Драпежныя птушкі Еўропы гінуць ад свінцовага шроту паляўнічых у сваёй здабычы

Паводле высноваў першага еўрапейскага даследавання па ўздзеянню свінцовай паляўнічай амуніцыі на розныя віды драпежных птушак, свінцовы шрот у забітых і параненых паляўнічымі жывёлах, якія становяцца здабычай драпежнікаў, атручае іх. Таму памеры іх папуляцый на нашым кантыненце яўна меншыя, чым маглі б быць.

Свінец, які трапляе ў арганізм арлоў, арланаў, каршуноў і іншых драпежных птушак пасля таго, як яны харчуюцца падаллю ці падранкамі пасля паляванняў чалавека, у залежнасці ад дозы або паступова прыводзіць да гібелі, або змяняе фізіялогію і паводзіны птушак.

Навукоўцы з Кембрыджзкага ўніверсітэту (Вялікабрытанія) разам з калегамі з Leibniz Institute for Zoo and Wildlife Research (Leibniz-IZW, Германія) выкарысталі атрыманыя пачынаючы з 1970-х гг.  дадзеныя з 13 еўрапейскіх краін пра канцэнтрацыю свінца ў печані больш 3 тысяч знойдзеных мёртвымі драпежных птушак для разлікаў эфекту выкарыстання свінцовай паляўнічай амуніцыі на іх смяротнасць. Такім чынам атрымалася, што для 10 відаў толькі атручванне свінцом паляўнічага шроту з іх здабычы прывяло да адсутнасці прыкладна 55 тысяч асобін дарослых прадстаўнікоў атраду Шулякападобных у небе Еўропы.

Падобна да грыфаў, іншыя віды драпежных птушак вялікіх і сярэдніх памераў таксама хаця б у зімовы час стараюцца выкарыстоўвываць падліну ў якасці асноўнай ці значнай крыніцы ежы. Гэта арлы, арланы, каршуны. Іншыя віды – напрыклад, сокалы і шулякі-галубятнікі, могуць атрымаць ‘сваю порцыю’ свінца, калі здабываюць падранкаў, падстрэленых, але не забітых паляўнічымі. Рэнтгенаўскія здымкі адлоўленых у прыродзе розных відаў дзікіх качак паказалі, што ў сярэднім да чверці жывых птушак маюць у сваім целе розную колькасць шроту – г.зн. некалі былі параненыя паляўнічымі. Зразумела, што такія асобіны і жывуць менш, і іх лягчэй здабыць драпежнікам.

Найбольшыя страты панеслі арлы і арланы, якія часцей харчуюцца падаллю (у тым ліку рэшткамі жывёл, якія загінулі пад час паляванняў чалавека), доўга жывуць (і так назапашваюць летальную дозу атруты), позна пачынаюць размнажацца і маюць няшмат патомкаў. Так, напрыклад, паводле разлікаў навукоўцаў, папуляцыя арлана-белахвоста (Haliaetus albicilla) меншая чым магла б быць на 14% толькі з-за атручвання арланаў свінцом з паляўнічай амуніцыі ў іх ежы на працягу мінулага стагоддзя.

Разлічаныя негатыўныя эфекты на папуляцыі арла-маркута (Aquila chrysaetus) і белагаловага сіпа (Gyps fulvus) аказаліся блізкімі да сябе і арлана-белахвоста – яны адпаведна меншыя на 13% і 12%, чым тэарэтычна маглі б быць. Усяго ж атрымалася вызначыць ажно 10 відаў драпежнікаў, для якіх толькі свінцовы шрот зменшыў іх папуляцыі ў Еўропе як мінімум на 6%.

Для іншых відаў драпежных птушак, напрыклад, канюха-мышалова (Buteo buteo), еўрапейская папуляцыя без атручвання свінцом магла б быць большай на 1,5%. Здаецца, гэта не так і многа, але калі ўлічыць колькасць віда і яго шырокае распаўсюджанне на кантыненце, то гэта маглі б быць прыкладна яшчэ 22 тысячы дарослых птушак.

І хаця, як сцвярджаюць навукоўцы, у многіх краінах Заходняй Еўропы існуе лёгкадаступная замена шроту са свінца і іншай паляўнічай амуніцыі, большасць паляўнічых яе ігнаруе.

У сваім папярэднім даследаванні навукоўцы з Кембрыджу знайшлі, што больш за 99% бажанаў, якіх выпускаюць у Вялікабрытаніі для паляўнічых, тыя забіваюць свінцовым шротам. І гэта негледзячы на заклікі цалкам перайсці на выкарыстанне нетаксічнай для навакольнага асяроддзя амуніцыі да 2025 году.

"Выкарыстанне паляўнічымі свінцовай амуніцыі, якое працягваецца, азначае, што гэты занятак ніяк не можа лічыцца ўстойлівым выкарыстаннем прыродных рэсурсаў да таго часу, пакуль прынамсі гэта зменіцца” – сказаў Prof Rhys Green, галоўны сааўтар публікацыі па выніках даследавання і навуковец ва University of Cambridge і RSPB. "На жаль, заклікі да паляўнічых да дабраахвотнай адмовы ад свінца застаюцца цалкам неэфектыўнымі” сказаў ён. "Адпаведна з атрыманымі намі ацэнкамі, супраць атручвання драпежных птушак свінцом павінны быць прынятыя заканадаўчыя меры, аналагічна знішчэнню месцапражыванняў і атручванню ядамі на прынадах”.

На сённяшні дзень толькі 2 еўрапейскія краіны, Данія і Нідэрланды, забаранілі свінцовы шрот. Данія мае планы ў бліжэйшыя гады забараніць і выкарыстанне паляўнічымі свінцовых куляў. Акрамя гэтага, Еўрапейскі звяз прыняў рашэнне забараніць выкарыстанне свінцовага шроту і іншай свінцовай амуніцыі для паляванняў, якія адбываюцца на водна-балотных угоддзях і забарона ўступае ў сілу з гэтага году, негледзячы на супраціўленне паляўнічага лобі.


Крыніца: The impact of lead poisoning from ammunition sources on raptor populations in Europe, Science of the Total Environment (2022). DOI: 10.1016/j.scitotenv.2022.154017

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак арла-маркута Сяргея Зуёнка

 

 

На гэтую тэму:

Еўразвяз забараніў выкарыстанне свінцовай амуніцыі для палявання на водна-балотных ўгоддзях

Драпежныя птушкі гінуць на ветраных электрастанцыях y Нідэрландаx

Агляд лічбаў і відавога складу птушак, якія загінулі з-за рыбалоўных прыладаў у польскай частцы Балтыкі ў 1970-2018 гг

Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак