Японскі бакас і кулічыныя рэкорды

Японскія бакасы (Gallinago hardwickii) гняздуюць на Японскіх астравах і на Далёкім Усходзе Расіі, а а зімуюць у Аўстраліі. Дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву арнітолагаў, прыродаахоўных арганізацый і мясцовых жыхароў з Японіі і Аўстраліі, атрымалася больш даведацца пра міграцыі віда і месцы зімоўкі, што можа значна дапамагчы ў яго ахове.

У 2016 годзе навукоўцы пачалі змяшчаць на бакасах геалакатары. Аказалася, што птушкі ў пачатку мая вяртаюцца з месцаў зімоўкі ў Аўстраліі на востраў Хакайда (Японія). Пасля гнездавання, у пачатку жніўня, бакасы, як і іншыя віды кулікоў, якія выкарыстоўваюць для міграцыі ўсходній азіяцка-аўстралійскі пралётны шлях, без пасадак ляцяць на месцы зімоўкі ў Аўстралію над Ціхім акіянам, звычайна пераадольваючы адлегласць каля 7 тысяч км за пяць сутак.

Дагэтуль самай хуткай аказалася самка з каляровым кальцом T0, якую атрымалася злавіць яшчэ раз, каб спампаваць дадзеныя з геалакатара аб яе пералётах амаль праз год пасля таго, як птушка атрымала прыстасаванне для адсочвання перамяшчэнняў у штаце Queensland і амаль у тым самым месцы. Яна за трое сутак праляцела тыя ж прыкладна 7 тысяч км і прызямлілася ўжо ў Аўстраліі, на паўднёвым усходзе штату Queensland. Такім чынам, яе сярэдняя хуткасць палёту склала больш за 97 км у гадзіну, што хутчэй за ўсё немагчыма без моцных спадарожных вятроў прынамсі на большай частцы маршруту.

Пад час праведзеных на месцах зімоўкі віда ў Аўстраліі ўлікаў, 95% бакасаў былі адзначаныя на забалочаных тэрыторыях ці балотах унутры гарадоў, што зусім не аблягчае задачу аховы віда пад час зімовак, бо менавіта гарадзкія забалочаныя тэрыторыі найчасцей знікаюць пад час разбудоваў жылля і інфраструктуры для людзей. Цікава, што месцы, якія бакасы выкарыстоўаюць удзень і ўначы (калі харчуюцца), звычайна адрозніваюцца не толькі месцараспалажэннем, але і характэрнымі асаблівасцямі. Але месцы днёўкі і харчавання звычайна знаходзяцца недалёка адно аднаго і бакасы часта вяртаюцца на іх раз за разам на працягу ўсёй зімоўкі.

Дзякуючы таму, што абедзве краіны яшчэ ў 1981 г. падпісалі пагадненне наконт аховы пералётных птушак (Japan-Australia Migratory Bird Agreement), паляванне на японскіх бакасаў і летам, і зімой было забаронена. Аднак далейшыя трансфармацыі і асушэнне забалочаных тэрыторый і балот у абедзьвюх краінах не дазваляе ахоўнікам прыроды і навукоўцам  супакоіцца.

Паводле www.cerdi.edu.au  і www.downtoearth.org.in  (здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!

ДУБАЛЬТЫ ПАД ЧАС МІГРАЦЫІ МОГУЦЬ ЛЯЦЕЦЬ НА ВЫШЫНІ АД 6 ДА АМАЛЬ 9 КМ!

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый

АРКТЫЧНЫЯ ПЯСОЧНІКІ “ДЗЕЛЯ СЭКСУ” НЕ ХОЧУЦЬ СПАЦЬ І ГАТОВЫ ПРАЛЯЦЕЦЬ 13 ТЫСЯЧ ДАДАТКОВЫХ КІЛАМЕТРАЎ + VIDEO

Некаторыя палявыя падкаменкі вандруюць яшчэ далей, чым меркавалася

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, У ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

САМЫ ЗНАКАМІТЫ КУЛІК “НАЛЯТАЎ” УЖО 400 ТЫСЯЧ КМ !