Суд у Польшчы: фаерверкі, якія запускаюць паблізу дзікіх жывёл, могуць быць злачынствам

шуляк-карагольчык

Напрыканцы 2023 году ў адным з цэнтраў лячэння і рэабілітацыі дзікіх жывёл на паўднёвым захадзе Польшчы (Fundacja Ośrodek Leczenia i Rehabilitacji Dzikich Zwierząt Puchaczówka) здарылася трагедыя. Там загінулі ад моцнага стрэсу канюх-мышалоў (Buteo buteo), шуляк-карагольчык (Accipiter nisus) і казуля (Capreolus capreolus), якія заканчвалі курс лячэння і рэабілітацыі і ў хуткім часе павінны былі быць выпушчаны ў прыроду.

Адбылося гэтак з-за таго, што група людзей запускала новагоднія фаерверкі ў ноч апошняга дня году паблізу вальер цэнтру. Пра гэты выпадак было паведамлена ў мясцовую пракуратуру як пра здзек над жывёламі. Аднак пракуратура адмовіла пачаць расследаванне, таму што паводзіны, пра якія было паведамлена, “не адпавядаюць крытэрам злачынства”.

Гэтае рашэнне пракуратуры было абскаржана Фундацыяй, інтарэсы якой прадстаўляла адвакатка Karolinа Kuszlewicz, і скарга нядаўна была разгледжана і на мінулым тыдні была падтрымана судом. Суд падкрэсліў, што пракуратура памылілася, адмовіўшы распачаць дасудовае расследаванне. Гэта першае такое рашэнне cуда ў Польшчы, якое прызнае, што ў юрыдычным сэнсе запуск фаерверкаў можа разглядацца як злачныства, а менавіта як здзек над жывёламі.

Karolina Kuszlewicz сказала: Гэтая справа, якую мы вядзем ад імя загінулых казулі, шуляка-крагольчыка і канюха-мышалова з Puchaczówki, тычыцца таксама тысячы іншых жывёл, якія гінуць з-за неадэкватных паводзін нікчэмных людзей. Мы мусім сказаць гэтаму “Досыць!” І гэтае судовае рашэнне хаця і не азначае канец нашага змагання, але з’яўляецца важным крокам для аховы жывёл ад кашмару фаерверкаў”.

Паводле Pracownia na rzecz Wszystkich Istot падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак шуляка-карагольчыка Мікалая Вераб’я

 

На гэтую тэму:

Мільёны птушак безсэнсоўна трацяць энергію з-за навагодніх фаерверкаў

З-за фаерверкаў гусі шукаюць іншае месца начлегу на адлегласці нават да 500 км

Шэрым гусям патрэбна нават да 4 гадзін, каб супакоіцца пасля фаерверкаў

Рыбак і ўладальнік ставу ў Польшчы апынуцца ў турме за забойства вялікіх бакланаў

У Латвіі за знішчэнне гнязда белага бусла віноўны заплаціць 15 тысяч эўра штрафу

Калекцыянер птушыных яек не зможа шкодзіць птушкам бліжэйшыя 10 год

Галубевод за атручванне сокала-падарожніка трапіць у турму