Спіс арнітафауны Польшчы афіцыйна павялічыўся на 5 відаў

У свежым нумары навуковага часопіса Ornis Polonica быў апублікаваны чарговы гадавы агляд Komisji Faunistycznej паведамленняў пра назіранні рэдкіх відаў птушак у Польшчы за мінулы, 2021 год. Праз нейкі час гэтая публікацыя стане агульнадаступнай на сайце камісіі.

Усяго было разгледжана 247 рэгістрацый за 2021 год і яшчэ 13 за папярэднія гады, яны тычацца 85 відаў і падвідаў птушак. У 2021 годзе да спісу арнітафауны Польшчы дадаліся ажно 5 новых відаў: байкальская качка-цыранка (Sibirionetta formosa), ціхаакіянскі гагач (Gavia pacifica), чарнагорлая завірушка (Prunella atrogularis), паўночны грычун (Lanius borealis) i шэрагаловая стрынатка (Schoeniclus spodocephala). Такім чынам, у спісе птушак Польшчы стала 467 відаў. Нагадаем, что ў 2010 годзе ў Спісе было 250 відаў птушак.

Іншыя вельмі цікавыя назіранні гэта: трэція рэгістрацыі шэрай сеўкі (Pluvialis dominica), стэпавага жаўрука (Melanocorypha calandra) (папярэдняя адбылася 143 гады таму) i пячураўкі-талаўкі (Phylloscopus borealis); чацьвёртая рэгістрацыя ўсходняй туркаўкі (Streptopelia orientalis); пятая рэгістрацыя жоўтаногага куліка (Tringa flavipes), пятыя і шостыя падкаменкі-танцоркі (Oenanthe isabellina) i алтайскай пячураўкі (Phylloscopus humei), шостая рэгістрацыя амерыканскага перавозчыка (Actitis macularius), сёмая каралінскай качкі-цыранкі (Anas carolinensis), а таксама сёмая і восьмая паўночнай мармытулі (Iduna caligata).

Была зацверджана рэкордная колькасць залётаў паўночнай олушы (Morus bassanus), арла-магільніка (Aquila heliaca) і стрынаткі-рэмеза (Emberiza rustica). Акрамя гэтага, пацверджаны другі і трэці выпадак гнездавання садовай чаротаўкі (Acrocephalus dumetorum), а таксама невялікі ‘налёт’ пагонічаў-крошак (Zapornia pusilla), які ‘скончыўся’ першым за больш чым 160 гадоў пацверджаным гнездаваннем віда ў краіне.

Паводле Ornis Polonica і Komisja Faunistyczna падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымку з www.clanga.com першы для Польшчы ціхаакіянскі гагач, якога знайшоў і сфатаграфаваў Zbigniew Kajzer

 

 

На гэтую тэму:

Першая міжземнаморская чайка ў Польшчы – як гэта было

Першая шпорцавая кнігаўка ў Польшчы: як гэта было

Першы для Польшчы свірстун Гадлеўскага адзначаны на выходных

У Польшчы стала на адзін гняздуючы від больш

Садовая чаротаўка – новы гняздуючы від для Польшчы

Выйшла кніга “Rzadkie ptaki Polski” – кампедыюм назіранняў рэдкіх відаў у суседзяў