Пасля таго, як мінула амаль 40 гадоў з часу апошняй пацверджанай рэгістрацыі віду ў Гішпаніі, звычайная трохпёрстка (Turnix sylvaticus) афіцыйна прызнаная наступным, пасля бяскрылай гагаркі (Pinguinus impennis), відам птушак, які знік у Еўропе. Аднак, у адрозненне ад гагаркі, існуюць іншыя папуляцыі віду па-за нашым кантынентам і застаецца надзея на яго рэінтрадукцыю.
Звычайная трохпёрстка, якая знешне і паводле экалагічных упадабанняў найбольш нагадвае перапёлак (але не звязаная з імі агульным паходжаннем), цяпер афіцыйна прызнаная Урадам Гішпаніі зніклым відам. Усе спробы знайсці трохпёрстак на поўдні краіны, прадпрынятыя ў апошнія 20 гадоў, скончыліся без поспеху. Апошняе назіранне віду, якое прызнаецца афіцыйна, было зроблена ў 1981 годзе недалёка ад нацыянальнага парку Doñana. Больш познія рэгістрацыі – зробленыя ў пачатку нашага стагоддзя, ў асноўным, па голасу, прызнаныя недастаткова пэўнымі.
Невялічкая папуляцыя таго ж намінальнага падвіду, які жыў у Еўропе, не так даўно, у 2011 годзе, была знойдзена на ўзбярэжжы Марока. А гэта азначае, што хаця від (у выглядзе іншых падвідаў) параўнальна шырока прадстаўлены ў розных краінах Афрыкі і Азіі, птушкі з Марока застаюцца адзінымі нешматлікімі прадстаўнікамі віду ў нашым зоагеаграфічным рэгіёне Заходняй Палеарктыкі. Іншыя, ізаліраваныя адна ад адной папуляцыі звычайнай трохпёрсткі на нашым кантыненце, зніклі на Сіцыліі яшчэ ў 1920-я гады, а ў Партугаліі – у 1970-я.
Арнітолагі з біялагічнай станцыі Doñana на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў інтэнсіўна шукалі магчымых пазасталых там птушак пры падтрымцы рэгіянальнага ураду Андалузіі і з дапамогай шматлікіх валанцёраў і лакальных НДА (напрыклад, Colectivo Ornitológico Cigüeña Negra). Пасля таго, як ніякіх пазітыўных вынікаў не было атрымана, было вырашана абвесціць звычайную трохпёрстку зніклым у Гішпаніі відам. Адпаведны сумны статус від атрымаў і для ўсёй Еўропы.
Вельмі магчыма, што гэты статус адкрывае цяпер большыя магчымасці для рэінтрадукцыі віду. Але рэінтрадукцыя ў Гішпаніі магчыма толькі птушак намінальнага падвіду, якія засталіся яшчэ ў Марока. Тым не менш, гэта застаецца пакуль што маларэальным, таму што паводле апошняга падліку, праведзенага ў 2014 годзе, мараканская папуляцыя застаецца невялікай і працягвае змяншаць сваю колькасць. Акрамя гэтага, адзін з мясцовых заапаркаў - Zoobotanico Jerez – абвесціў, што від паспяхова размнажаецца ў няволі і ў 2008 годзе там былі выгадаваныя 40 птушак.
У спіс афіцыйна зніклых у Гішпаніі відаў таксама трапілі арабок (Tetrastes bonasia), цецярук (Tetrao tetrix), курапатка-кеклік (Alectoris graeca) і стэпавы журавель (Anthropoides virgo). У пералік відаў, якія яшчэ магчыма сустрэць у краіне, але якія перасталі там размнажацца, дадаліся арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla), шэры журавель (G. grus) і міжземнаморскі сокал (Falco biarmicus).
З сярэдзіны 1990-х вядомыя апошнія пацверджаныя назіранні тонкадзюбага кулёна (Numenius tenuirostris), да таго ж пошукі віду ў магчымых месцах гнездавання ў Казахстане не далі пазітыўных вынікаў. Таму хутчэй за ўсё гэты від ў бліжэйшыя гады далучыць да спісу зніклых. Але не толькі ў Еўропе, - як звычайная трохпёрстка, але і на Зямлі – як бяскрылая гагарка.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.sv.m.wikipedia.org
На гэтую тэму:
Дзесяць астраўных відаў птушак, якіх мы страцілі назаўсёды
Бажан Эдвардса вернецца ў прыроду
Дзе гняздуе птушка-прывід – тонкадзюбы кулён?
Бёдуотчары шукаюць кулёна, якога ніхто не бачыў з 1999 году
Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!
Малы грычун знікне ў Краіне Баскаў ужо ў бліжэйшыя гады?
Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.
Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету
Хваля знікненняў вынішчае поле для эвалюцыі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ