Самкі з розных папуляцый аддаюць перавагу самцам з рознымі асаблівасцямі афарбоўкі

Для самак жоўтагорлых пявуноў (Geothlypis trichas) прыгажосць самцоў не толькі суб’ектыўная і візуальная катэгорыя, таму што як мінімум некаторыя знешнія рысы афарбоўкі апошніх з’яўляюцца сігналамі выдатных фізічных якасцяў патэнцыйных партнёраў, якія замацаваныя генетычна. Гэта могуць быць, напрыклад, выдатная імунная сістэма ці адпорнасць да стрэсаў.

Канкрэтная ўзаемасувязь асаблівасцяў афарбоўкі самцоў з іх фізічнымі якасцямі да гэтага часу заставалася незразумелай, асабліва калі самкі з розных геграфічных папуляцый віду аддавалі перавагу самцам з рознай афарбоўкай.

У папярэдніх даследаваннях, якія дзве каманды навукоўцаў, з University of Wisconsin-Milwaukee і з Skidmore College (ЗША), праводзілі апошнія два дзесяцігоддзі, было паказана, што розныя асаблівасці арнаментацыі самцоў жоўтагорлага певуна звязаны з тым самым комплексам генаў (ці супергенам), які таксама павялічвае выжывальнасць патомства.

Peter Dunn і Linda Whittingham з UW-Milwaukee даследавалі самцам з якой асаблівасцю афарбоўкі аддаюць перавагу самкі ў штаце Уісконсін, а ў сваю чаргу Corey Freeman-Gallant з калегамі са Skidmore College вывучала гэта для спевуноў у штаце Нью Йорк.

"Мы знайшлі, што асаблівасці арнаментацыі, самцам з якімі аддаюць перавагу самкі на кожнай з нашых тэрыторый, не супадаюць” – сказаў праф. Dunn, "хаця абедзве гэтыя арнаментацыі былі ў самцоў у абодвух месцах, якія мы вывучалі”. Так, самкі з Уісконсіна больш ахвотна выбіралі ў партнёры самцоў з чорнай маскай, якая выходзіла за вочы, тады як самкі з Нью Йорку аддавалі перавагу самцам з вялікім жоўтым “слюняўчыкам”.

Каб лепш зразумець гэтыя выбары самак, даследчыкі выкарысталі магчымасці па генетычнаму мапаванню, якія з’явіліся толькі ў апошнія гады. І дзякуючы гэтаму знайшлі, што хаця гэтыя асаблівасці афарбоўкі апярэння самцоў выклікаюць розныя пігменты, гены, адказныя за іх праяўленне аказваюцца таксама звязаныя з цэлым шэрагам іншых, якія адказваюць за перавагі, якія аблягчаюць выжыванне самца і яго патомства.

Хаця знаходка не дае адказу на тое, чаму самкі маюць розныя ўпадабанні да афарбоўкі пер’я самцоў у розных мясцовасцях, аднак яна тлумачыць магчымыя перавагі гэтага для натуральнага адбору. Справа ў тым, што калі добрымі індыкатарамі генетычнай якасці самцоў служыць больш, чым адна знешняя рыса, гэта дае магчымасць самкам патэнцыйна працягваць выбіраць самцоў на аснове ўзаемасувязяў, якія будуць існаваць паміж афарбоўкай і адпаведным генатыпам нават калі знешнія ўмовы значна зменяцца.

На сённяшні дзень вядома вельмі мала даследаванняў, у якіх атрымалася знайсці розныя ўпадабанні самак да знешніх асаблівасцяў самцоў з розных папуляцый. Так, вядома падобная праца для аднаго з відаў ластавак, у якіх самкі аддаюць перавагу доўгім хвастам самцоў у адной папуляцыі, але карычневатым жыватам самцоў у іншай. Яшчэ менш публікацый, якія б знайшлі (ці ўвогуле даследавалі б) гэтую з’яву на генетычным узроўні.

"У нашай працы мы не толькі знайшлі якія дакладна гены адказваюць за асаблівасці афарбоўкі ў самцоў, але і паказалі, што блізкія гены адказваюць за розную арнаментацыю ў розных папуляцыях” – сказаў Dunn. "Гэта дазваляе нам лепш зразумець некаторыя функцыі афарбоўкі”.

Хаця ўжо няма сумненняў, што асаблівасці афарбоўкі самцоў выкарыстоўваюцца самкамі пад час выбару партнёра, хутчэй за ўсё гэта не адзіная іх “сацыяльная” функцыя. Па словах праф. Dunn’а, яны могуць таксама выкарыстоўвацца ў сутыкненнях паміж самцамі.


Крыніца: Nicholas Sly et al. Molecular parallelism in signaling function across different sexually selected ornaments in a warbler, Proceedings of the National Academy of Sciences (2022). DOI: 10.1073/pnas.2120482119

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Самкі птушак пад час выбару партнёра пераборлівыя, але вынаходлівыя

Белыя шчокі азначаюць здаровую сініцу

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Разумнейшыя самцы ў калібры дамінуюць над мацнейшымі ці буйнейшымі

У марозныя ночы самцы сініц не змяншаюць тэмпературу цела – у адрозненне ад самак

Бойкія самцы птушак хутчэй знаходзяць сабе партнёрак і праводзяць з імі больш часу

"Фальшывая карона" можа падмануць толькі незнаёмых