Для міграцыі бялкі аказаліся не менш важнай крыніцай энергіі птушак, чым тлушчы

Каманда навукоўцаў з University of Massachusetts Amherst (ЗША) нядаўна зрабіла нечаканае адкрыццё дзякуючы выкарыстанню аэрадынамічнай трубы. Аказалася, што пад час сезонных міграцый птушкі выкарыстоўваюць як крыніцу энергіі не толькі вялікую колькасць тлушчоў, але і бялкоў.

Дагэтуль лічылася, што бялкі могуць выкарыстоўвывацца пералётнымі птушкамі толькі ў самым канцы пералёта, калі ў іх заканчваецца назапашаны перад пералётам тлушч, а неабходнае для птушкі месца зімоўкі ці гнездавання яшчэ не дасягнутае. Логіка была ў тым, што ‘спажыванне’ для энергіі бялкоў – а фактычна мышцаў, якія неабходныя птушцы для палёту, выглядае контраверсійным.

"Птушкі – жывёлы, якія працягваюць нас здзўляць” – сказаў Cory Elowe, даследчык з UMass Amherst і галоўны аўтар публікацыі па выніках даследавання. “Яны – сапраўдныя атлеты, якія могуць ляцець нават сотні гадзін, напрыклад, з Канады ў Паўднёвую Амерыку. Але як гэта магчыма, адкуль яны бяруць для гэтага энергію?”

Доўгі час лічылася, што тлушчы – асноўная крыніца энергіі для падобных міграцыйных пералётаў птушак. “Птушкі ў нашых тэстах ‘спальвалі’ тлушчы на пастаяннай аснове пад час усяго пералёту” – сказаў Elowe. "Аднак мы таксама знайшлі, што яны найбольш інтэнсіўна ‘спальвалі’ бялкі ў самым пачатку міграцыі, а па меры яе працягу выкарыстанне бялкоў у якасці крыніцы энергіі значна змяншалася”.

"Гэта новы інсайт” – сказаў prof. Alexander Gerson з UMass Amherst і сааўтар публікацыі. “Раней не было магчымасці з такой дакладнасцю памераць выкарыстанне бялкоў пад час палёту птушак. Было вядома, што птушкі ‘спальваюць’ бялок, аднак не ў такой ступені і не так рана пад час міграцыі. Не менш здзіўляе тое, што, напрыклад, невялікая вераб’іная птушка можа ‘страціць’ да 20% масы мускулаў і потым аднавіць іх на працягу наступных некалькіх дзён”.

Каб атрымаць гэтыя дадзеныя, Elowe працаваў разам з кальцавальнікамі птушак на Long Point Bird Observatory, што ў канадзкай правінцыі Ontario, на паўночным узбярэжжы возера Erie. Пад час восеньскай міграцыі сярод сотняў тысяч іншых птушак, там былі адлоўлены 20 чорнагаловых лясных пявуноў (Setophaga striata) – далёкадыстанцыйных мігрантаў, і таксама 44 міртавыя лясныя пявуны (S. coronata) – блізкадыстанцыйныя мігранты. Пасля гэтага птушак адвезлі ў Advanced Facility for Avian Research у Western University, дзе ёсць адмысловая для назіранняў палёту птушак аэрадынамічная труба.

Там Elowe мераў масу тлушчу птушак і вылічваў т.зв. LBM (lean body mass) – масу цела без тлушчу перад пачаткам палёту і пасля яго. Для гэтага птушак, для якіх вядомыя начныя пералёты пад час міграцыі, пасля заходу сонца выпускалі ў аэрадынамічныю трубу на наступныя суткі ці больш (да 28 гадзін) – да таго часу, пакуль яны не сядуць адпачываць. Тады даследчыкі зноў правяралі масу цела, тлушча і вылічвалі LBM.  

"Адным з найбольшых сюрпрызаў для нас стала тое, што ў адпачываючых пасля працяглага пералёту птушак усё яшчэ былі вялікія запасы тлушчу, але іх мускулы значна зменшыліся. Такім чынам, вельмі магчыма, што бялкі – не тлушчы – вызначаюць патэнцыйную адлегласць пералёту птушак” – сказаў Elowe.

Навукоўцы не маюць лагічнага тлумачэння знойдзенага імі фенамену ‘спальвання’ бялкоў у самым пачатку міграцыі птушак і таму нацэльваюцца на далейшае вывучэнне метабалізму сезонных пералётаў.

Крыніца: Elowe С.R. et al. 2023 Long-duration wind tunnel flights reveal exponential declines in protein catabolism over time in short- and long-distance migratory warblers, Proceedings of the National Academy of Sciences (2023). DOI: 10.1073/pnas.2216016120

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак міртавага ляснога певуна Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму

Мышцы пералётных птушак – мара для культурыстаў

Гусі ўзімку змяншаюць метабалізм і тэмпературу цела

Знойдзены розны ўзровень гармонаў на тыя ж змены тэмпературы паветра ў розных асобін таго ж віду птушак

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!

Дробныя птушкі амаль пераграваюцца пад час выкармлівання патомства