Сучасных птушак менш відаў, чым думалі

Хаця мы даволі часта і рэгулярна паведамляем пра тое, што навукоўцы дзякуючы апісанню раней невядомых ці падвышэнню статусу падвідаў да відаў “павялічваюць” іх колькасць, аднак час ад часу здараюцца і адваротныя рэчы. Калі статус віду зніжаецца да падвіду ці некаторыя віды аб’ядноўваюць у адзін. Ніжэй мы прадстаўляем апошнія рашэнні наконт сістэматыкі сучасных птушак, прынятыя для сусветнага спісу птушак Міжнародным арніталагічным кангрэсам (International Ornithological Congress (IOC) World List). Трэба падкрэсліць,што пакуль яны яшчэ не зацверджаныя іншымі міжнароднымі арніталагічнымі арганізацыямі.


Віетнамскі бажан (Vietnamese Pheasant Lophura hatinhensis) быў выключаны са Спісу з-за таго, што хутчэй за ўсё гэтая форма ёсць гібрыдам паміж бажанам Эдвардса (Edwards's Pheasant L edwardsi) і сярэбраным бажанам (Silver Pheasant L nycthemera). Арыгінальнае апісанне віду было прызнанае неадпаведным. Тым не менш, он-лайн дыскусія на гэтую тэму сярод таксаномаў-арнітолагаў выявіла, што дагэтуль невядомыя ўсе варыацыі афарбоўкі бажана Эдвардса, і што форма, вядомая як hatinhensis можа быць або гібрыдам, або экстрэмальнай афарбоўкай адной з іншых форм, або сапраўдным падвідам. Найменш імаверна, што гэтая форма – гэта гібрыд, аднак яна не адпавядае статусу віду і хутчэй за ўсё павінна быць уключана ў любой з гэтых якасцяў у від "бажан Эдвардса". Таксама вядома, што асобін “віетнамскай” афарбоўкі даставерна не рэгістравалі з 2000 году і яна можа быць вымерлай, таму што ўсе папярэдне вядомыя месцы яе рэгістрацыі цяпер засталіся без лесу. Аднак новы, больш нізкі статус віетнамскага бажана наўрацці дазволіць цяпер паспяхова знайсці грошы на яго пошукі.


Хаця арнітафауна Неатрапічнай зоагеаграфічнай вобласці лічыцца самай “гіпераб’яднанай” у Свеце, выглядае на тое, што арнітолагі часам мусяць уважаць на магчымае залішняе драбленне таксонаў. Артыкул пра падзел чырвонатварай арацінгі Mitred Parakeet Aratinga mitrata, - паўднёваамерыканскага віду папугая – на два віды: арацінгу Гокінга Hocking's Parakeet A hockingi і арацінгу Чэпмэна Chapman's Parakeet A alticola быў апублікаваны яшчэ ў 2006 годзе, і гэтая рэвізія віду падтрымлівалася іншымі аўтарамі нават да 2010 году і нават была адобрана IOC. Аднак Паўднёваамерыканскі камітэт па класіфікацыі (South American Classification Committee (SACC)) вырашыў, што хаця магчыма абедзьве формы заслугоўваюць на статус паўнапраўных відаў, на гэта вядома замала доказаў і таму трэба пачакаць з канчатковым рашэннем да правядзення генетычнай экспертызы.

 
Два паўднёваамерыканскія віды вераб’іных: амерыканская белабрухая леска White-bellied Warbler Basileuterus hypoleucus і золата-каронная амерыканская леска Golden-crowned Warbler B culicivorus – былі зведзеныя ў адзін від і праз SACC, і праз IOC. Гэтае рашэнне было прынятае з-за немагчымасці знайсці дастатковыя генетычныя адрозненні, а таксамам таму, што кожны з “відаў” выкарыстоўвае гукі іншага. Абедзве формы цяпер лічацца відам B. culicivorus, аднак таксанамічнае становішча былога B. hypoleucus застаецца да канца незразумелым – магчыма, гэта толькі каляровая морфа B. culicovorus.


Усходні пінгвін Рокхопера (Eastern Rockhopper Penguin Eudyptes filholi) з субантарктычных астравоў раней быў прызнаны генетычна адасобленым ад Паўднёвага пінгвіна Рокхопера (Southern Rockhopper Penguin E chrysocome) як мінімум у двух нядаўніх артыкулах, аднак некаторыя навукоўцы лічаць, што для надання ім відавога статусу ўсё ж бракуе доказаў.


Грычун з Ухехе (Uhehe Fiscal Lanius marwitzi) цяпер больш не лічыцца заслугоўваючым відавога статусу і зведзены да падвіду ашыйнікавага грычуна L collaris marwitzi, згодна з аргументацыяй, прыведзенай у артыкуле Fuchs et al (2011). Тым не менш, статус многіх грычуноў далёкі ад канчаткова вырашанага і таму варта пачакаць на новыя доказы. І не толькі ў справе грычуноў!


Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак пінгвіна Рокхопера з www.travelwild.com