Больш палахлівыя самцы альбатросаў ‘выбіраюць развод’ замест канфрантацыі

Большасць альбатросаў ствараюць пары на ўсё жыццё, аднак больш палахлівыя і спакойныя самцы, якія пазбягаюць канфрантацый, маюць вялікія шанцы быць кінутымі партнёркай. Навукоўцы, якія знайшлі гэтую заканамернасць, кажуць, што ўпершыню ў дзікіх жывёл атрымалася звязаць асабовыя якасці з імавернасцю ‘развода’ партнёраў. 

Вандроўныя альбатросы (Diomedea exulans), якія лятаюць у пошуках ежы на вялізарныя адлегласці над акіянамі ў Паўднёвым паўшар’і, маюць самы вялікі сярод сучасных птушак размах крылаў (каля трох метраў) і з’яўляюцца аднымі з найбольш манагамных відаў жывёл.

Альбатросы могуць жыць больш 50 гадоў і звычайна рэгулярна, праз год, сустракаюцца з тым самым партнёрам для размнажэння. ‘Развод’, ці змена партнёра, адбываецца параўнальна рэдка, у сярэднім у 13% выпадкаў. Як і ў іншых відаў птушак, імавернасць разводу павялічваецца ў пар з непаспяховым размнажэннем. Каб больш даведацца пра іншыя магчымыя прычыны змены партнёра, даследчыкі выкарысталі для гэтага вялізарную базу дадзеных.

З 1959 г. навукоўцы назіраюць за калоніяй вандроўных альбатросаў на востраве Possession, які знаходзіцца ў архіпелагу Crozet у паўднёвай частцы Індыйскага акіяну. “Кожную птушку мы стараемся акальцаваць стальным кальцом з унікальным нумарам” – кажа Stephanie Jenouvrier, сааўтарка публікацыі па выніках даследавання. “З-за таго, што альбатросы не вельмі палахлівыя, звычайна мы павольна набліжаемся да птушак на гнёздах і можам прачытаць нумар кальца. Дзякуючы гэтаму, мы маем магчымасць зразумець жыццёвыя гісторыі мноства птушак”.

"Альбатросы гняздуюць праз год з-за таго, што выгадаваць птушанё ў іх займае цэлы год” – сказаў Ruijiao Sun, аспірант Woods Hole Oceanographic Institution (ЗША) і галоўны аўтар публікацыі. “Гэта патрабуе вялікіх энергетычных коштаў, таму птушкі адпачываюць пасля сезону гнездавання наступныя 12 месяцаў і не праводзяць гэты час разам”.

На працягу больш, чым дзесяцігоддзя, навукоўцы правяралі смеласць амаль 2 тысяч альбатросаў калі набліжаліся да іх гнёздаў. Параўноўваючы гэтыя дадзеныя пра паводзіны птушак і дадзеныя пра пастаяннага партнёра ці яго змену ў наступным сезоне, даследчыкі знайшлі, што ў больш палахлівых самцоў імавернасць змены самкі павялічваецца ў два разы ў параўнанні да больш смелых самцоў, аднак для самак гэтыя паказчыкі не адрозніваліся.

У вандроўных альбатросаў ёсць адмысловы рытуал для пацверджання выбару партнёра, калі дарослыя птушкі раскрываюць крылы на месцы будучага гнязда, гучна крычаць і таньчаць вакол яго. Часам, пад час гэтага прадстаўлення, іншы самец укліньваецца паміж патэнцыйнымі ці былымі партнёрамі і ў падобнай сытуацыі больш палахлівыя самцы пазбягаюць канфрантацыі і вымушана пагаджаюцца ‘на развод’.

Тым не менш, даследчыкі пералічваюць і іншыя прычыны, якія павялічваюць долю ‘разводаў’ у альбатросаў. З-за таго, што самкі часцей харчуюцца ў раёнах акіяну з больш інтэнсіўным прамысловым рыбалоўствам, іх гіне больш, чым самцоў і таму доля дарослых самцоў у папуляцыі большая за долю дарослых самак. Таму самкам нашмат лягчэй знайсці новага партнёра, чым самцам – новую партнёрку. Часам гэты працэс займае для адзінокіх самцоў больш 4 гадоў.

Таксама "птушкі, якія параўнальна даўно стварылі сям’ю, ‘развядуцца’ са значна меншай імавернасцю ў параўнанні з новастворанымі парамі” – сказала Jenouvrier.

Нядаўна было апублікаваныя вынікі іншага даследавання аб тым, што пацяпленне клімату таксама спрыяе павелічэнню долі ‘разводаў’ у альбатросаў.

Крыніца: Ruijiao Sun et al, Boldness predicts divorce rates in wandering albatrosses (Diomedea exulans), Biology Letters (2022). DOI: 10.1098/rsbl.2022.0301

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Доля ‘разводаў’ у альбатросаў павялічваецца пры пацяпленні паверхні акіянаў

У самай старай дзікай птушкі ізноў вылупілася птушаня!

Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання

Інфрагукі могуць быць вельмі важнымі для навігацыі марскіх птушак

Кантрастна афарбаваныя махавыя дапамагаюць птушкам у палёце

Свет навокал вачыма альбатроса

Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё