Кожныя 10 гадоў у Свеце адбываюцца чарговыя Міжнародныя ўлікі белага бусла (Ciconia ciconia) на ўсёй тэрыторыі гнездавання віду: ад Паўночнай Афрыкі і Іберыйскага паўвострава да еўрапейскай часткі Расіі і невялікай азіяцкай папуляцыі. Паводле папярэдніх дадзеных сёлетніх улікаў, у параўнанні з мінулымі, якія адбыліся ў 2014 годзе, у Польшчы колькасць гняздуючых пар зменшылася ажно на 10%.
Улікі ўсіх гнёздаў буслоў, у якіх выгадаваліся птушаняты, а таксама занятых птушкамі і зусім пустых, адбываліся на аснове валантарыяту, у якім ва ўсёй краіне прыняло ўдзел каля 1300 чалавек. Для гэтага яны даследавалі больш за 2500 гмінаў.
Аказалася, што сёлета налічылі прыкладна на 4 тысячы гнездавых пар белага бусла менш, чым у 2014 годзе. Гэта другое запар змяншэнне колькасці віда ў Польшчы пад час правядзення міжнародных улікаў. Тады памер папуляцыі віда зменшыўся з 52 тысяч пар у 2004-м да 45-46 тысяч ў 2014-м. Прычыны негатыўных зменаў для віда разнастайныя, але галоўнымі лічацца змяншэнне плошчы і якасці месцаў палявання белага бусла, іх фрагментацыя, а таксама кліматычныя змены з усё больш працяглымі засухамі ў перыяд гнездавання.
Аднак змены колькасці віда могуць мець супрацьлеглы кірунак нават у суседніх паветах. Так, напрыклад, у Седлецкім павеце сёлета гнездавалі 620 пар буслоў і гэта на 25% больш, чым тут было ў 2014-м, а ў Остраленцкім павеце ў гэтым годзе адзначылі толькі 530 пар і гэта змяншэнне іх колькасці на 25%.
У некаторых краінах Заходняй Еўропы змены колькасці ў апошнія дзесяцігоддзі супрацьлеглыя - там птушак становіцца ўсё больш. Арнітолагі звязваюць гэта, у першую чаргу, з пераходам буслоў на харчаванне нашым смеццем на звалках і на тое, што многія птушкі там перастаюць адлятаць на зімоўку ў Афрыку, а застаюцца зімаваць на звалках Іберыйскага паўвострава.
Першыя міжнародныя ўлікі белага бусла адбыліся яшчэ ў 1934 годзе па ініцыятыве Германіі, а з 1974 году яны праводзяцца рэгулярна, кожныя дзесяць гадоў.
Паводле VIII Międzynarodowy Spis Bociana Białego і Grupa EkoLogiczna падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Польшча ўжо не першая па колькасці белых буслоў?
Распаўсюджанне белага бусла ў Еўропе звязана са знішчэннем лясоў нашымі продкамі
Белыя буслы і наша смецце
Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты
Белыя буслы, якія засталіся ў нас на зіму - ці трэба іх ратаваць?
У Брытаніі ўпершыню за 600 гадоў ізноў загнездавалі белыя буслы
Харчаванне на звалках дапамагае белым буслам павялічыць поспех размнажэння
Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?
Будучыня белых буслоў – наша смецце?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ