сядзіць на ім і рэштках сваёй кладкі і таму можна бесперашкодна шукаць і выпіхваць з гнязда патэнцыйных канкурэнтаў. Для гэтага таксама патрэбна шмат сілы, якая, хутчэй за ўсё і раўзвіваецца яшчэ ў яйку на стадыі эмбрыёна.
Пад час шматгадовых даследаванняў навукоўцы сабралі 437 яек ад 14 відаў птушак з розных краін і кантынентаў, сярод якіх былі яйкі і гнездавыхпаразітаў, і відаў са звычайным размнажэннем. Пасля яйкі змяшчаліся ў інкубатар і з дапамогай спецыяльнага бясшкоднага для эмбрыёнаў лазера, праграма адсочвала рухі эмбрыёнаў. Аказалася, што ўсе эмбрыёны паразітычных відаў рухаліся значна больш, чым эмбрыёны непаразітычных відаў на апошніх стадыях іх развіцця:
Крыніца: Stephanie C. McClelland et al, Embryo movement is more frequent in avian brood parasites than birds with parental reproductive strategies, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2021). DOI: 10.1098/rspb.2021.1137
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак птушаня зязюлі і балотнай чаротаўкі Сяргея Чарапіцы
На гэтую тэму:
Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі
Глядзі за суседзямі – можа яны не тыя, на каго падобныя?
Гнездавыя паразіты і гаспадары: хто каму дапамагае?
Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела
Асаблівасці гнездавога паразітызму звычайнай зязюлі на чаротаўках
З незвычайнага жыцця звычайнай зязюлі. Частка І
З незвычайнага жыцця звычайнай зязюлі. Частка ІІ
Зязюлі запалохваюць птушак, якім падкінулі свае яйкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ