Дзе гняздуе птушка-прывід – тонкадзюбы кулён?

Тонкадзюбы кулён (Numenius tenuirostris) застаецца адным з тых відаў птушак, які апошнія дзесяцігоддзі балансуе на мяжы прызнання яго афіцыйна зніклым. Колькасць дакументацыйна пацверджаных выпадкаў гнездавання можна пералічыць на пальцах адной рукі. І ўсе яны паходзяць з-пад Омска з мінулага стагоддзя. Таму сапраўдны арэал віда быў і застаецца невядомым. Аднак калі б можна было хаця б пашырыць пошук на патэнцыйныя месцы гнездавання, то гэта магло б дапамагчы знайсці самы загадкавы від кулікоў.

Нядаўняя публікацыя ў часопісе Bird Conservation International (Buchanan et al in press) спрабуе гэта зрабіць, выкарыстоўваючы склад стабільных ізатопаў. Для гэтага каманда  з цэнтру RSPB для Conservation Science выкарыстала аналіз утрымання стабільных ізатопаў у пёрах птушак. Праца гэтая пачалася некалькі гадоў таму, і толькі 2 навукоўца з 5 першапачатковых усё яшчэ працуюць у RSPB.

Даследчыкі выкарысталі скуркі тонкадзюбых кулёнаў з розных музейных калекцый па ўсяму Свету. З-за таго, што першыя маладыя пёры вырастаюць у месцах гнездавання, хімічны ізатопны склад можа даволі дакладна “паказаць” гэтыя месцы геаграфічна. Было вырашана выкарыстоўваць для гэтага працэнтны склад ізатопаў вадароду. Адначасова праводзіліся палявыя экспедыцыі, якія ачольваў Джэф Хілтан  (Geoff Hilton), правяралі пер’е розных відаў кулікоў па ўсёй Расіі і Казахстане. Было сабрана шмат матэрыялу, і ўвесь ён прывязваўся да канкрэтных геаграфічных каардынат.

Суадносіны розных ізатопаў вадароду ў сабраных пёрах і пёрах маладых тонкадзюбых кулёнаў правяраліся Сцівам Бруксам (Steve Brookes) і Янам Біглі  (Ian Begley) з лабараторыі Iso-Analytical у Вялікабрытаніі. Мапы распаўсюджання розных суадносін вадароду па планеце, заснаваныя на назіраннях і экстрапапаляцыі збольшага даступныя шмат гадоў. Дзякуючы сабраным пад час экспедыцый пер’ям і ўжо вядомым суадносінам на мапах быў створаны т.зв. калібровачны пункт, дзякуючы якому і атрымалася прывязаць пер’е маладых тонкадзюбых кулёнаў да геграфічных мясцовасцяў.

Атрыманыя вынікі вельмі здзівілі даследчыкаў – аказалася, што асноўная частка пер’я паходзіла не з рэгіёну вакол Омска, але з больш паўднёвых месцаў лесастэпу Паўночнага Казахстана. І хаця Омск таксама адпавядаў паходжанню невялікай часткі птушак, ён усё ж знаходзіцца на краю арэала віду.

Вядома, што амаль на той жа тэрыторыі ў Паўночным Казахстане “хавалася” нашмат большая, чым меркавалася раней, папуляцыя крэчаткі. Ці магчыма, што недзе тут дагэтуль гняздуюць і тонкадзюбыя кулёны? І хаця ніводная папярэдняя экспедыцыя па пошуку там крэчатак не знайшла тонкадзюбых кулёнаў, гэта зусім не значыць, што іх там няма. Яны не толькі параўнальна цяжка вызначаюцца да віду, але і могуць жыць у іншым, чым крэчаткі, тыпе біятопу.

Любыя кулёны, адзначаныя ў Паўночным Казахстане, павінны быць добра сфатаграфаваныя, бо могуць нарэшце аказацца тымі, якіх некаторыя лічаць зніклым відам.

Паводле www.osme.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.animalsvariety.ru

 

 

На гэтую тэму:

Бёдуотчары шукаюць кулёна, якога ніхто не бачыў з 1999 году

Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!

Танкадзюбы кулён выкрэслены са Спісу птушак Вялікабрытаніі

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

 

Comments

Дзякуй! Больш дасведчаныя калегі кажуць, што гэтыя дадзеныя састарэлі  - пасля атрымання звестак па лакалізацыі ізатопаў там ужо шукалі кулёнаў але нічога не знайшлі... (

А сам метад працуе - менавіта так некалькі гадоў таму знайшлі асноўныя месцы зімоўкі вяртлявай чаротаўкі = вертлявой камышевки ў Заходняй Афрыцы.