Створана сістэма, якая будзе ратаваць арлоў ад сутыкненняў з ветракамі

З самага пачатку масавага выкарыстання ветра для выпрацоўкі  электраэнергіі з дапамогай ветракоў, на іх гінуць і птушкі, і кажаны. Зразумела, што колькасць забітых птушак моцна залежыць ад месцазнаходжання фермы або асобнага ветрака. Але для такіх вялікіх і доўгажывучых птушак, як арлы і арланы, гібель нават адной асобіны можа негатыўна ўздзейнічаць на лакальную папуляцыю. Таму аўтаматычная сістэма, якая магла б без умяшальніцтва чалавека выключаць ветрак пры небяспечным набліжэнні птушак да яе, магла б захаваць шмат птушыных жыццяў. І вось яе прататып створаны і прайшоў паспяховыя выпрабаванні.


Сістэма атрымала назву IdentiFlight і павінна адключаць вятрак калі адзначыць паблізу арла-маркута ці белагаловага арлана. Запрошаныя даследчыкі з  Peregrine Fund, Western EcoSystems Technology і American Wind Wildlife Institute праверылі яе эфектыўнасць з дапамогай сваіх назіральнікаў і фатографаў. 


Атрымалася, што сістэма на адлегласці ў 1 км "убачыла" 96% птушак, адзначаных назіральнікамі, аднак у дадатак да іх камеры змаглі адзначыць на 562% больш птушак, чым абедзве групы назіральнікаў! Зразумела, што IdentiFlight не ідэальная: яна вызначыла як "не арлоў" 9 са 149 арлоў і арланаў (6%) і нават памылілася ў 28% выпадкаў, калі 278 "не арлоў" прызнала за іх з 1013 іншых птушак. 


Аднак для бяспекі птушак было найбольш важным тое, што камеры ў сярэднім за 793 м ад ветрака змаглі убачыць і класіфікаваць адзначаных птушак за прамежак часу меншы, чым 0,5 сек. Калі шлях птушкі мог прывесці яе да гібелі праз сутыкненне з лопасцямі ветрака, сістэма выключала яго на час, неабходны для пралёта арла на бяспечную адлегласць.

Запрошаныя назіральнікі пагадзіліся, што "атрыманыя вынікі сведчаць пра магчымасць эфектыўнага выкарыстання аўтаматычных камер для адзначэння і вызначэння птушак у палёце", а таксама могуць выкарыстоўвацца для падлікаў драпежных птушак пад час міграцыі, у аэрапартах і пад час праверкі розных месцаў на колькасць пралётных птушак для выбару месцаў размяшчэння ветракоў ці іншай небяспечнай для птушак інфраструктуры.

Раней сёлета кампанія Duke, якая была прызнаная віноўнай у гібелі ахоўваемых законам відаў птушак у 2013 годзе і пагадзілася рэалізаваць адпаведную праграму па кампенсацыі прычыненай навакольнаму асяроддзю шкоды, усталявала 25 сістэм IdentiFlight на ветраках свайго праекту Top of the World Windpower у штаце Вайомінг. Такім чынам кампанія стала першым аператарам ветрафермаў, які выкарыстоўвае гэтую тэхналогію каб пазбегнуць сутыкненняў арлоў і арланаў з ветракамі. 

Крыніца:
Christopher J.W. McClure et al. Automated monitoring for birds in flight: Proof of concept with eagles at a wind power facility. Biological Conservation: 224, August 2018, Pages 26-33 https://doi.org/10.1016/j.biocon.2018.04.041

Паводле www.forbes.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж.


На гэтую тэму:

Арлы, спадарожнікі і ветракі

Перамога арлоў і арланаў: суд у ЗША адмяніў “правіла 30 гадоў”

Першы абвінаваўчы прысуд супраць фермы ветракоў

На вятраках гіне ўсё больш птушак і кажаноў

Значная перамога на карысць птушак

Ветраныя турбіны маюць кепскі для прыроды колер?